Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 19 верасьня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Удзельнікі форумаў парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць навіну пра тое, што Міністэрства эканомікі абмежавала цэны на алей.

Камэнтары ўдзельнікаў:

“Ды неяк паспрабавалі спыніць і стабілізаваць цэны на жытло. Указамі й пастановамі цэнаў ня спыніш!”

“Спынілі ня проста цэны – зьнізілі прыбытак гандлю, яго рэнтабэльнасьць. Збанкрутуе гандаль. Альбо ў Беларусь пойдзе алей “пятага” выціску”.

“Ужо ўпарадкавалі цэны на рыбу – рыба звараная трэцяга гатунку, і вады ў марожанай рыбе болей, чым самой рыбы. Рэальна так будзе і з алеем – 5-ы гатунак з павялых семак”.

“Цэньнік усё адно расьце ў дастаўцаў (Расея і Ўкраіна). Таму і ў нас цэньнік будзе расьці, ніхто яго не абмяжуе. Але можна, вядома, як зь лекамі абысьціся – імпартазамяшчэньне ўключыць”.

На сайце "Нашай нівы" Андрэй Дынько працягвае дыскусію аб мэтазгоднасьці пераходу часткі носьбітаў беларускай мовы на афіцыйны правапіс:

“Калі мы лічым, што пераход на адзіны правапіс палегчыць камунікацыю інтэлігенцыі з грамадзтвам (сёньня сем зь дзесяці сумленных інтэлектуалаў аддаюць перавагу клясычнаму правапісу, але толькі для двух з сотні беларусаў чытаньне клясычным правапісам не ўяўляе складанасьці), калі мы лічым магчымым пашырэньне ўплыву беларускага незалежнага грамадзтва ў пэрспэктыве бліжэйшых 15—20 гадоў, трэба пераходзіць на адзіны. Калі мы не спадзяемся пашырыць уплыву ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі, калі галоўнае на сёньня не пашырэньне ўплыву, а захаваньне чысьціні ідэі, тады трэба заставацца пры клясычным правапісе як прынцыпе, хоць яго ўжытак будзе абмяжоўваць выкарыстаньне тэкстаў у паўсядзённай практыцы. Гаворка ў любым разе пра выбар інструмэнту, і ня больш”.

На сайце блогаў Позірк надрукаваны пераклад зацемак ангельскага падарожніка Ўільяма Кокса, які ў 1778 годзе вандраваў па Вялікім Княстве Літоўскім.

Вось урывак адтуль:

“Увечары 17-га мы прыехалі ў Менск. Пасьля надзвычай благіх умоваў нашага начлегу ў Міры Менск падаўся нам узорам высокага густу й раскошы. Там мы жылі ў камфорце, які дагэтуль быў нам невядомы; акуратны, вымыты пакой з цаглянай падлогай, адсутнасьць скочак і мух, вялікая колькасьць чыстай саломы, добрага хлеба і сьвежага мяса. Начны сон аднавіў нашыя сілы, і мы накіраваліся ў сталовую залю Езуіцкага кляштару, дзе напярэдадні былі абраныя нунцыі.

Спачатку мы не маглі трапіць усярэдзіну, пакуль не зьявіўся чалавек, які выглядаў важнай асобай і запытаўся па-нямецку, зь якой краіны мы былі і зь якой мэтай зьявіліся. Мы адказалі, што мы – тры джэнтэльмэны з Англіі, якія хацелі сузіраць у гэтым месцы кожную зьяву, вартую ўвагі. Спадар выказаў зьдзіўленьне прастатой нашага адзеньня, асабліва адсутнасьцю шабляў. “У Польшчы, – ён сказаў, – кожны джэнтэльмэн носіць сваю шаблю як знак свайго рангу і ніколі не зьяўляецца на людзях безь яе. Я прапаную вам прытрымлівацца гэтай традыцыі, пакуль вы вандруеце па гэтай краіне, калі вы хочаце, каб да вас ставіліся як да джэнтэльмэнаў”.

Блогерка kamrushepa, маладая маці, зьмяшчае ў сваім сеткавым дзёньніку вось такі паэтычны постмадэрнісцкі твор:

“Не сядзіцца ў сьлінгу Хлопчыку малому, Пяць хвілін у сьлінгу – Горш няма аблому!

Мама для дачушкі Сьлінг начамі шые, А яна да таты Просіцца на шыю.

А дзіця брыкаецца – Скінула сандалі, І ад сьлінга-мамы Адпаўзло падалей.

Мамы й таты ў роспачы: Што ня так у сьлінгах? А малыя ў пампэрсах Лётаюць, бы ў стрынгах.

Можа, ў інтэрнэце Нехта кіне лінк, Як дзіця кабеце Пасадзіць у сьлінг?”
XS
SM
MD
LG