Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алей можа зьнікнуць з крамаў?


Алесь Дашчынскі, Менск Каб стрымаць рост цэнаў на алей, Міністэрства эканомікі Беларусі пастанавіла зьменшыць гандлёвыя надбаўкі. Чаму падскочылі цэны і як далей можа скласьціся сытуацыя з алеем, высьвятляў наш карэспандэнт.

Рост цэнаў на алей Міністэрства эканомікі тлумачыць павелічэньнем кошту на сыравіну да 40 і болей працэнтаў.

У верасьні ў крамы паступаў алей, які каштаваў даражэй на 30 працэнтаў. Каб стрымаць цэны, Міністэрства эканомікі распарадзілася зьменшыць гандлёвыя надбаўкі з 30 працэнтаў да 15-20. Аднак цэньнікі ў крамах амаль што не памяняліся.

У менскай краме “Генэрал Маркет” цэны на алей дасягалі 4980 рублёў за літар. Загадчыца крамы Алена Спаткай патлумачыла:

“Было распараджэньне, так. Але мы атрымоўвалі алей яшчэ да распараджэньня — атрымалі дзесяць скрыняў. І як бы алей у нас стары. З трыццацьцю працэнтамі. Пераацэнкі мы не праводзілі. Потым будзе таньней. 15 працэнтаў надбаўка, і ўсё”.

У Міністэрстве гандлю тлумачыць сытуацыю адмовіліся й накіравалі ў канцэрн “Белдзяржхарчпрам”.

Начальніца аддзелу цэнаў Ларыса Навумчык сказала:

“У самой пастанове не прапісана, што яны павінны былі зрабіць пераацэнку. Калі паступае новая партыя алею, тады яны павінны сфармаваць цану з гэтай надбаўкай”.

Тацяна Зяцікава, прадстаўніца Гомельскага тлушчавага камбінату, дзе разьліваюць алей і вырабляюць зь яго маргарын ды іншую прадукцыю, сказала, што пастаўкі алею паменшыліся:

“Расея пакуль яшчэ не прадае. Калі самыя буйныя вытворцы, то 1293—1300 даляраў за тону, Расея прапануе. Ва Ўкраіне на мінулым тыдні была цана 1140, на ўчорашні дзень цана падскочыла — прадаецца за 1240. Усе ў зьдзіўленьні і ў чаканьні таго, што будзе далей. Многія вытворцы проста спынілі цяпер продаж. Яны самі ў разгубленасьці, ня ведаюць, што будзе далей”.

У гэтай сытуацыі Гомельскі тлушчавы камбінат пераходзіць на айчынную сыравіну:

“Мы цяпер практычна перайшлі на рапсавы алей, у сябе ў краіне закупляем. Уся вытворчасьць на рапсавым алеі. Алей закупляецца толькі для разьліву ў бутэлькі, для асартымэнту. А ўся прадукцыя вырабляецца толькі з рапсавага”.

На Менскім маргарынавым заводзе сказалі, што ад 1 кастрычніка цэны на маянэз ды іншую прадукцыю падымуцца толькі на 0,5 працэнта, як гэта даведзена ўрадам.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што спроба ўраду фіксаваць цэны можа прывесьці да ўтварэньня чорнага рынку алею:

“Продаж алею з надбаўкамі, якія рэгулююцца, — гэта ўсё сацыялізм. Гэта з плянавай эканомікі. Калі плянавая эканоміка не працуе ў гэтай сытуацыі, тады проста трэба зьвярнуцца да рынку, які забясьпечвае ўсясьветную цану, за якую ўсе ў сьвеце купляюць. Калі ўрад будзе настойваць, каб алей прадаваўся за нейкую цану, то ён зьнікне з крамаў. Зьявіцца чорны рынак алею”.

XS
SM
MD
LG