Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Віцебску: “Усе эканомяць. Што толькі ядуць — невядома!”


Радыё Свабода Зь верасьня ў Беларусі падаражэлі амаль усе харчы так званай першай неабходнасьці — хлеб, мука, малочныя вырабы, алей. Ці сталі менш купляць віцябляне? І ці задаволеныя падвышэньнем коштаў гандляры харчамі? Наша карэспандэнтка паспрабавала высьветліць гэта на Полацкім кірмашы Віцебску.

На Полацкім кірмашы ў Віцебску можна купіць любыя харчы — ад свойскіх кілбасаў і сала да заморскай садавіны. Прадуктаў хапае, а вось пакупнікоў ня дужа шмат, хаця менавіта ў абед многія гаспадыні купляюць харчы, каб увечары не стаяць у чэргах.

Куды падзеліся пакупнікі? Пра гэта пытаюся ў гандляркі Людмілы, якая сумуе бяз працы за вітрынай з раскладзенымі сырамі.

Людміла: “Ня ведаю. Мусіць, усе эканомяць. Што толькі ядуць — ня ведаю! Эканомяць, бо ўжо ў крамах, напэўна, можна што-небудзь таньней купіць, чым на кірмашы! А падвышэньне коштаў адбіваецца на кожным чалавеку і на кожным сямейным бюджэце”.

Цікаўлюся, як рэагуюць пакупнікі, калі заўважаюць, што ўчора кошты былі адны, а сёньня ўжо іншыя.

Людміла: “Жах што гавораць! Лепей такога не пісаць і ўвогуле ня чуць!”

Сталы спадар гадоў за пяцьдзясят праходзіць паўз прылавак з сырамі, нават не зірнуўшы. Пытаюся, што ён набыў сёньня і што звычайна набывае на кірмашы ці ў краме.

Спадар: “Хлеб купляю, булку купляю. Калі-нікалі цукар купляю, тварог. На экзатычныя розныя харчы ў мяне грошай няма, я толькі гляджу на іх і думаю, як бы я мог іх зьесьці!”

Экзатычных манга, лаймаў ды кумкватаў на Полацкім кірмашы поўна. Аднак пакупнікі імкнуцца набыць што-небудзь беларускае, ды яшчэ каб без гандлёвай нацэнкі.

Падыходзім да машыны, зь якой гандлююць хлебам ды булкамі з прыватнае пякарні, што ў райцэнтры Бешанковічы. Мой суразмоўца зазначае, што кошты вырасьлі й тут.

Спадар: “Кожны дзень кошты мяняюцца. Амаль кожны дзень! І мяняюцца яны так: нешта дапішуць, што дадалі ў булку які “зьмякчальнік”, “паляпшальнік”, або вітамін які. Ёсьць ён там ці няма, а кошт паднялі!”

У пачатку верасьня ў Беларусі падаражэлі амаль усе складнікі, зь якіх выпякаюць хлеб, — і мука, і малако, і цукар. Аднак найбольш падаражэў алей.

Прадпрымальніца Ірына гаворыць, што гэтым не задаволеныя ні пакупнікі, ні гандляры.

Прадпрымальніца: “На 35 адсоткаў аптавікі паднялі кошты! З алеем увогуле праблемы, штодня ходзім ды сварымся — на 2 тысячы, на 3 тысячы ўсё падаражэла. Раней мы закуплялі алей за 2 тысячы, а прадавалі за 2800. Цяпер закупны кошт на самы танны алей — 3600”.

Некаторыя пакупнікі Полацкага рынку лічаць за лепшае на кошты проста не глядзець.

Як, да прыкладу, пэнсіянэрка Тацяна Фядосаўна. Яна гандлюе на Полацкім кірмашы семкамі, бо пэнсіі не хапае, хаця купляе самую танную ежу.

Тацяна: “Ой! Я на кошты ўжо не зьвяртаю ўвагі, каб не перажываць! Але яны вырасьлі ўжо ў некалькі разоў! А трэба ж яшчэ й апранацца, нешта купіць з адзеньня, абутку. Гавораць, што пэнсіянэрам гэтага на астатняе жыцьцё хопіць, але ж яно ўсё носіцца. А калі льготы возьмуць ды адменяць, дык увогуле ўсё “добра” будзе — у адваротны бок”.

Сярэдняга веку спадар нясе поўную сумку. Пытаюся, ці шмат ён патраціў сёньня грошай.

Спадар: “Сям’я ў нас складаецца з чатырох чалавек. Раней у краму можна было ісьці, маючы ў кашальку 10—15 тысяч рублёў, а цяпер ужо ня менш як 20—25 тысяч. Гэта моцна адбіваецца на нашым сямейным бюджэце. Даводзіцца шукаць нечага таньнейшага, а гэта зусім не падабаецца ні мне, ні маёй сям’і”.
XS
SM
MD
LG