Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці даступная ў Беларусі адукацыя?


Іна Студзінская, Менск Cёньня Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў апублікавала справаздачу, якую падрыхтаваў ЮНІСЭФ “Адукацыя: адным больш, адным менш?”. Рэгіянальныя дасьледаваньні ў галіне адукацыі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе і краінах СНД”.

Гэтае дасьледаваньне — працяг дакладу ААН 1998 году “Адукацыя для ўсіх?”.

Тады адзначалася, што з пачатку пераходнага пэрыяду (з канца 1980-х гадоў) ва ўсім рэгіёне адбыўся заўважны рост няроўнасьці ў аб’ёме і якасьці адукацыі”. Для вырашэньня гэтых праблемаў прапаноўваліся “Дванаццаць крокаў на шляху адукацыі для ўсіх”.

У новым дасьледаваньні разглядаюцца два асноўныя пытаньні: у якой ступені захоўваюцца тэндэнцыі да росту няроўнасьці ў галіне адукацыі, і ці рэалізаваныя “Дванаццаць крокаў на шляху адукацыі для ўсіх”.

Як рыхтуюцца такія справаздачы, тлумачыць каардынатарка фонду ЮНІСЭФ у Беларусі Натальля Муфаль:

“Звычайна гэта статыстычныя зьвесткі, дасьледаваньні, якія праводзіліся офісамі ЮНІСЭФ, ЮНЭСКО ў краіне, зьвесткі дзяржаўнай статыстыкі — усё разам. І адначасова дасылаецца запыт на адпаведныя дзяржаўныя органы (у гэтым выпадку гэта ў Міністэрства адукацыі). І потым адмыслоўцы ў рэгіянальным офісе аналізуюць усе зьвесткі й пішуць афіцыйную справаздачу”.

Прычым, выкарыстоўваецца афіцыйная статыстыка, апублікаваныя зьвесткі, вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў сур’ёзных цэнтраў і інстытутаў.

Што да Беларусі, першая праблема (няроўнасьць у галіне адукацыі) тут зусім неактуальная. У Беларусі вельмі высокі каэфіцыент наведваньня дзіцячых навучальных установаў, кажа каардынатарка фонду ЮНІСЭФ у Беларусі Натальля Муфаль:

“У Беларусі ўзровень дашкольнай адукацыі — 82%, рэдка якая краіна мае такі паказчык. Ёсьць палажэньне, што ўсе дзеці-пяцігодкі павінны быць ахопленыя дашкольнай адукацыяй. Усе дзеці заканчваюць школу — у Беларусі абавязковая сярэдняя адукацыя.

Але ў такой справаздачы дасьледуюцца паказчыкі, якія ня тычацца якасьці адукацыі. Яны тычацца ахопу й даступнасьці адукацыі. А на гэтым роўні ў Беларусі сапраўды ўсё вельмі добра”.

Дарэчы, у новай справаздачы адзначаецца, што “на пачатку пераходнага пэрыяду (1989 год) толькі адна краіна, Беларусь, мела каэфіцыент ахопу вышэйшай адукацыяй больш за 30%”.

Цяпер гэты паказчык яшчэ вышэйшы — больш за 40% (да гэтага паказчыку наблізіліся Казахстан, Расея, Украіна, Чэхія). Для параўнаньня: найгоршая сытуацыя ва Ўзбэкістане (8%) і Туркмэністане (3%).

Што да дзяржаўных выдаткаў на адукацыю, Беларусь знаходзіцца пасярэдзіне табліцы — 5,4% зь дзяржбюджэту краіны ідзе на адукацыю.

Для параўнаньня: значна вышэйшы гэты паказчык ва Ўзбэкістане — 9% (дзе сытуацыя вельмі трывожная), самыя нізкія паказчыкі ў Армэніі й Таджыкістане — 2,5%.
XS
SM
MD
LG