Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Максім Жбанкоў, Менск .

Час ад часу падаецца, што Галівуд татальна звар’яцеў і здольны рабіць адно што экранізацыі кампутарных гульняў. Але сапраўдныя кінаманы ня трацяць надзеі – ёсьць на сьвеце малабюджэтнае аўтарскае кіно. Менавіта адтуль варта чакаць чарговых цікавінак.

Вось і гэтым разам нам у рукі трапіла рафінаваная жахаўка “Вампірка”. Аўтары стужкі адшукалі цікавы ход: галоўная гераіня ў выкананьні аднаго з “анёлкаў Чарлі” Люсі Ліў ператвараецца ў вампіра. Але катэгарычна адмаўляецца далучыцца да бязглуздых крывасмокаў.

Рэжысэр Сэбаст’ян Гут’ерэс зачараваны чорнай рамантыкай экраннага “нуару”. Таму кіно атрымалася эфэктнае і настраёвае. Памерлая красуня прачынаецца ў жалезнай шафе. Потым на начных вуліцах шукае сваіх забойцаў. І ласкава шэпча чарговаму ворагу: “Сустрэнемся ў пекле, нягоднік!” Вампірская лінія шчыльна зьвязаная з крымінальнай – гэта незвычайна і прывабна. Люсі Ліў выглядае вельмі пераканаўча ў чорным камбінэзончыку ды з чорным жа арбалетам. Але самае цікавае, што вампіры тут пазбаўлены фірмовых крывавых іклаў. “Вампірка” і бязь іх выглядае някепска.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – фільм Брэта Ратнэра “Гадзіны пік 3”. Надзвычай пасьпяховы сэрыял пра тое, як Джэкі Чан ды Крыс Такер са злачынцамі змагаліся, дачакаўся нарэшце трэцяй сэрыі. Ніхто не хацеў рызыкаваць. Таму дарэмна чакаць навінаў. Трэці фільм цалкам падобны да сваіх папярэднікаў. Адзінае, дзея разгортваецца ў Парыжы.

Старэча Чан робіць усё магчымае, каб нам было цікава. Цемнаскуры комік Такер адказвае за жарты і сьпевы. Кожны робіць сваю справу – а цуду няма. Бо ў суме ўсё выглядае абсалютна фатальна. Ёсьць бойкі, жартачкі і стрыптыз пад Сэржа Гейнсбура. Але застаецца невядомым, зь якой радасьці героі ламанулі як ласі да Парыжу, навошта зь іх зьдзекаваўся сам пан рэжысэр Раман Палянскі і што там за таямніца хаваецца пад штучнай фрызурай смуглявай красуні. Гледачоў зьбірае ня якасьць тэксту, а раскручаны брэнд. І вось гэта – зусім ня сьмешна.

А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. Цалкам выпадкова на летнім распродажы я адшукаў фільм Олівэра Стоўна “Ў пошуках Фідэля”. Нястомны Стоўн здолеў дамовіцца на працяглую размову з кубінскім чырвоным дыктатарам. І зрабіў ягоны бязьлітасны партрэт.

Мы ведаем агрэсіўную дакумэнтальную прапаганду Мура ды Азаронка. Стоўн, наадварот, нібыта хаваецца за свайго героя. І той самаўпэўнена дэманструе ўсе свае найлепшыя якасьці. Гэтым можна палохаць дзяцей. На гэтым варта вучыць палітыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG