Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыі трэба пайсьці на змову з намэнклятурай”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з тэмаў, якая цяпер, за некалькі тыдняў да “Эўрапейскага маршу”, абмяркоўваецца сярод той часткі грамадзтва, што цікавіцца палітыкай, — магчымасьць дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй. Спробы наладзіць такі дыялёг на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя рабіліся ня раз, але да адчувальных вынікаў не прыводзілі ніколі.

Наш слухач Павал Лысюк з Баранавічаў лічыць, што кантакты з уладай апазыцыі варта будаваць прынцыпова іншым чынам — шукаючы сярод намэнклятурных чыноўнікаў сваіх аднадумцаў.

Спадар Лысюк піша:

“Ня можа такога быць, каб сярод намэнклятуры не знайшлося ніводнага прыстойнага чалавека з дэмакратычнымі поглядамі, які б не разумеў, што адзіна правільны шлях для Беларусі — шлях эўрапейскай інтэграцыі й рынкавых рэформаў.

Думаю, што насамрэч такіх людзей нямала — і ў выканкамах розных узроўняў, і ў міністэрствах, і нават у адміністрацыі прэзыдэнта. Апазыцыя проста ня ўмее іх знаходзіць і выкарыстоўваць. А шукаць варта. Чыноўніцкі апарат — не аднародная маса. Там ёсьць разумныя і таленавітыя людзі, здольныя арганізатары, сапраўдныя патрыёты сваёй радзімы.

Апазыцыі трэба пайсьці на змову з намэнклятурай — залічыць яе ў свае шэрагі й паабяцаць, што пасьля перамогі дэмакратыі гэтыя людзі ня толькі застануцца ў кіраўніцкім апараце, але і атрымаюць значнае падвышэньне па службе.Такім чынам, сілы апазыцыі падвояцца і патрояцца”.


Залічэньне якога-небудзь чыноўніка ў шэрагі апазыцыі будзе азначаць для гэтага чалавека ў лепшым выпадку — страту пасады і працы, у горшым — крымінальную справу і арышт.

На працягу апошніх трынаццаці гадоў чыноўнаму люду гэта было ня раз прадэманстравана, і намэнклятура такія ўрокі добра засвоіла. Таму нават тыя асобы ў яе асяродзьдзі, якія апазыцыі сымпатызуюць, на кантакты зь ёй (нават неафіцыйныя, сакрэтныя) ідуць вельмі рэдка, хіба што ў выключных выпадках.

Зразумела, гэта не азначае, што ў чыноўніцкім асяродзьдзі пануе аднадумства. Але апазыцыйнасьць сярод гэтых людзей можа рэальна выявіцца толькі ў тым выпадку, калі яны адчуюць рэальнае аслабленьне дзейнае ўлады і насьпяваньне зьменаў.

Аўтар наступнага ліста — Ігар Пасноў зь Віцебску. Ён працягвае дыскутаваць з тымі, хто лічыць тупіковым цяперашні эканамічны курс беларускай улады:

“За адну гадзіну я, просты лекар, зарабляю 3 тысячы беларускіх рублёў. На гэтыя грошы ў суседнім супэрмаркеце магу купіць тры буханкі хлеба (680—700 рублёў).

Мой заробак вельмі сярэдні. Я школьны доктар, толькі на паўстаўкі працую на ўчастку. Участковыя дактары атрымліваюць раза ў паўтара ці два болей. І ўсё роўна на свой заробак я магу купіць два-тры новыя каляровыя тэлевізары “Віцязь”, альбо невялікую лядоўню “Атлянт”.

Іншая рэч — жыць мы прывыклі неэканомна. Гэта спадчына нашага савецкага мінулага. Выкідаем у сьмецьце чэрствы хлеб, купляем лішнія прадукты, якія потым псуюцца. Да рэчаў ставімся не ашчадна.

Вось прыклад. Нядаўна прыяжджаў мой брат, які жыве ў Ізраілі. Я яму прапанаваў прагуляцца пешкі па горадзе. А ён кажа: “Не-е, гэта ж колькі падэшвы сатрэцца ў чаравіках…”

А дзе вы знойдзеце дзяржаву, у якой за трох дзяцей дзяржава кампэнсавала б 50 працэнтаў жыльлёвага крэдыту?

Людзі развучыліся жыць ашчадна. Кепска жывуць тыя, хто п’юць беспрабудна альбо прывыклі быць утрыманцамі, лайдакамі. Дык гэткія ёсьць у любой краіне.

Так што хачу яшчэ раз праз “Свабоду” зьвярнуцца да спадароў з АБСЭ ды іншых. Ня трэба ставіць палкі ў колы нашай дзяржаве, радавацца нашым цяжкасьцям”.


Калі эканоміць на падэшвах чаравікаў, спадар Пасноў, дык вялікая рызыка таго, што ўсё зэканомленае давядзецца траціць на лекі — каб ратавацца ад наступстваў гіпадынаміі ды атлусьценьня.

Што да ўзроўню дабрабыту… У Беларусі вялікая колькасьць людзей ня можа дазволіць сабе ня тое што лішнія — нават неабходныя прадукты. Асабліва гэта датычыць пэнсіянэраў. Пастаянны рост коштаў на харчаваньне пры фіксаваных пэнсіях — сапраўднае бедзтва для большасьці старых людзей.

І дарэмна вы, спадар Пасноў, лічыце, што на Захадзе радуюцца эканамічным цяжкасьцям Беларусі. Наадварот, там зацікаўленыя, каб суседзямі Эўразьвязу былі краіны заможныя, стабільныя і прадказальныя. Заходнія партнэры ў любы момант гатовы працягнуць Беларусі руку дапамогі. Але дзеля таго, каб дыялёг пачаўся, беларускія ўлады павінны выканаць пэўныя ўмовы — пералік гэтых умоваў даўно і шырока вядомы.

Наш слухач Анатоль Жэрдзеў з Гомелю ўжо ня першы раз выказвае прэтэнзіі да дзейнасьці Клюбу сяброў “Свабоды”. У сваім новым лісьце ён піша:

“Сябрамі “Свабоды” я лічу ня толькі тых, хто ўсхваляе кіраўніцтва радыё, але і тых, хто грунтоўна крытыкуе ягоную інфармацыйную палітыку.

Тэма майго звароту — існаваньне Клюбу сяброў “Свабоды”. Аб стварэньні яго было абвешчана, але ў апошні год яго як бы няма наагул — бо адміністратары радыё лічаць сябрамі “Свабоды” толькі тых, хто ім падабаецца. Раблю гэтую выснову на падставе такога факту.

6 верасьня ў перадачы “Паштовая скрынка 111” часткова прагучаў мой ліст. Нягледзячы на тое, што ў ім я адмыслова падкрэсьліў, што гэта меркаваньне сябра “Свабоды”, у эфіры гэта не прагучала. Напэўна, таму, што я не аднойчы крытыкаваў кіраўніцтва радыё і нават прапанаваў дэмакратычна пераабраць яго. А таму кіраўнікі выключылі мяне зь ліку сяброў “Свабоды”.

Лічу, што неабходна стварыць ініцыятыўную групу ў справе арганізацыі сапраўднага Клюбу сяброў “Свабоды”. Мэтай ініцыятывы будзе паляпшэньне інфармацыйнай палітыкі на радыё і рэалізацыя там ідэяў дэмакратыі з дапамогай нераўнадушных і ўдумлівых людзей”.


Прашу прабачыць, спадар Жэрдзеў, што, чытаючы вашы папярэднія лісты, не называў вас сябрам “Свабоды”. У далейшым абяцаю зьвярнуць на гэтую дэталь увагу.

Клюб сяброў “Свабоды” — арганізацыя не фармальная. Ні фіксаванага сяброўства, ні справаздачаў, ні выбараў у ім няма. Ствараць такую грунтоўную грамадзкую арганізацыю, як прапануеце вы, спадар Жэрдзеў, мы ня маем магчымасьці. Ды і наўрад ці ў ёй існуе патрэба.

Клюб сяброў “Свабоды” ў ягоным сёньняшнім выглядзе — проста шырокае кола тых людзей, якія слухаюць “Свабоду”, час ад часу выказваюць нам свае заўвагі і ўражаньні наконт пачутага, падтрымліваюць з намі сувязь. Мы адкрытыя для любых меркаваньняў і любой крытыкі, калі толькі яна гучыць у карэктным і паважлівым тоне.

На заканчэньне некалькі лістоў слухачоў, якія пакіну без камэнтароў.

Нам піша Ніна Восіпава з Маладэчна:

“Я ў захапленьні ад нашых “маладафронтаўцаў”. Якія мужныя, самаахвярныя людзі, як яны любяць нашу Беларусь! Хачу сказаць ім: цярпець пакуты за праўду, за высакародную справу — гэта вялікі гонар! Памятайце, што Бог — з вамі, а ня з тымі міліцыянтамі, якія хлусяць на судзе, і ня з судзьдзямі, якія на падставе хлусьні выносяць несправядлівыя прысуды.

Шкада, але ў нашым гарадку такой моладзі няма. Нашы аціраюцца ля вінна-гарэлачнай крамы, брыдкасловяць, жлукцяць цэлымі днямі піва. І міліцыя іх не чапае”.


Аўтар наступнага ліста — Віктар Конін з пасёлку Мікашэвічы Лунінецкага раёну:

“На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах я галасаваў за кандыдата, у тэлевыступе якога цэнзура выразала паўгадзіны эфірнага часу. І ўжо больш за год мой кандыдат Аляксандар Казулін — у турме, куды яго кінулі “за палітыку”.

У Беларусі цяпер няма закону, які б дзейнічаў аднолькава ў дачыненьні да ўсіх грамадзянаў. Дык чым мы адрозьніваемся ад фашысцкіх рэжымаў, пры якіх адным — хлеб з маслам і мёдам, а другім — канцлягеры і баланда на абед?”


І яшчэ адзін кароткі ліст, аўтар якога — удзельнік вайны Віктар Скараход зь Менску піша:

“Я зачараваны новай рубрыкай “Свабоды” “Верасень з Данчыкам”. Пра гэтага сьпевака я даведаўся тады, як ён прыяжджаў у Беларусь. Слухаў яго ў Доме літаратара. З таго часу ён са мной заўсёды разам”.

Дзякуй, спадар Скараход, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG