Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Івашкевіч: “Няма нікога, хто б выступіў супраць правядзеньня “Эўрапейскага маршу”


Любоў Лунёва, Менск Лідэры палітычных партыяў заявілі сёньня падчас прэсавай канфэрэнцыі, што зрабілі ўсе неабходныя захады, каб правесьці “Эўрапейскі марш” 14 кастрычніка. Яны разьлічваюць, што апроч іншых удзельнікаў, на акцыю прыйдуць тыя некалькі тысяч чалавек, якія летась 19 сакавіка выйшлі на Кастрычніцкую плошчу.

На прэсавай канфэрэнцыі лідэры палітычных партыяў расказалі пра падрыхтоўку да “Эўрапейскага маршу” ды іншыя восеньскія мерапрыемствы апазыцыі.

На 30 верасьня заплянавалі 450 пікетаў у шасьцідзесяці гарадах Беларусі — будуць пратэставаць супраць сацыяльнай палітыкі ў краіне.

Гэтым разам заяўнікі акцыяў патрабуюць ад чыноўнікаў абгрунтаваных адказаў, калі пікеты не дазволяць. Лідэры партыяў заявілі, што пікеты ўсё роўна адбудуцца — у іншых легальных формах.

Гаворыць лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін:

“Тое, што мы жадалі, мы правядзем. Адна рэч — блякаваць адзін ці два пікеты ў Менску, але блякаваць сто пікетаў... Ну, паглядзім, як гэта будзе ўлада рабіць. Будуць іх у дварах лавіць, ці каля пад’ездаў затрымліваць і потым казаць, што тыя лаяліся і размахвалі рукамі. Мы арсэнал дзеяньня ўладаў таксама добра вывучылі, і ўсё будзе відаць”.

Ад сёньняшняга дня ідзе збор подпісаў супраць скасаваньня льготаў. Подпісы перададуць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2 кастрычніка.

У Менгарвыканкаме знаходзіцца заяўка на правядзеньне сацыяльнага маршу 4 лістапада.

Аргкамітэт у падрыхтоўцы “Эўрапейскага маршу” зьвярнуўся да праваабарончых арганізацыяў, каб тыя падрыхтавалі людзям памяткі пра тое, як сябе паводзіць, калі выклікалі на размову ў КДБ. Гэта зроблена ў адказ на дзясяткі выклікаў у КДБ рэгіянальных актывістаў і пагрозы крымінальнага перасьледу за ўдзел у акцыі.

Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Усе гэтыя запалохваньні моладзі, усе гэтыя прэвэнтыўныя акцыі, яны аўтаматычна паказваюць эўрапейскай і ўсясьветнай дэмакратычнай думцы, што ў Беларусі ніякіх дэмакратычных зрухаў няма, нічога не мяняецца. Гэта вельмі небясьпечна для нашай геапалітычнай сытуацыі й незалежнасьці.

Я скажу ад імя Партыі БНФ. Мы інструктуем нашых людзей, як сябе паводзіць. Спадзяюся, што гэтыя інструкцыі калі карысныя ім. Таму што юрыдычна неаформленае запалохваньне, як правіла, не праходзіць”.

Лідэры партыяў галоўнай мэтай акцыі лічаць давядзеньне да ведама грамадзкасьці дванаццаці ўмоваў Эўракамісіі.

Яны лічаць, што калі “Эўрапейскі марш” разгоняць і ўчыняць рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыі, амбасадары эўрапейскіх краінаў будуць мець падставы накіраваць пратэсты ў МЗС Беларусі — з нагоды непрыхільнага стаўленьня да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Менск, 21.09.2007. Прэсавая канфэрэнцыя лідэраў палітычных партыяў: Івашкевіч, Вячорка, Лябедзька, Калякін

• Ю.Хадыка: “Мы спадзяемся на саступкі з боку ўладаў...”, 20.09.2007 • Ініцыятары Эўрапейскага маршу парвалі партрэт У.Пуціна, 28.08.2007
XS
SM
MD
LG