Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БХК: вайскоўцаў выкарыстоўваюць на прымусовых працах


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускія вайскоўцы выкарыстоўваюцца на цывільных работах на грамадзянскіх аб’ектах. У Міністэрстве абароны лічаць, што гэта таксама зьяўляецца баявой падрыхтоўкай. Аднак беларускія праваабаронцы цьвердзяць, што ў войску практыкуюцца прымусовыя работы.

Салдату ў месяц даюць 19 500 рублёў

Беларускія вайскоўцы ў залежнасьці ад пасады атрымліваюць за месяц ад 19 з паловай да 39 тысяч рублёў. І калі яны працуюць, да прыкладу, на ўборцы ўраджаю ці на будаўніцтве мосту, яны не атрымліваюць заробку, як тыя ж калгасьнікі ці будаўнікі.

Намесьнік міністра абароны ў пытаньнях тылу генэрал-маёр Балігатаў даслаў у Беларускі Хэльсынскі камітэт ліст. У ім гаворыцца, што аплата будаўнічых і іншых работ заканадаўствам не прадугледжана. Салдатам могуць аддзячыць хіба толькі каштоўнымі падарункамі ці граматамі. Але, паводле законаў, камандаваньне вайсковых частак можа заключаць дамовы з гаспадарчымі суб’ектамі для аказаньня вайскоўцамі платных паслугаў. Гэтая супярэчнасьць і зацікавіла праваабаронцаў.

“Мы лічым, што гэта можна лічыць прымусовай працай, якая забароненая”

“Самім гэтым салдатам плацяць звычайны салдацкі заробак, – расказвае сябра БХК Алег Гулак. – А заробленыя грошы ідуць у Міністэрства абароны. Але пры гэтым салдаты застаюцца салдатамі, абавязаныя выконваць загады. Ня могуць адмовіцца ад працы, на іх не распаўсюджваюцца працоўныя гарантыі. Мы лічым, што гэта можна лічыць прымусовай працай, якая забароненая”.

Да прыкладу, у Менску салдаты пракладвалі кабэль для тралейбуснай лініі.

“18-гадовых хлопцаў забіраюць у войска, яны ня могуць адмовіцца, – працягвае Алег Гулак. – Яны абавязаныя ісьці выконваць свой ганаровы абавязак. Замест таго, каб у 18 год напрацоўваць адукацыю альбо грошы зарабляць, яны вымушаныя працаваць на малакваліфікаваных работах, не атрымліваць заробкаў. Іх проста выкарыстоўваюць на работах, за якія Міністэрства абароны атрымлівае грошы. На нашу думку, такога быць не павінна”.

Работы для вайскоўцаў могуць быць розныя. Паводле Алега Гулака, стала вядома, да прыкладу, што ў Віцебску падчас “Славянскага базару” дэсантнікаў выкарыстоўвалі для прыбіраньня тэрыторыі і на будаўнічых работах. Праваабаронцы лічаць, што гэтая сытуацыя даволі распаўсюджаная. Такія факты цяпер цікавяць БХК.

“На нашу думку, трэба мяняць сытуацыю, бо гэта ў нас узаконена. Ёсьць зацьверджанае прэзыдэнтам палажэньне аб парадку выкарыстаньня вайскоўцаў на цывільных работах. Але тут гаворка ідзе аб прымусовай працы – яна забароненая”, – зазначае Алег Гулак.

“БХК крыху прымітыўна разумее вайсковую службу”

У Міністэрстве абароны – іншы погляд на гэтую праблему. Прэсавы сакратар міністэрства Вячаслаў Раменчык знаёмы з пазыцыяй БХК:

“БХК крыху прымітыўна разумее вайсковую службу: што салдат абавязкова павінен знаходзіцца з аўтаматам на палігонах і гэтак далей. Але прызначэньне шэрагу вайскоўцаў транспартных войскаў – гэта ня толькі выкананьне баявых задач са зброяй у руках, але й выкананьне тых задач, пра якія БХК гаворыць. Гэта і пабудова мастоў, і дапамога ў рамонце чыгункі. Гэта спэцыялісты, якія па службовых абавязках гэтым і займаюцца – і ў мірны, і ў ваенны час. Да ўбіраньня ўраджаю ў нас у асноўным залучаюцца аўтамабільныя войскі. Вайскоўцы, якія зьяўляюцца кіроўцамі. Тым самым вайскоўцы ўдасканальваюць свае баявыя навыкі. Тут пра нейкія прымусовыя работы гаворкі ня можа ісьці”.

“Мы проста бурылі двух-трохпавярховыя старыя будынкі”

Віталь Броўка, які некалькі месяцаў таму вярнуўся з войска, расказвае, што вельмі часта – замест баявой падрыхтоўкі – салдатаў выкарыстоўваюць на гаспадарчых работах унутры часткі:

“Да прыкладу, я і мае сябры ўдзельнічалі ў разбурэньні старых будынкаў. Гэта ў вельмі такіх рызыкоўных умовах праходзіла. Мы проста бурылі двух-трохпавярховыя старыя будынкі”.

Карэспандэнт: “Вам жа не плацілі за гэта грошай?”

Броўка: “Натуральна. Гэта нават нідзе не праходзіла ні па якіх дакумэнтах. Афіцыйна лічылася, што ў гэты момант мы займаліся разьбіраньнем аўтаматаў”.

Карэспандэнт: “А тых грошай, якія ў войску выплачваюць, іх хапае салдату?”

Броўка: “Што вы, сьмеяцеся? Гэта ж нейкія 15 – 20 тысяч. Нават па сьціплых салдацкіх мерках хопіць на чатыры-пяць паходаў у чыфан (у салдацкую чайную). Набыць кавы, да кавы нейкай мінэралкі, семак – і ўсё”.
XS
SM
MD
LG