Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пасьпяваюць заробкі за цэнамі?


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі, у студзені–ліпені гэтага году рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва ўзрасьлі на 16,4 працэнта ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. А ці адчуваюць павелічэньне прыбыткаў людзі?

Прадстаўніца Міністэрства статыстыкі і аналізу Вольга Якімовіч сказала, што рэальны прыбытак ўлічвае індэкс цэнаў. А ён склаў за гэты пэрыяд каля 107,4 працэнта:

“Рост прыбыткаў пакрывае рост цэнаў. І заробак вырас, і пэнсіі падрасьлі, стыпэндыі падрасьлі. Прыбыткі ад уласнасьці таксама павялічыліся. Такім чынам, усе складнікі грашовых прыбыткаў насельніцтва за гэты пэрыяд падрасьлі. Тыя ж прыбыткі прадпрымальнікаў вырасьлі. У дзяржаўных арганізацыях. Працэнты па ўкладах і дывідэнды па акцыях”.

Кладзесься спаць з адной цаной, а ўстаеш зь іншай

Каля адной зь менскіх крамаў я сустрэў гаспадынь, якія куплялі алей і іншыя харчы.

“Мы можам сказаць, каб алей не даражэў. Зрабіце нам, калі ласка, 2500, як было”.

“Усё ж падаражэла і куры падаражэлі, і яйкі, і мяса. Я стаўлюся да гэтага дрэнна”.

“А заробкі тут у кожнага свае. Тут слабыя заробкі. Там – большыя заробкі. Менскі электрамэханічны завод жабрацкі. І заробкі ў нас жабрацкія”.

“Што мне рабіць – 200 тысяч пэнсіі? Кладзесься спаць з адной цаной, а ўстаеш зь іншай!”

Чаму ў чыноўнікаў аптымізм, а ў звычайных гаспадыняў пэсымізм?

Меркаваньне эканаміста Барыса Жалібы: “Тое, што апошнімі гадамі ўзровень жыцьця насельніцтва расьце – відавочны факт. Бо людзі набываюць больш машын, тэлевізараў і лядоўняў. Але ідзе дыфэрэнцыяцыя прыбыткаў насельніцтва. У нас склалася кляса людзей даволі багатых па нашых мерках. Гэта можа быць 5-10 працэнтаў. А дастаткова яшчэ многа людзей насамрэч жыве бедна. Бальшыня насельніцтва адчувае рост цэнаў.

Ёсьць яшчэ, канечне, рост рэальнага заробку. Можа, ён не такі вялікі, як цьвердзіць мінстат. Але тое, што ён запаволіўся параўнальна зь мінулым годам, я лічу, што гэта факт”.
XS
SM
MD
LG