Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Скурко: “Імёны Свабоды” добра чытаць у дарозе


Ганна Соўсь, Менск Выйшла ў сьвет кніга Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII—XXI стагодзьдзяў. Ад 1 студзеня 2006 году да Дня Волі 2007 году ў ранішнім эфіры “Свабоды” Ўладзімер Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю й незалежнасьць. Выданьне склалі выбраныя эсэ з больш чым трохсот радыёперадачаў.

На думку галоўнага рэдактара газэты “Наша ніва” Андрэя Скурка, кніга Ўладзімера Арлова цудоўна чытаецца ў дарозе.

“Сабраныя ў ёй нарысы дзеячаў беларускай культуры і палітыкі, увогуле беларускага руху за апошнія стагодзьдзі як раз таго памеру і той меры прыватнасьці, якая проста не пакідае чалавека абыякавым.

Чытаючы гэтую кнігу, разумееш, што гэта не энцыкляпэдычны даведнік, сухі, гістарычны, якім бы ён мог быць, а што гэта ўсё ж мастацкая кніжка. Многія чытачы са зьдзіўленьнем пабачаць, што некаторых асобаў, прадстаўленых у кнізе, яны маглі ведаць, бачыць, чуць пра іх, і пасьля чытаньня такой кнігі становіцца яшчэ цяплей.

Мне падаецца вельмі важным той момант, што ў гэтую кнігу трапілі ня толькі тыя дзеячы, якіх мы традыцыйна лічым слупамі, асновамі, на якіх трымаецца наша сёньняшняя беларуская культура, беларускае грамадзтва. Але ў кнігу патрапілі і дзеячы кшталту Івана Саланевіча, які стаяў на абсалютна іншых ідэйных пазыцыях. Але тым ня менш быў, існаваў, быў беларусам. Мне падаецца гэта вельмі істотным”, – кажа Андрэй Скурко.

Я зьвярнула ўвагу аўтара “Імёнаў Свабоды” Ўладзімера Арлова на тое, што лёсы большасьці герояў ягонай кнігі склаліся вельмі трагічна. Праўда былі выключэньні, і яны пераважна тычыліся дзеячаў беларускай эміграцыі.

“Тыя, каму лёс адмерыў жыцьцё доўгае, гэтае жыцьцё ўсё роўна нельга назваць спакойным, шчасьлівым, бо доўгія гады лёсіла пражыць тым, каму лёсіла расстацца з радзімай”, – кажа Ўладзімер Арлоў.

Прэзэнтацыя кнігі “Імёны Свабоды” ў Менску і інтэрнэце — у пятніцу, 21 верасьня. Адрас у Менску — “Варвашэні”, 8, пачатак у 18:00. Адрас у інтэрнэце — svaboda.org.

Яшчэ больш водгукаў на “Імёны Свабоды” -- новую кнігу з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” – чытайце на нашым сайце, а таксама слухайце ў ранішнім і вечаровым эфіры

У сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” ўжо выйшлі кнігі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе”, “Дуліна ад Барадуліна”, “Прыгоды Ара ў Беларусі”, “Вострая брама”, “Беларуская атлянтыда”, “Плошча” і “Альбом сямейны”.




• А.Пашкевіч: “Уладзімер Арлоў здолеў скласьці нацыянальны пантэон”, 19.09.2007 • ”Беларуская моладзь будзе чытаць “Імёны Свабоды” ў падручніках”, 19.09.2007 • В.Ракіцкі: “Кніга У.Арлова пашырае нацыянальна-культурніцкі працэс”, 19.09.2007 • “Імёны Свабоды: “Там кожнае імя – гэта сымбаль”, 19.09.2007 • “Партрэты Арлова - нібы паэмы ў сваёй эканомнасьці і насычанасьці”, 19.09.2007 • В.Вячорка: “Імёны Свабоды” – не эпітафіі, гэта як кроплі жывой вады”, 18.09.2007 • М.Жбанкоў пра “Імёны Свабоды”: Гэта гісторыя беларускага патрыятызму, 18.09.2007 • “Імёны Свабоды”: ад Тадэвуша Рэйтана да Аўгіньні Дзянісавай, 18.09.2007 • Захар Шыбека: “Арлоў валодае ўнікальнай здольнасьцю паэтычнага ляканізму”, 17.09.2007 • Алег Гардзіенка: “Уладзімер Арлоў стварыў малую энцыкляпэдыю беларускай свабоды” , 17.09.2007
XS
SM
MD
LG