Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску заведзеная крымінальная справа за наўмыснае разбурэньне гістарычных помнікаў


Радыё Свабода Віцебская абласная пракуратура распачала крымінальную справу паводле артыкула 344, частка 2-я (наўмыснае разбурэньне помнікаў гісторыі) супраць прадпрыемства "Віцебскводаканал". Камунальнае прадпрыемства панясе адказнасьць за тое, што праводзіла земляныя працы без дазволу Міністэрства культуры, хаця загад пракласьці камунікацыі ў ахоўнай гістарычнай зоне аддаў віцебскі гарвыканкам.

Паводле старшага сьледчага абласной пракуратуры Зьмітра Рудакова, гэта першая крымінальная справа на Віцебшчыне, распачатая за парушэньне закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны". Вінаватым у парушэньні заканадаўства пагражае абмежаваньне волі на тэрмін ад 2 да 5 год або турэмнае зьняволеньне ад 3 да 12 год.

У інтэрвію агенцтву БЕЛТА спадар Рудакоў паведаміў, што крымінальную справу завялі 14 верасьня. Аднак правапарушэньні, якія сталіся падставай для гэтага, адбыліся 4 месяцы таму. І напачатку абласная пракуратура адмаўлялася ня тое што заводзіць крымінальную справу, але нават праводзіць разьбіральніцтва.

З 11 да 16 траўня на плошчы Свабоды падчас земляных работ з прымяненьнем адмысловай тэхнікі былі пашкоджаныя парэшткі будынкаў комплексу Сьвята-Мікалаеўскага сабору, пабудаванага ў 18-м стагоддзі ды зруйнаванага й засыпанага зямлёй у 1957 годзе. На думку адмыслоўцаў, шкода была нанесеная гісторыка-культурным каштоўнасьцям 2-й катэгорыі, якія адносяцца да асабліва каштоўных, унікальных помнікаў гісторыі і культуры.

Як толькі на плошчы Свабоды зьявіўся першы катлаван, у якім было відаць рэшткі сабору, спэцыяліст управы культуры Віцебскага аблвыканкаму Ніна Сулецкая адразу ж напісала ліст ў абласную пракуратуру. Адказу чакалі тыдзень, і ўвесь гэты час на плошчы бесперашкодна працавала землярыйная тэхніка. Гаворыць спадарыня Сулецкая:

"Каб нашыя шаноўныя дзяржаўныя ворганы выконвалі свае абавязкі, то гэтага парушэньня закону магло й ня быць! Але ж яны ніяк не адрэагавалі. І толькі праз тыдзень з пракуратуры прыйшоў адказ. І адказ вельмі дзіўны – з пытаньнямі " А хто такая Сулецкая?", "А чаго яна да нас зьвяртаецца?" Тады я даслала ўсе гэтыя дакумэнты ў Міністэрства культуры. Адтуль напісалі ў рэспубліканскую пракуратуру. І толькі пасьля ў Віцебск прыйшоў ліст, што Генэральная пракуратура пасьля звароту з Міністэрства культуры аддае загад віцебскай абласной пракуратуры разьбірацца з гэтай справай".

Паводле зьвестак спадарыні Сулецкай, закладку камунікацый на тэрыторыі ахоўнай гістарычнай зоны "Віцебскводаканалу" замовіў гарвыканкам. І не таму, што нібыта прыйшоў час рамантаваць каналізацыйныя сеткі, як тлумачылі журналістам чыноўнікі. А таму, што тут заплянаванае будаўніцтва моладзевага забаўляльнага цэнтру, якое мае ажыцьцявіць тутэйшы прадпрымальнік Аляксандар Данілаў.

Супраць будаўніцтва гэтага цэнтру ўжо колькі месяцаў пратэстуюць віцебскія грамадзкія актывісты. Аднак пакуль з усіх інстанцый, у тым ліку з абласной пракуратуры, прыходзяць паведамленьні, што ў ахоўнай зоне нічога будавацца ня будзе.

• "Віцебскводаканал" руйнуе рэшткі старажытнай забудовы гораду, 12.05.2007 • В. У Віцебску маліліся за аднаўленьне гістарычнай спадчыны, 06.06.2007 • Віцебская моладзь ня хоча моладзевага цэнтру, 05.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG