Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад ацяпляльным сэзонам ва ўрадзе рыхтуюцца падвысіць камунальныя тарыфы


Галіна Абакунчык, Менск Напярэдадні ацяпляльнага сэзону запазычанасьць насельніцтва за жыльлёва-камунальныя паслугі складае 40 мільёнаў беларускіх рублёў. Адначасна ўрад краіны рыхтуе праграму падвышэньня камунальных тарыфаў. Лідэры аб’яднаных дэмсілаў заяўляюць, што гэтая сытуацыя будзе ў цэнтры ўвагі ў працы з насельніцтвам падчас парлямэнцкіх выбараў.

Сёлета камунальнікі выставілі неплацельшчыкам амаль 25 тысячы судовых пазоваў і ўжо спагналі 15 мільярдаў беларускіх рублёў. 152 сям’і выселена і 406 чакаюць разгляду справы ў судзе.

У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі адмаўляюцца паведаміць, як хутка і наколькі вырастуць тарыфы, але, што гэта будзе, не адмаўляюць. Галоўны эканаміст міністэрства Вера Тамільчык увогуле не задаволеная сёньняшняй тарыфнай палітыкай:

“Якія тут грошы мы яшчэ плацім? Вада – дармавая – увогуле сорам. Нам, як супрацоўнікам галіны, дык вельмі крыўдна. Бяруць пляшку вады – дзьве тысячы плацяць – і за месяц за ваду дзьве тысячы. Трэба ж і зь іншымі коштамі параўноўваць. Нам жа таксама крыўдна, давядзём нашу гаспадарку. Трэба ж на пэрспэктыву думаць”.

У мінулым ацяпляльным сэзоне пражываньне ў менскай аднапакаёўцы аднаму чалавеку каштавала амаль 100 тысячаў беларускіх рублёў. Сям’я з трох чалавек у трохпакаёвай кватэры выдаткоўвала ад 150 да 200 тысячаў.

Эканаміст і палітык Яраслаў Раманчук заяўляе, што праблема падвышэньня камунальных тарыфаў для ўраду стаіць толькі так, каб зрабіць яго малазаўважным.

“Сёлета на спажыўцоў было перакладзена каля 60% затратаў. У наступным годзе трэба будзе перанесьці значна больш. Можа быць так, што нейкія ільготныя тарыфы будуць пакінутыя, а тое, што звыш – будзе аплачвацца паводле завышаных тарыфаў. Магчыма, што будзе ўведзеная рэглямэнтацыя на спажываньне электрычнасьці, тэхнічнага абслугоўваньня, могуць увесьці аплату на нерухомасьць, што таксама будзе кампэнсаваць страты ад новых коштаў на энэрганосьбіты. Думаю, што ўрад знойдзе спосаб, як ашукаць людзей і залезьці ім у кішэню”.

Спадар Раманчук мяркуе, што кошты будуць расьці пакрысе штомесяц. Істотнае ж падвышэньне адбудзецца напрыканцы ацяпляльнага сэзону пасьля парлямэнцкіх выбараў. Апазыцыя намерваецца засяродзіць на гэтым увагу грамадзкасьці, кажа адзін зь лідэраў аб’яднаных дэмакратаў Вінцук Вячорка.

“Я яшчэ са сваёй уласнай кампаніі мясцовых выбараў пазнаёміўся зь мясцовымі актывістамі жыхарскага руху. Яны дамаўляліся кантраляваць паказаньні лічыльнікаў, усталяваных у падвалах дамоў. Гэта гатовыя структуры палітызаванай грамадзянскай супольнасьці, ад якіх адзін крок да фармаваньня палітычных структураў”.
XS
SM
MD
LG