Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Пуціцкі: “Гэта камандзіроўка, нібы ў Шушанскім... Я ў ссылцы”


Юрась Бушлякоў, Прага Госьць “Начной Свабоды” – старшыня Рэчыцкай суполкі партыі БНФ Валер Пуціцкі.

Бушлякоў: “Вы цяпер знаходзіцеся ў Жыткавічах. Гэта – камандзіроўка?”

Пуціцкі: “Гэта такая камандзіроўка, нібыта ў Шушанскім. Зь мяне хочуць зрабіць Леніна... Я ў ссылцы”.

“Вырашылі, што я ня сельскі жыхар, дык мне ня трэба і "Дажынкі"

Бушлякоў: “У Рэчыцы чакаецца ў гэтыя выходныя сьвята "Дажынкі", а вас камандзіравалі з роднага гораду... Нейкая працоўная неабходнасьць гэтага была?

Пуціцкі: “Магчыма, і была... Я працую зь 1 жніўня, гэта мая першая камандзіроўка. Але думаю, што неабходнасьці не было, бо ня я ж адзін зьехаў з Рэчыцы...”

Бушлякоў: “Вы не шкадуеце, што ня будзеце ў Рэчыцы падчас "Дажынак"?”

Пуціцкі: “Ня ведаю... Відаць, вырашылі, што я ня сельскі жыхар, а гараджанін, таму я не зажынаў, дык мне ня трэба і "Дажынкі".

Бушлякоў: “Учора ў камандзіроўкі адправілі яшчэ двух вашых паплечнікаў, сяброў БНФ з Рэчыцы Аляксандра Ганчарэнку і Кастуся Кузьняцова. Выглядае, што якраз сяброў вашай партыі ўлады лічаць найвялікшаю небясьпекай у сытуацыі, калі чакаецца прыезд у горад найвышэйшага кіраўніцтва краіны?”

Пуціцкі: “Відаць, так, баяцца – толькі што б мы там зрабілі? Схадзілі б на тое сьвята, і ўсё было б нармалёва... Нешта мы не падабаемся ім у Рэчыцы”.

“Візуальна зрабілі шмат, а для людзей...”

Бушлякоў: “Як рыхтавалася Рэчыца да “Дажынак” – нешта там зьмянілася?”

Пуціцкі: “Візуальна шмат чаго зьмянілася – пафарбавалі стрэхі, нават дзіравыя, у суседа Ганчарэнкі пафарбавалі страху, якая пасьля дажджу змылася. Візуальна зрабілі шмат, а для людзей...”

Бушлякоў: “Ці задаволеныя людзі, што нарэшце “Дажынкі” дайшлі і да Рэчыцы?”

Пуціцкі: “Простыя людзі задаволеныя, канечне – асфальт пакладзены, дарогі ўпарадкаваныя. Але каб тыя грошы пусьцілі прынамсі на адзін нейкі завод, дзе ў нас не выплачваюць грошай, на заробкі, "Рытм", дзе засталося 20 чалавек працаваць, на мэблевы завод, які таксама на ладан дыхае...”

Бушлякоў: “Як вы прыйшлі да апазыцыйнай, партыйнай дзейнасьці, жывучы ў Рэчыцы?”

Пуціцкі: “Задумвацца я пачаў яшчэ калі служыў у войску, пры Савецкім саюзе. Пазьней пачаў стварацца Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" – я пачаў ствараць суполку ў Рэчыцы ў 1991 годзе, пасьля сканчэньня беларускага інстытуту інжынэраў чыгуначнага транспарту”.

“Наш рэгіён дае для ўлады дэпутатаў, за якіх тут насамрэч галасуе большасьць”

Бушлякоў: “Наколькі адчуваецца ў сёньняшняй Рэчыцы прысутнасьць дэмакратычных сілаў?”

Пуціцкі: “Ня вельмі адчуваецца, наш рэгіён дае для ўлады дэпутатаў, за якіх тут насамрэч галасуе большасьць, у нас рэгіён чарнобыльскі. Але мы што можам, тое робім, бо нездарма нас садзяць на суткі ці адсылаюць у камандзіроўкі... Зараз у камандзіроўцы тры БНФ-аўцы, і яшчэ адзін сябар АГП, наколькі я ведаю, сядзіць зараз 6 дзён на сутках”.

Бушлякоў: “У 2004 г. вы былі вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Ці зьбіраецеся вы ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах 2008 г.?”

Пуціцкі: “Я не зьбіраўся, але наша дэмакратычныя супольнасьць, сябры аб''яднаных дэмакратычных сілаў у Рэчыцы, просяць, каб я высунуў сваю кандыдатуру і на наступных выбарах. Падвесьці я сваіх сяброў не магу, таму буду вылучацца кандыдатам у дэпутаты”.

Бушлякоў: “Калі вы вяртаецеся ў Рэчыцу?”

Пуціцкі: “У панядзелак, 24 верасьня. Прыеду, пагляджу, што там пасьля "Дажынак" застанецца... Бо пазаўчора ў капліцы Эўфрасіньні Полацкай упаў крыж, і праваслаўны сьвятар адмовіўся асьвячаць амфітэатар, які пабудавалі побач з капліцай... Прыеду, пагляджу, што там застанецца...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG