Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Плошча” Хашчавацкага – у Вашынгтоне


Радыё Свабода У Вашынгтоне, ў офісе Міжнароднага рэспубліканскага інстытуту (IRI) адбыўся паказ фільму Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, прысьвечанага падзеям вясны 2006 году, калі моладзевыя актывісты ў знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў стварылі намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Аўдыторыя гледачоў гэтым разам складалася з амэрыканскіх палітыкаў, палітолягаў і журналістаў, якія цікавяцца палітычнымі працэсамі ў Беларусі. Мы патэлефанавалі Юрыю Хашчавацкаму ў Вашынгтон.

Хашчавацкі: “Я бачыў непадробную цікавасьць. Вельмі ўважліва глядзелі фільм, вельмі добра рэагавалі. Сьмяяліся там, дзе трэба... Рэакцыя была чалавечая і вельмі добрая. Фільм спадабаўся. Гэты прагляд арганізавала літоўскае МЗС, і літоўскі бок прывёз даволі шмат копіяў гэтай карціны на дысках, але іх не хапіла. Іх імгненна расхапілі, і нават прыйшлося рабіць дадатковыя копіі на кампутары. Мы зрабілі іх даволі шмат, але ўсё роўна не хапіла”.

Пасьля прагляду фільму Юры Хашчавацкі адказваў на пытаньні гледачоў.

Хашчавацкі: “Былі вельмі важныя і пытаньні, і размовы. Мне падаецца, што гэта былі дастаткова глыбокія пытаньні і глыбінныя спробы зразумець сытуацыю правільным чынам. Я сказаў, што паколькі я не палітык, дык не магу ацэньваць дзеяньні палітычных партый. Я ведаю нашых лідэраў партыйных, гэта дастойныя людзі, але навошта мы чакаем ад іх абсалютнага аднадумства? Гэта ж не КПСС! Гэта розныя партыі, паміж імі існуюць дыскусіі, спрэчкі і гэтак далей. Але я асабіста сваю мэту бачу ў тым, каб дапамагчы ім усім у галоўных пытаньнях для Беларусі. Гэта - Незалежнасьць і сувэрэнітэт, гэта -- безумоўная павага правоў і свабодаў асобы, і гэта абапіраньне на сваю культуру, на сваю гісторыю, на сваю мову. Мне здаецца, што нашы партыйныя лідэры гэтыя мэты абсалютна ўспрымаюць, і гэта -- вельмі важна”.
XS
SM
MD
LG