Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым альбоме "Песьняры" сьпяваюць “Разьвітаньне з Радзімай” па-расейску


Зьміцер Падбярэскі, Менск Апошні альбом дзяржаўнага ансамблю “Песьняры” датаваны 2001 годам. Запісаны ён быў і выдадзены яшчэ пры жыцьці Ўладзімера Мулявіна. Сёньня ў Менску цяперашнія ўдзельнікі калектыву пазнаёмілі з новай працай – альбомам “Распавядальная”. Наш карэспандэнт наведаў прэсавую канфэрэнцыю “Песьняроў”.

Рэпэртуар альбому даволі стракаты, ён уключае як даўно вядомыя песьні кшталту “Зачарованая мая” ці “Мой родны кут”, так і амаль невядомыя творы, аўтарам музыкі і тэкстаў большасьці зь якіх зьяўляецца цяперашні мастацкі кіраўнік дзяржаўных “Песьняроў” Вячаслаў Шарапаў. Большая частка песень гучыць на беларускай мове. Пры гэтым Вячаслаў Шарапаў падкрэсьліў, што гэты альбом-кампіляцыя падводзіць вынік пэрыяду аднаўленьня калектыву:

“Жыцьцё паказала, што “Песьняры” патрэбныя і ў Беларусі, і ў Расеі, і, відаць, ува ўсёй постсавецкай прасторы. Гэта паўсюль патрэбна, гэты жанр запатрабаваны, таму ў свой час мы ўзвалілі на сябе гэтую нялёгкую ношу і нясем яе”.

Якія “Песьняры” самыя сапраўдныя?

Вакол таго, ці маюць права і ці наагул здольныя цяперашнія “Песьняры” несьці далей, разьвіваць закладзеныя Мулявіным традыцыі, і дагэтуль вядуцца зацятыя спрэчкі. Адны гавораць, што па сьмерці Мулявіна само паняцьце “Песьняры” страціла ўсялякі сэнс, іншыя мяркуюць, што цяперашні калектыў павінен не перапяваць клясычнага “песьняроўскага” рэпэртуару, а шукаць уласны творчы шлях.

Альбом “Распавядальная” з сымбалем сучасных “Песьняроў” на вокладцы – выявай калёснай ліры – наўрад ці дае на гэта адказ. Хутчэй ён ставіць новыя пытаньні.

Да прыкладу, ёсьць у альбоме вэрсія а капэля славутага палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага, якая гучыць на расейскай мове. Нагадаўшы аўтару слоў абставіны, у якіх была напісаная мэлёдыя, я спытаўся, ці нармальна гэта?

“Рэч у тым, што ў свой час расейскі імпэратар прабачыў яго, – адказаў Вячаслаў Шарапаў. – Гэта па-першае. Па-другое, сам ён мае расейскія карані, паходжаньне са Смаленшчыны. Трэці аспэкт: паколькі ўсё-такі на постсавецкай прасторы расейская мова зьяўляецца мовай міжнацыянальных зносін, мы гэты сэнс можам данесьці шырэй. Дарэчы, цяпер ужо існуе польскамоўная вэрсія палянэзу, яна ўжо створана. У плянах мы хочам стварыць і беларускую вэрсію”.

Як высьветлілася, беларускамоўнай вэрсіі гэтага твору на верш Сержука Сокалава-Воюша Вячаслаў Шарапаў ніколі ня чуў.

Вячаслаў Шарапаў: “Мы маем правы, дэлегаваныя нашым народам”

Атрымалася так, што пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна на сцэнах галоўным чынам Беларусі і Расеі выступаюць тры калектывы, якія выкарыстоўваюць назву “Песьняры”. Пры гэтым Леанід Барткевіч зарэгістраваў у Расеі на назву патэнт, згодна зь якім Беларускі дзяржаўны ансамбль нібыта ня мае права выступаць у Расеі пад імем “Песьняроў”. Вячаслаў Шарапаў растлумачыў сытуацыю так:

“Пытаньне патэнту на гэтую назву дастаткова спрэчнае, таму што, шчыра кажучы, зроблена тое было зладзейскім чынам. Людзі, якія на той момант ужо не працавалі ў ансамблі і ведалі, дзе знаходзяцца ключы ад сэйфа, узялі пасьведчаньне, выдадзенае ў свой час Мулявіну, і паехалі ў Маскву. Зарэгістраваліся ў “Роспатэнце” і ўсенародна аб’явілі, што яны цяпер на тэрыторыі Расеі зьяўляюцца спадчыньнікамі ўсяго і там працуюць.

Я хачу сказаць, што ні на тэрыторыі Расеі, ні на тэрыторыі Ўкраіны, ні на тэрыторыі іншых краін мы ніколі ня мелі нейкіх праблем, зьвязаных з гэтым пытаньнем. Мы маем правы, дэлегаваныя нашай дзяржавай, дэлегаваныя, адпаведна, нашым народам”.

У плянах дзяржаўных “Песьняроў” – запіс новых альбомаў на вершы Янкі Купалы, беларускіх паэтаў ХІХ стагодзьдзя, праграмы новых аранжаваньняў народных песень і твораў, напісаных удзельнікамі калектыву.

Дзяржаўны ансамбаль “Песьняры”, 19.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG