Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымае беларуская мова апеку ад уладаў?


Ігар Карней, Менск Ці не ўпершыню ад канца 1990-х дзяржаўны чыноўнік высокага рангу публічна заявіў пра неабходнасьць прыцягненьня да адказнасьці за непавагу да роднай мовы. 18 верасьня старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Рыгор Васілевіч у часе сэмінару, прысьвечанага пытаньням міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека і правасудзьдзя, адзначыў: у беларускай Канстытуцыі замацаваная недапушчальнасьць дыскрымінацыі грамадзянаў паводле рэлігійнага, палавога, расавага і моўнага прынцыпаў. “З усім, апроч мовы, у нас добра”,– заявіў Васілевіч і нагадаў: адказнасьць за непавагу да дзяржаўнай мовы ніхто не адмяняў.

У якасьці прыкладу дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы Рыгор Васілевіч згадаў выпадак з жыхаром Гомелю Сяргеем Сямёнавым. Калі месяц таму хлопец вяртаўся з Украіны, мытнікі загадалі яму запоўніць дэклярацыю. Сямёнаў адмовіўся запаўняць расейскамоўны блянк і папрасіў, каб яму далі фармуляр на беларускай мове, за што ўрэшце быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці. Мытнікі клясыфікавалі гэта як “непадпарадкаваньне патрабаваньням службовай асобы”. У выніку суд спагнаў з Сямёнава 30 базавых велічынь штрафу – амаль 450 даляраў.

Сяргея Сямёнава ўдалося адшукаць ва Ўкраіне. Пра тое, што на ягоную абарону стаў старшыня Канстытуцыйнага суду, ён даведаўся з інтэрнэту. Цяпер гадае: ці зможа “апякунства” дапамагчы ў аналягічным працэсе?

“У мяне ў панядзелак яшчэ адзін суд з такой жа фармулёўкай: “непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў мытні”. Я зноўку папрасіў дэклярацыю на беларускай мове і яны зноў жа склалі на мяне пратакол. І, хутчэй за ўсё, будзе разглядаць справу тая ж судзьдзя, Марына Дамненка. Мне будзе вельмі цікава: які прысуд яна зараз вынясе? Адзначу: заяву ў Канстытуцыйны суд я яшчэ толькі рыхтую, але вельмі задаволены, што і без маёй заявы яны зьвярнулі ўвагу на гэту сытуацыю”.

На пазыцыю Васілевіча імгненна адрэагаваў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі. У часе прэсавай канфэрэнцыі ён паабяцаў, што блянкі дэклярацыяў на беларускай мове будуць надрукаваныя ў найбліжэйшым часе. Чыноўнік нават сказаў, што адсутнасьць беларускамоўных дакумэнтаў – ягоная асабістая памылка, якая будзе вельмі хутка выпраўленая.

“Выпадкі неадэкватнага стаўленьня да беларускай мовы зусім нярэдкія, і яны недапушчальныя”,– канстатаваў Рыгор Васілевіч. Ён зьвярнуўся да калегаў-судзьдзяў, якія мусяць карыстацца беларускай мовай на патрабаваньне ўдзельнікаў працэсу. Васілевіч у якасьці прыкладу назваў Канстытуцыйны суд, дзе ўсе рашэньні перакладаюцца на расейскую ці беларускую мову ў залежнасьці ад таго, на якой мове вёўся разгляд справы. Іншыя структуры, паводле Васілевіча, звычайна адмаўляюцца прымаць заявы, калі яны напісаныя па-беларуску. Чыноўнік нават працытаваў бачаную на ўласныя вочы рэзалюцыю: “Перепишите заявление на нормальном языке». «Такая рэзалюцыя ёсьць непавагай да мовы»,– падсумаваў Васілевіч.

Спадар Васілевіч расказаў пра зусім невытлумачальныя выпадкі, зь якімі сутыкаюцца грамадзяне краіны. Прыкладам, у Канстытуцыйны суд зьвярнуўся абітурыент, у якога пытаньні да цэнтралізаванага тэставаньня па беларускай мове былі напісаны па-расейску.

• Канстытуцыйны суд заступіўся за беларускую мову, 18.09.2007 • Хочаш дэкляраваць па-беларуску – у суд , 10.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG