Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне даляра і Беларусь


Алесь Дашчынскі, Менск Курс амэрыканскага даляра ўпаў да самага нізкага ўзроўню адносна эўра за ўсю гісторыю. Пасьля адкрыцьця гандлю на валютных рынках у чацьвер за эўра давалі 1 даляр 40 цэнтаў. Аглядальнікі мяркуюць, што падзеньне курсу амэрыканскай валюты зьвязана зь нечакана рэзкім паніжэньнем банкаўскай уліковай стаўкі Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмай ЗША ў сераду. Праз гэта інвэстары сталі масава пазбаўляцца ад даляраў. Як уплывае на беларускую эканоміку падзеньне амэрыканскага даляру на ўсясьветных рынках?

Больш за 60 адсоткаў замежнагандлёвых сувязяў Беларусі абслугоўвае даляр. Таксама ёсьць значныя запасы гэтай валюты як у дзяржавы, так і ў насельніцтва.

Са стратай далярам пакупніцкай здольнасьці гэтыя запасы, натуральна, абясцэньваюцца, кажа эканаміст Леанід Злотнікаў. Прадстаўнікі ўладаў часта кажуць, што заробкі ў беларусаў вырасьлі да 300 даляраў:

“Вымяраць заробак далярамі вельмі выгадна афіцыйным прапагандыстам. У далярах ён расьце, а тое, што даляр страчвае пакупніцкую здольнасьць, яны гэтага ня ўлічваюць. Да прыкладу, у Расеі, калі згадваюць нейкую лічбу ў далярах, там кажуць “у далярах 2000 году”, напрыклад. Яны ўлічваюць дэвальвацыю даляра. А ў нас гэта ня ўлічваюць. Бо выгадна гаварыць, што заробак вялікі ў далярах. Але ж цэны ў далярах таксама растуць”.

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што падзеньне даляра не ўплывае на сытуацыю ў Беларусі. Беларускі рубель нават крыху абясцэньваецца адносна даляра:

“У нас ня столькі ўплывае падзеньне даляра і рост эўра, колькі ўнутраная сытуацыя ў краіне і павелічэньне рублёвай грашовай масы. Вельмі непрапарцыйна. Калі прадукт расьце на 8-10 працэнтаў, то рублёвая маса ў нас расьце мінімум на 40 працэнтаў, а то і да 60 даходзіць. Вось гэта праблема для нас важнейшая за ўсе гэтыя ўсясьветныя скачкі.

Даляр падае, і мы падаем разам зь ім. Таму ў нас найперш трэба сачыць за ростам цэнаў. Бо ў Амэрыцы даляр падае, але ж інфляцыі няма”.

Паводле кіраўніка цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, цяпер выгадна імпартаваць амэрыканскія тавары, бо яны таньнейшыя за эўрапейскія:

“Амэрыканскія тавары будуць на 40 працэнтаў таньнейшыя. Больш танныя амэрыканскія аўтамабілі, прыборы, лекі... Калі абіраць сабе пастаўшчыкоў — Нямеччыну ці ЗША, купляць амэрыканскую машыну ці нямецкую, то перавага ў амэрыканскі бок.

На гэта адрэагуе ўнутраны рынак. Насельніцтва закупляе больш за 100 тысяч аўтамабіляў за мяжой. Частка амэрыканскіх будзе большай. Можна прагназаваць паступовае выцясьненьне эўрапейскай прадукцыі таварамі тых краінаў, якія працуюць з далярам”.
XS
SM
MD
LG