Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Злотнікаў: “Даходы насельніцтва растуць за кошт зьнешніх запазычаньняў”


Радыё Свабода Ці ўдасца беларускаму ўраду выканаць свае абяцаньні па росту грашовых даходаў насельніцтва? Якія катэгорыі багацеюць, а якія бяднеюць? Гэтыя ды іншыя пытаньні наш аглядальнік Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з эканамістам Леанідам Злотнікавым.

Цыганкоў: “Добра вядомыя праблемы ў беларускай эканоміцы, што ўзьніклі за апошні час. Адмоўнае сальда гандлёвага балянсу расьце, кошты на расейкі газ павялічваюцца, Беларусь губляе некаторыя рынкі для сваіх тавараў. За кошт якіх рэсурсаў могуць расьці грашовыя даходы насельніцтва?”

Злотнікаў: “Гэта можна выканаць толькі калі будуць расьці зьнешнія пазыкі. Апошнія паўтары гады гэтыя пазыкі нарастаюць, Калі ўрад будзе падтрымліваць гэтую тэндэнцыю, будуць расьці запазычанасьці банкаў, прадпрыемстваў, то за кошт гэтага рост даходаў можа трываць. Калі ня будзе гэтых пазык, то ўсе сацыяльныя праграмы будуць пастаўленыя пад пагрозу.

Апошнія 5-10 гадоў рост заробкаў ідзе хутчэй, чым рост вытворчасьці працы і валавога ўнутранага прадукту. Гэта падтрымлівалася датацыямі Расеі, а цяпер, калі яны зьмяншаюцца,– за кошт зьнешніх пазыкаў. Гэта не ад перагрэву эканомікі. Тэмпы росту ВУП, напрыклад, у Азэрбайджане 36 працэнтаў, а ў нас – 8-9”.

Цыганкоў: “Рост заробкаў апярэджвае вытворчасьць працы. Як гэта цісьне на эканоміку? Куды людзі дзяваюць гэтыя “лішнія” грошы, хаця для большасьці яны, вядома ж, ня лішнія?”

Злотнікаў: “Ня так шмат грошай у большасьці людзей. Грашовыя даходы на душу насельніцтва складаюць каля 500 тысячаў рублёў. У большай часткі людзей няма ніякіх грошай, каб адкладаць. Тым ня менш значная частка грошай пайшла на ўклады ў банкі. Але гэта дзякуючы расслаеньню ўзроўню даходаў. Сярэднія заробкі невялікія – каля 650 тысячаў рублёў”.

Цыганкоў: “То бок можна сказаць, што рост сярэдніх даходаў прыпадае ў асноўным на “багатыя” слаі. Багатыя багацеюць?”

Злотнікаў: “Я адкажу так: звыш 40 працэнтаў беларускага насельніцтва маюць даходы ніжэй мінімальнага спажывецкага бюджэту – менш за 300 тысячаў рублёў у месяц. І такіх людзей амаль палова!”
XS
SM
MD
LG