Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды”


Ганна Соўсь, Менск “Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды 18–21 стагодзьдзяў. Ад 1 студзеня 2006 году да Дня Волі 2007 году ў ранішнім эфіры “Свабоды” Ўладзімер Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю й незалежнасьць. Выданьне склалі выбраныя эсэ з больш чым трохсот радыёперадачаў.

«Імёны Свабоды» — гістарычныя партрэты паўстанцаў XVIII стагодзьдзя і палітзьняволеных ХХІ, знакамітых на ўвесь сьвет асобаў і людзей, якіх ведалі толькі іх сябры, якіх аб’ядновала любоў да волі й да радзімы, і якіх аўтар, Уладзімер Арлоў, уключыў у пантэон беларускай свабоды і незалежнасьці. Кніга можа служыць дапаможнікам для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш.”,– гаворыцца ў анатацыі да “Імёнаў Свабоды”.

Працяг будзе...

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук скончыў сваю прадмову да “Імёнаў Свабоды” сказам “Працяг будзе”.

Якім будзе працяг праекту “Імёны Свабоды”? Аляксандар Лукашук адзначае, што гэтая кніга ўнікальная тым, што яна мае пачатак, але ня мае канца.

“Па сваёй ідэі, па сваёй формуле гэтая задача ніколі ня скончыцца, пакуль будзе жыць Беларусь. А ў практычным пляне гэта азначае наступнае. Па-першае, у кнігу ўвайшлі ня ўсе перадачы, якія выйшлі ў эфір і гучалі на хвалях Радыё Свабода. Гэта тлумачыцца проста абмежаваным аб’ёмам кнігі.

Па-другое, ужо пасьля таго, як перадача скончылася, сьпіс магчымых герояў кнігі папоўніўся. І дзеля гэтага ў нас была створаная новая праграма “Вянок памяці”. У гэтай перадачы мы просім расказаць пра тых людзей, якія пайшлі ўжо з гэтага жыцьця, але якія былі важныя для вас і для Беларусі”.

За апошні год, адзначае Аляксандар Лукашук, ў перадачы “Вянок памяці” прагучала шмат імёнаў, якія таксама вартыя быць уключанымі ў гэтую кнігу.

“Такім чынам, сама гэта ідэя, гэта перадача ня мае канца, і мы спадзяемся, што, калі сёньня гэта кніга зьявіцца ў інтэрнэце, яна значна пашырыць сваю прысутнасьць у інфармацыйнай прасторы і такім чынам яшчэ прыцягне новыя ідэі, новыя імёны, новыя постаці”,– лічыць дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

“Гэта новая старонка ў гісторыі беларускай літаратуры”

У сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” ўжо выйшлі кнігі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе”, “Дуліна ад Барадуліна”, “Прыгоды Ара ў Беларусі”, “Вострая брама”, “Беларуская Атлянтыда”, “Плошча” і “Альбом сямейны”. Новай старонкай у гісторыі беларускай кнігі назваў “Бібліятэку “Свабоды” паэт Анатоль Вярцінскі.

“Я вельмі высока ацэньваю гэту цікавую, па-наватарску сьмелую ініцыятыву беларускай службы Радыё Свабода, як выданьне бібліятэкі, такой разнастайнай і ў тэматычным, і ў ідэйным, і ў жанравым пляне. Гэта новая старонка ў гісторыі беларускай кнігі, у гісторыі беларускай літаратуры ўвогуле”.

Што да ўласна кнігі “Імёны Свабоды”, то Анатоль Вярцінскі лічыць, што зьдзейсьнена яшчэ адна добрая справа ў імя і дзеля лепшай долі Беларусі.

“Аляксандар Лукашук у сваёй прадмове называе зборнік энцыкляпэдыяй любові, любові да Радзімы. Я б яшчэ дадаў, што гэта своеасаблівая энцыкляпэдыя нацыянальнага духу, своеасаблівы рэквіем накшталт вядомага “Дня гневу”, дзе жалобныя матывы перамяжоўваюцца з узьнёслым, жыцьцесьцьвярджальным аптымізмам, зь верай, надзеяй і любоўю”, кажа Анатоль Вярцінскі.

Прэзэнтацыя кнігі “Імёны Свабоды” ў Менску і інтэрнэце — 21 верасьня. Адрас у Менску — “Варвашэні”, 8, пачатак у 18:00. Адрас у інтэрнэце — svaboda.org.

• П. Васючэнка: Уражвае колькасьць Імёнаў Свабоды, 20.09.2007 • Г.Бураўкін пра “Імёны Свабоды”: “Гэтую кнігу вельмі доўга чакалі”, 20.09.2007 • Аляксандар Лукашук пра “Імёны Свабоды”: Энцыкляпэдыя любові, 20.09.2007 • Валянцін Тарас: “За кожным імем Свабоды- непаўторны лёс”, 20.09.2007 • Андрэй Скурко: “Імёны Свабоды” добра чытаць у дарозе”, 20.09.2007 • А.Пашкевіч: “Уладзімер Арлоў здолеў скласьці нацыянальны пантэон”, 19.09.2007 • ”Беларуская моладзь будзе чытаць “Імёны Свабоды” ў падручніках”, 19.09.2007 • В.Ракіцкі: “Кніга У.Арлова пашырае нацыянальна-культурніцкі працэс”, 19.09.2007 • “Імёны Свабоды: “Там кожнае імя – гэта сымбаль”, 19.09.2007 • “Партрэты Арлова - нібы паэмы ў сваёй эканомнасьці і насычанасьці”, 19.09.2007 • В.Вячорка: “Імёны Свабоды” – не эпітафіі, гэта як кроплі жывой вады”, 18.09.2007 • М.Жбанкоў пра “Імёны Свабоды”: Гэта гісторыя беларускага патрыятызму, 18.09.2007 • “Імёны Свабоды”: ад Тадэвуша Рэйтана да Аўгіньні Дзянісавай, 18.09.2007 • Захар Шыбека: “Арлоў валодае ўнікальнай здольнасьцю паэтычнага ляканізму”, 17.09.2007 • Алег Гардзіенка: “Уладзімер Арлоў стварыў малую энцыкляпэдыю беларускай свабоды” , 17.09.2007
XS
SM
MD
LG