Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч зьвярнуўся да Генпракурора ў абарону А.Казуліна


Алесь Дашчынскі, Менск Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч накіраваў зварот да Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Пятра Міклашэвіча. У ім палітык нагадвае, што на разглядзе ў пракуратуры знаходзіцца наглядальная скарга адваката Аляксандра Казуліна. У скарзе абарона патрабуе адмяніць судовыя рашэньні і спыніць справу з прычыны адсутнасьці ў дзеяньнях А. Казуліна складу злачынстваў.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў:

“Я цалкам падтрымліваю законныя патрабаваньні абаронцаў А. Казуліна і лічу, што Вы павінны ўнесьці пратэст у парадку нагляду, у выніку якога Казулін будзе вызвалены ва ўстаноўленым парадку. Скарга абаронцаў Казуліна практычна вычэрпвае ўнутраныя сродкі абскарджаньня, прадугледжаныя беларускім заканадаўствам. Нацыянальныя прававыя інстанцыі яшчэ маюць магчымасьць аб’ектыўна разгледзець дадзеную крымінальную справу ў наглядальным парадку і выправіць цяжкія судовыя і сьледчыя памылкі. Перагляд крымінальнай справы супраць Аляксандра Казуліна будзе мець не толькі судова-прававое, але і маральна-этычнае значэньне, стане крокам, які прадэманструе добрую волю беларускіх уладаў”.

Паводле А. Мілінкевіча, “крымінальная справа, распачатая супраць А. Казуліна, была палітычна матываваная і амаль максымальнае пакараньне – гэта перасьлед апазыцыйнага палітыка за яго удзел у прэзыдэнцкай кампаніі”.

Раней з аналягічным патрабаваньнем да генпракурора зьвярнуліся Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і Анатоль Ляўковіч.



13 ліпеня 2006 году суд Маскоўскага раёна Менску пакараў былога кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Казуліна на 5 гадоў і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.



• І. Рынкевіч: “Прысуд Казуліну застаецца незаконным”, 19.09.2007
XS
SM
MD
LG