Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіць асоба Кандрусевіча міжканфэсійныя дачыненьні?


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў Ватыкане папа рымскі Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, былога кіраўніка каталіцкай эпархіі ў Маскве, на пасаду кіраўніка Менска-Магілёўскай дыяцэзіі. Колішнюю пасаду Тадэвуша Кандрусевіча заняў італьянец Паола Пэццы. Новыя прызначэньні выклікалі першую рэакцыю ў каталіцкім сьвеце.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся ў Беларусі ў 1946 годзе. Менавіта тут у 1988-м ён пачаў сваю біскупскую дзейнасьць. Ад 1991-га да апошняга часу служыў у Маскве.

Камэнтуючы новае прызначэньне Кандрусевіча, кіраўнік беларускай службы Радыё “Ватыкан” айцец Кляўдзі кажа “Свабодзе”:

“Маё меркаваньне: арцыбіскуп Кандрусевіч крыху перажывае ў зьвязку з гэтым. Ён 16 гадоў служыў у Расеі й ня ўсё пасьпеў зрабіць. Ён мусіў аднавіць структуры царквы, усе камісіі й гэтак далей.

Пад кіраўніцтвам Кандрусевіча выйшла больш за шэсьцьсот кніг па каталіцкай тэматыцы на расейскай мове. Але, відавочна, у яго былі праблемы ў дыялёгу з РПЦ.

Кандрусевіч кажа, што гатовы перайсьці на другую катэдру — у беларускую каталіцкую царкву. Ён падкрэсьлівае, што сіла сьвятароў у паслушэнстве. Ён падкрэсьлівае, што паводле паслушэнства паедзе ў Менск зь вялікай радасьцю”.

У каталіцкім сьвеце не выключаюць, што прызначэньне Тадэвуша Кандрусевіча істотна паўплывае і на праваслаўна-каталіцкія дачыненьні і ў Беларусі.

Лічыцца, што дагэтуль ў беларускіх каталікоў не было такой яркай асобы, якую можна было б рэальна параўнаць з мітрапалітам Філарэтам.

Гэта можа падштурхнуць народ, збольшага нерэлігійны, зацікавіцца каталіцтвам.

Прадстаўнікі каталіцкага сьвету адзначаюць, што ў любым выпадку арцыбіскупа Кандрусевіча чакае сур’ёзнае выпрабаваньне ў Беларусі. Многае будзе залежаць ад здольнасьці спалучыць сумленьне пастара з розумам царкоўнага палітыка.

Арцыбіскуп Кандрусевіч неаднойчы ўдзельнічаў у рэлігійных праграмах Радыё Свабода. У адной зь іх ён сказаў, што лічыць шлях былога савецкага чалавека да веры дастаткова складаным:

“Калі цягам 70 гадоў не было нічога, людзі поўнасьцю адзвычаіліся ад Царквы, адзвычаіліся маліцца, калі ўсё за іх вырашалі й думалі іншыя... Напэўна, ёсьць людзі зь вельмі глыбокай верай. Многія вытрывалі, многія аддалі жыцьцё за веру, але ў асноўным вера вельмі павярхоўная”.

Паводле Кандрусевіча, шчыра верыць — “гэта ня так лёгка. Гэта доўгі працэс”.

П. Рудкоўскі: “Ад улады найбольш церпяць нефармальныя рэлігійныя ініцыятывы”, 18.09.2007 Віцэ-прэм''ер Касінец: Сьвятарамі павінны быць выхадцы з Беларусі”, 19.09.2007
XS
SM
MD
LG