Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маладафронтаўцы ламаюць свае лёсы і асуджаюць на пакуты бацькоў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

На працягу некалькіх апошніх тыдняў у розных рэгіёнах Беларусі арыштавалі й асудзілі дзясяткі моладзевых актывістаў.

Фармальнай падставай для пакараньня найчасьцей станавіўся удзел у не санкцыянаваных уладай грамадзкіх акцыях. Хоць такімі акцыямі апошнім часам сталі лічыць нават вечарыны ў кавярнях альбо прыход да будынку суду, каб падтрымаць арыштаванага сябра.

З аднаго зь лістоў на гэту тэму і пачну агляд пошты. Наш слухач Алег Каленік зь Менскага раёну піша:

“Вось і зноў чую па “Свабодзе”: “Арыштавалі Севярынца, трымаюць у турме Дашкевіча, судзяць Азарку”. Нічога не мяняецца пад нашым беларускім небам. Тое ж было і пяць, і дзесяць год таму — можа, толькі прозьвішчы арыштаваных іншыя.

Шкада гэтых самаадданых і шчырых маладых людзей. Яны ламаюць свае лёсы, асуджаюць на пакуты бацькоў. А намаганьні ж марныя: ілбом бэтоннага муру не праб’еш. У Беларусі створаная такая машына вынішчэньня любога іншадумства і апазыцыйнасьці, што нейкія пікеты ці флэш-мобы — гэта проста бескарысныя дзіцячыя забавы.

Дарослыя апазыцыйныя лідэры павінны ўтрымаць моладзь ад неапраўданых ахвяраў. Трэба рыхтаваць па-сапраўднаму масавы народны пратэст, гуртаваць сілы, а не распыляцца на дробязі й цярпець такія страты”.

Апазыцыйныя лідэры, спадар Каленік, наладжваюць тыя акцыі, на якія яны сёньня здольныя. Да таго ж, ня думаю, што старэйшыя апазыцыянэры могуць аддаваць каманды малодшым — што ім рабіць, а ад чаго ўстрымацца. У апазыцыйным асяродзьдзі няма такой жорсткай цэнтралізацыі і падпарадкаваньня.

Што да масавых пратэстаў, то яны рыхтуюцца. Празь месяц, 14 кастрычніка, апазыцыя плянуе правесьці “Эўрапейскі марш”. А яшчэ празь некалькі тыдняў, 4 лістапада, — “Сацыяльны марш”. Іншае пытаньне, наколькі масавымі яны будуць.

Наш слухач Алесь Станкевіч з Горадні зьвярнуў увагу на нядаўнюю прапанову некаторых гісторыкаў і палітыкаў абвясьціць галоўным дзяржаўным сьвятам у краіне дзень 17 верасьня — як ушанаваньне падзеяў 1939 году, калі ў выніку савецкай акупацыі Ўсходняй Польшчы Заходняя Беларусь была далучаная да БССР, і беларускі народ, такім чынам, узьяднаўся.

“Лічу, што рабіць так ня варта. Неабходна памятаць, якія падзеі тады адбываліся. Сталін менш за ўсё думаў пра інтарэсы беларускай нацыі. Ягонай сапраўднай мэтай было падзяліць разам з Гітлерам Эўропу.

Ды і што прынесла з сабой камуністычная ўлада ў Заходнюю Беларусь пасьля 17 верасьня 1939 году? Колькі людзей было беспадстаўна арыштавана, расстраляна, саслана на расейскую Поўнач! А якія пакуты прынесла сялянам гвалтоўная калектывізацыя!

Абвяшчаць гэты дзень дзяржаўным сьвятам было б няправільна і з гледзішча міжнароднай палітыкі: неабходна памятаць, які сьлед ён пакінуў у гісторыі нашых заходніх суседзяў.

Калі ўжо і мяняць Дзень Незалежнасьці, дык зь любога гледзішча варта абвяшчаць галоўным дзяржаўным сьвятам 25 сакавіка. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе Беларусь пасьля 123 гадоў расейскай акупацыі стала самастойнай дзяржавай”.

Дзень 17 верасьня ў пераліку афіцыйных дзяржаўных сьвятаў ня значыўся ні ў СССР, ні ў савецкай Беларусі, ні тады, калі Беларусь стала незалежнай. Магчыма, так адбылося таму, што на гэтай даце пры ўсім яе гістарычным значэньні для беларускай нацыі ляжыць цень ганебнага пакту Молатава — Рыбэнтропа.

А ўвогуле, каляндар дзяржаўных сьвятаў у Беларусі ўжо ня раз пераглядаўся. Ініцыятыва пераносу Дня незалежнасьці з 27 на 3 ліпеня належала прэзыдэнту Лукашэнку, і наўрад ці пры цяперашняй уладзе гэта дата будзе перагледжаная яшчэ раз — ад якіх бы гісторыкаў ні зыходзіла такая прапанова і чым бы яна ні абгрунтоўвалася.

Хоць рана ці позна беларусы будуць сьвяткаваць тыя даты й пад тымі сымбалямі, якія сапраўды ёсьць для нацыі вызначальнымі і спрадвечнымі. І ў гэтым сэнсе альтэрнатывы дню 25 сакавіка 1918 году, сапраўды, няма.

Аўтар наступнага ліста — былы вязень сталінскага ГУЛАГу Сьцяпан Зух са Смаргоні. Ён успамінае першыя пасьляваенныя гады, калі трапіў у засьценкі НКВД:

“Час быў такі: скажаш нешта ня так і ня ў тым месцы — і тут жа трапіш пад ваенны трыбунал. Так здарылася і са мной.

Той дзень 2 верасьня 1948 году не забуду ніколі. Вялейка, суд “тройкі”. За што судзяць — незразумела. Нібыта антысавецкая прапаганда. Тая “тройка” прамармытала нешта (напэўна, для парадку), а потым страшным голасам: “Падлягае да пакараньня найвышэйшай мерай”.

Зачыталі гэта і, бачу, адыходзяць ад стала. А я толькі потым пачаў асэнсоўваць, што гэта — канец. Захістаўся, але працягваю стаяць. Ахоўнік кажа: “Сядай!”

Хвілін празь дзесяць-пятнаццаць тыя судзьдзі вярнуліся. Прысуд зьмякчылі — расстрэл замянілі на 25 гадоў лягераў і яшчэ 5 гадоў абмежаваньня ў правах.

У хуткім часе пазьбіралі з навакольных вёсак і мястэчак яшчэ сотні дзьве такіх жа “антысаветчыкаў” — і пагналі этапам аж да Інты (гэта на поўначы Расеі, у Рэспубліцы Комі). Сьнягі, маразы, наўкол — тайга і тундра. І суцэльныя баракі з такімі ж няшчаснымі.

Нашылі на сьпіну нумар, далі ў рукі рыдлёўку ці сякеру — і працуй ад цямна да цямна за міску вадкай кашы.

У маёй брыгадзе было 23 чалавекі васямнаццаці розных нацыянальнасьцяў. Ня ўсе вярнуліся з таго пекла. А да цяперашняга часу і ўвогуле наўрад ці хто дажыў, апроч мяне”.

Тыдзень таму Канстытуцыйны суд Беларусі вырашаў: ці варта даваць падвышаныя пэнсіі тым дзецям вязьняў ГУЛАГу, якія не былі разам з бацькамі ў лягерах.

Меркаваная надбаўка мізэрная — дзесяць даляраў. І пэнсіянэраў такіх у Беларусі засталося няшмат — шэсьць тысяч чалавек. Але пільныя судзьдзі вырашылі: дзесяці даляраў дзеці палітвязьняў, калі яны не сядзелі разам з бацькамі за калючым дротам, ня вартыя.

Тое, што дзіцячыя дамы, у якіх пакутавалі гэтыя малыя, ня надта адрозьніваліся ад турмаў, судзьдзі ў разьлік ня бралі. І што лёсы гэтых дзяцей былі пакалечаныя, што яны дзесяцігодзьдзямі насілі кляймо сына ці дачкі “ворага народу”, зь якім немагчыма было атрымаць ні добрай адукацыі, ні прыстойнай працы — гэтага таксама высокі дзяржаўны суд улічыць не пажадаў.

Наш слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў працягвае размову аб праблемах журналісцкай культуры і прафэсіяналізму.

У папярэдняй перадачы “Паштовая скрынка 111”, нагадаю, прагучаў ліст Алеся Чарняўчыка зь Менску, у якім слухач абураўся, што адна зь беларускіх FM-станцыяў пра вынікі футбольнага матчу паведаміла праз два дні пасьля яго заканчэньня. Кастусь Сырэль з гэтай нагоды піша:

“О-о-о, спадар Алесь, два дні — гэта яшчэ надзвычай апэратыўна! Недзе ў канцы траўня — пачатку чэрвеня мінулага году ў нас у Вушачах адбылася надзвычайная падзея.

У мясцовым рэстаране ў адну з субот атруцілася вясельле амаль у поўным складзе — каля васьмідзесяці чалавек (як потым высьветлілася — сальманэлёз). Чалавек каля сарака трапіла ў вушацкі шпіталь, астатнія — у шпіталі Полацку, Наваполацку, Віцебску ды іншых гарадоў.

Дык вось, наша раённая газэта “Патрыёт” паведаміла пра гэта таксама ў суботу, але... роўна праз тры тыдні. На мой абураны ліст газэта дала такі зьдзеклівы адказ, што інакш як хамствам я яго не назваць не магу.

А якім спосабам павялічвае свой наклад усім вядомая “СБ”? Мае знаёмыя, муж і жонка (ня буду называць прозьвішча) на працы атрымліваюць гэтую газэту па падпісцы. Дык іх (і яго, і яе) прымусілі выпісаць газэту яшчэ і дахаты. Дастаюць цяпер з паштовай скрыні кожны дзень два асобнікі. Як вам гэта, паважаныя слухачы “Свабоды”?

На заканчэньне кароткі ліст ад Марыі Разуваевай зь Менску:

“Вельмі рада, што песьні ў выкананьні Данчыка ўключылі ў праграму Радыё Свабода, і што яны суправаджаюцца невялічкімі камэнтарамі. Хацелася б, каб зьвестак пра сьпевака было больш — пра ягонае жыцьцё і працу, пра тое, што яго хвалюе. У гэтага артыста цудоўны голас і выдатнае выкананьне. А якія прыгожыя песьні!..

Вельмі хочацца, каб Данчык прыехаў з канцэртам у Менск. Ці магчыма гэта?”

Магчыма, спадарыня Разуваева. Прынамсі, такія пляны ў Данчыка (Багдана Андрусышына) ёсьць. Днямі я размаўляў зь ім пра гэта.

Але ці адбудуцца ў Беларусі гэтыя канцэрты, залежыць ня толькі ад яго і ад жаданьня публікі. Ці знойдзецца заля для такіх канцэртаў, ці дазволяць іх беларускія ўлады? Без адказу на гэтыя пытаньні такія імпрэзы ў Беларусі немагчымыя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG