Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці можна адведаць страўсяціны


Іна Студзінская, Менск Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўнага друку за 20 верасьня.

“Народная Воля” паведамляе, што Генэральная пракуратура Літвы аднавіла расьсьледаваньне гібелі ў Берасьці літоўскага дыплямата Вітаўтаса Пацюнаса. Цела дыплямата было знойдзена 23 жніўня 2006 года каля гатэлю “Інтурыст”, але Генэральная пракуратура Беларусі палічыла гэта няшчасным выпадкам і крымінальную справу не завяла. Літоўскі бок праводзіў уласнае расьсьледаваньне, але летась у сьнежні яго спыніў. Цяпер расьсьледаваньне працягнецца па просьбе родных загіблага.

“Ранак плюс”. “Сьветлагорск пусьцяць “з малатка”. У горадзе распрадаюць камунальную маёмасьць. Дзьве крамы і рэстарацыю “Ля прычалу” не прадалі на двух аўкцыёнах, таму на чвэрць зьнізілі цэны і выстаўляюць на продаж зноў. А цяпер прадаецца яшчэ і цэлы гатэльны комплекс “Сьветлагорск”. Гарадзкія ўлады ня ў стане ўтрымліваць гатэль, які зараз у аварыйным стане, і спадзяюцца, што новы гаспадар давядзе будынак, які вельмі неабходны гораду, да ладу.

“Вольнае Глыбокае” публікуе адкрыты ліст грамадзкасьці Глыбокага да дзяржсакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана. Цікава, што людзі зьвяртаюцца не да міністра адукацыі, а менавіта да дзяржсакратара Рады бясьпекі, бо лічаць сытуацыю з беларускамоўнай школай пагрозай нацыянальнай бясьпецы. Гаворыць галоўны рэдактар “Вольнага Глыбокага” Уладзімер Скрабатун:

“У горадзе Глыбокае існуе тры школы: дзьве расейскамоўныя, адна цалкам беларускамоўная. Аднак пэўная частка грамадзянаў робіць намаганьні, каб гэтую школу перавесьці на расейскую мову навучаньня. Мы лічым, што дзейнасьць гэтых асобаў падрывае асновы беларускай дзяржаўнасьці, бо мова ёсьць адзін з галоўных атрыбутаў дзяржаўнасьці”.

“Вечерний Брест”. У Берасьці ад сёньня пачынаецца продаж новага далікатэсу –страўсяціны. Стравы з дыетычнага мяса, якое не ўтрымлівае тлушчу і алергенаў, будуць гатаваць і ў берасьцейскіх рэстарацыях і кавярнях. У крамах прадаецца запечаны паўфабрыкат “філе стаўса”, запакаваны ў гофратару. У продаж і рэстарацыі ідзе толькі мяса маладых птушак (узросту да 36 месяцаў), у той час як сярэдняя працягласьць жыцьця страўса – 65 гадоў. Кошт страўсяціны – 22 тысячы за кіляграм. Страўсіная фэрма разьмешчаная ў Кобрыньскім раёне.
XS
SM
MD
LG