Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве 59-гадовая пэнсіянэрка стала студэнткай


Іна Студзінская, Менск Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных СМІ за 21 верасьня.

“Брестская газета”. Надоўга запомняць супрацоўнікі мытні “Заходні Буг” апошні дзень працы памежнага пераходу “Варшаўскі мост”, які закрыўся у ноч з 15 на 16 верасьня. За суботу 15 верасьня тут было зроблена чатыры спробы правезьці пра мяжу гашыш у брыкетах. Ва ўсіх выпадках наркотык знаходзілі ў нямых грамадзянаў Расеі – масквіча і масквічкі, жыхара Краснадарскага краю і ураджэнкі Пяцігорску. Усе яны вярталіся з турпаездак з Францыі, прычым, мяжу перасякалі ў розны час. У кожнага канфіскавана ад 6 да 9 кіляграмаў гашышу.

“Народная Воля”. 59-гадовая Галіна Пракапенка паступіла ў Магiлёўскi мэдычны каледж. Яна хоча атрымаць дыплём фармацэўта i адкрыць прыватную аптэку у пасёлку Буйнічы. Жанчына ўжо мае вышэйшую адукацыю: у свой час яна скончыла хiмiчны факультэт Белдзяржунiвэрсiтэту i выкладала ў агралесатэхнiчным каледжы. Яе пэдагагiчная кар''ера завяршылася з прычыны пэнсiйнага ўзросту. Сёлета Галіна Пракапенка пасьпяхова прайшла тэставаньне i трапiла на бюджэтнае аддзяленьне. Студэнтку папярэджваюць, што пасьля заканчэньня каледжу яе накiруюць на працу па разьмеркаваньнi. У Магiлёўскай вобласьцi гэта першы выпадак, калi ў навучальную ўстанову паступiла пэнсіянэрка.

Маладэчанская “Рэгіянальная газэта”. “Мільярд на ацяпленьне” ужо патрачана на падрыхтоўку да ацяпляльнага сэзону ў Маладэчне. Пра гатовасьць рэгіёну да зімы распавядае журналіст Сяргей Зянько:

“На сёньня маладэчанскія камунальнікі атрымалі пашпарты гатоўнасьці на 85% жылых дамоў горада. У Вялейцы на 85%, у Мядзелі на 86%, у Валожыне усе 100% жылога фонду гатовыя да зімы, у Смаргоні 99%, у Астраўцы – 96%. Практычна ўсе жыльлёва-камунальныя гаспадаркі падрыхтаваліся”.

Цэлая паласа “Брестского курьера” прысьвечаная справам тэлевізійным. Цэнтральны матэрыял называецца “Небясьпечная талерка, альбо каму гатаваць мэню для тэлегледачоў” – пра тое, што ў лістападзе пачынае вяшчаньне з Польшчы беларускі спадарожнікавы канал “Белсат”. Публікацыя “Варожыя” галасы” – пра тое, як ў савецкія часы працавалі “глушылкі”.

“Урану ў Соснах хопіць на пяць атамных бомб”. Карэспандэнт “Комсомольской правды” в Белоруссии” пабываў у інстытуце “Сосны” і даведаўся, што пад Менскам захоўваецца столькі ўрану, што яго можа хапіць на пяць бомб такой жа магутнасьці, што былі скінутыя на Хірасіму.
XS
SM
MD
LG