Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: у школьніка “зьявіліся непрыемнасьці” за яго артыкулы ў інтэрнэце


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня дырэктар Пінскай СШ №8 Іван Сергіевіч у прысутнасьці намесьніцы па ідэалёгіі Галіны Ганчаровай і кляснага кіраўніка Тацяны Заяц паведаміў вучню выпускной клясы Зьмітру Кісялю, што ім цікавіцца КДБ.

У заяве для Радыё Свабода Зьміцер Кісель паведаміў прычыну перасьледу. Са словаў юнака, ён актыўна ўдзельнічае ў інтэрнэт-рэсурсе http://pinsk.com, дзе разьмясьціў каля 30 артыкулаў пад псэўданімам Вацлаў Паспаліты. Некалькі апошніх – пра лёс палітвязьня Аляксандра Казуліна.

“Дырэктар шмат крычаў і пагражаў, што, маўляў, твая пазашкольная дзейнасьць будзе мець самыя нэгатыўныя наступствы ў далейшым лёсе”, – сьцьвярджае Зьміцер Кісель.

Клясны кіраўнік Тацяна Заяц паведаміла нашаму радыё, што Зьміцер Кісель “добра вучыцца, таленавіты ў электроніцы, валодае журналісцкімі навыкамі”. Між тым, настаўніца таксама даводзіць, што “ў гэтага вучня цяпер сапраўды зьявіліся непрыемнасьці”.

Пінскі сябра руху “За Свабоду” Аляксандар Рамановіч паведаміў, што дапамагае Зьмітру Кіселю зьвярнуцца за абаронай да Аляксандра Мілінкевіча:

“Будзем прасіць лідэра апазыцыі сустрэцца з дырэктарам школы Іванам Сергіевічам, каб давесьці, што ён парушае канстытуцыйныя гарантыі школьніка ў яго праве на свабоду слова”, – удакладняе Аляксандар Рамановіч.
XS
SM
MD
LG