Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: яшчэ адзін палітвязень


Радыё Свабода, Гомель Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Марына Дамненка пастанавіла арыштаваць на трое сутак рэгіянальнага каардынатара аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Канстанціна Жукоўскага. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Паводле пісьмовай заявы супрацоўнікаў мясцовай тэлерадыёкампаніі “Гомель”, спадар Жукоўскі “сарваў працу” тэлекампаніі. Супрацоўнік міліцыі засьведчыў, што Жукоўскі размаўляў “на павышаных танах і, акрамя таго, на беларускай мове”.

18 верасьня Канстанцін Жукоўскі прыйшоў у офіс тэлерадыёкампаніі “Гомель”, каб паскардзіцца на неаб’ектыўнае асьвятленьне падзеяў, якія адбываюцца ў горадзе.

У прыватнасьці, на тое, што тэлебачаньне не асьвятляе належным чынам рэпрэсіяў супраць мясцовых актывістаў.

Цэнтральны суд, які знаходзіцца побач з тэлерадыёкампаніяй, пакараў арыштамі на падставе надуманых абвінавачваньняў міліцыі моладзевых актывістаў Зьмітра Жалезьнічэнку й Андрэя Цянюту.

Паколькі кнігі заўваг і прапановаў Канстанціну Жукоўскаму не далі, ён выклікаў міліцыю, каб яна прымусіла супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі выконваць заканадаўства і, у прыватнасьці, дырэктыву кіраўніка дзяржавы пра дэбюракратызацыю дзяржапарату.

Аднак выклік міліцыі скончыўся адміністрацыйнай справай супраць самаго Жукоўскага.

Кастусь працуе ў Гомелі таксоўшчыкам. 20 верасьня па тэлефоне яму паступіў выклік кліента з вуліцы Сялянская, 42, дзе разьмешчаны Цэнтральны райаддзел унутраных справаў. Калі спадар Жукоўскі прыехаў на выклік, міліцыянты затрымалі яго і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А сёньня суд замацаваў ягонае затрыманьне трохдзённым арыштам.

Напачатку верасьня спадар Жукоўскі адбываў пяцісуткавы арышт — нібыта за “нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы”.
XS
SM
MD
LG