Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прыватнае жыцьцё палітыкаў застаецца ў Беларусі закрытай тэмай?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 19-га верасьня. Удзельнікі: рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі і рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

Інфармацыя пра хваробу старшыні Палаты прадстаўнікоў Канаплёва выклікала дыскусію на інтэрнэт-сайтах аб прыватным жыцьці палітыкаў. Як адрозьніць дыпляматычную хваробу ад сапраўднай? Чаму ў Беларусі не прынята публічна абмяркоўваць тэму здароўя палітыкаў? Прычыны закрытасьці трэба шукаць у традыцыях ці ў палітычнай сыстэме?

Як адрозьніць дыпляматычную хваробу ад сапраўднай?

Валер Карбалевіч: “Афіцыйныя мэдыі паведамілі, што сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў падаў у адстаўку са звыклай для савецкіх часоў фармулёўкай “паводле стану здароўя”. Адзіны з афіцыйных асобаў, хто пракамэнтаваў гэтую інфармацыю, галоўны рэдактар “Советской Белорусии” П.Якубовіч сказаў, што У.Канаплёў хварэе астмай і рыхтуецца да апэрацыі. Гэта выклікала самыя розныя камэнтары. Як адрозьніць палітычную, дыпляматычную хваробу ад сапраўднай?”

Аляксандар Класкоўскі: “Па-першае, варта зазначыць, што абсалютна здаровых людзей няма. Таму адно другога не выключае. Пры патрэбе любую сапраўдную хваробу можна скарыстаць у палітычных мэтах.

Паколькі ў Беларусі па вялікаму рахунку няма палітыкі, таму няма публічнасьці ў палітычным жыцьці, то ў выпадку з Канаплёвым рабіць высновы мы можам па ускосных прыкметах. З камэнтарыяў дасьведчаных людзей вынікае, што Канаплёў меў і бізнэсовыя, і палітычныя праблемы. Хмары над ім згушчаліся, што дае падставу зь вялікай імавернасьцю казаць пра дыпляматычныя карані ягонай хваробы”.

Аляксандар Старыкевіч: “Тут пытаньне стаіць на ўзроўні “веру – ня веру”. Калі весьці гаворку ад адваротнага, то, магчыма, тыя хмары, якія згушчаліся над Канаплёвым, выклікалі стрэс і, адпаведна, пагаршэньне здароўя. Існуе і такая верагоднасьць.

Але да якой ступені трэба быць хворым, каб добраахвотна пайсьці ў адстаўку з пасады старшына Палаты прадстаўнікоў, якая досыць зручная і кіраваньне якой не патрабуе вялікіх высілак? Да таго ж, мы ведаем, што Канплёў вёў спартовы лад жыцьця, быў капітанам парлямэнцкай футбольнай каманды. Таму я б не адкідаў ніводнай магчымасьці, але паставіў бы на тое, што гэтая хвароба дыпляматычная”.

Чаму ў Беларусі не прынята публічна абмяркоўваць тэму здароўя палітыкаў?

Карбалевіч: “У адрозьненьні ад іншых краінаў, тэма здароўя ў беларускай палітыцы зьяўляецца закрытай. Можна ўзгадаць, як на пачатку прэзыдэнтства Лукашэнкі ягонае атачэньне хавала такую бязкрыўдную хваробу, як радыкуліт. Апошнім часам раптоўныя зьнікненьні кіраўніка дзяржавы з палітычнага экрану, якія сур’ёзна не тлумачацца прэзыдэнцкай прэс-службай, спараджаюць розныя чуткі пра ягонае здароўе, што, падаецца, працуе не на карысьць іміджу Лукашэнкі.

Таксама незалежныя мэдыі пісалі пра цяжкую хваробу былых намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіла Сазонава, старшыні КДБ Уладзімера Мацкевіча, міністаркі аховы здароўя Людмілы Пастаялкі. Але ні самі яны, ні афіцыйныя органы ніяк не камэнтавалі гэта. Таму сапраўднай сэнсацыяй стала прызнаньне жонкі Аляксандра Казуліна Ірыны пра сваю цяжкую хваробу.

У іншых краінах гэтая тэма не зьяўляецца закрытай. У Расеі падчас апэрацыі на сэрца ў прэзыдэнта Ельцына гэтае пытаньне было галоўнай палітычнай навіной. Ва Ўкраіне тэма здароўя прэзыдэнта Юшчанкі стала нават сродкам палітычнай барацьбы. Калі прэзыдэнт Польшчы Качыньскі трапіў у шпіталь, гэта таксама стала галоўнай навіной. Чаму Беларусь у гэтым сэнсе – выключэньне?”

Класкоўскі: “Гэта савецкая спадчына. У часы “разьвітога сацыялізму” заходнія “крэмлінолягі” казалі пра “герантакратыю”, то бок, уладу старых у СССР. Мы памятаем, як трымалі пад рукі састарэлага генсека Чарненку. Таму ў тых умовах казаць пра здароўе кіраўнікоў значыла б паказаць гніласьць усёй тагачаснай сыстэмы.

Зь іншага боку, калі няма рэальнай палітыкі, барацьбы, ня трэба быць у добрай спартовай форме, то чалавек трымаецца за ўладу да канца. Асабліва калі гэта дапамагае вырашаць бізнэсовыя пытаньні.

Увогуле таямніца з пытаньнем пра здароўе кіраўніка ідзе з старажытных часоў. Тады існавалі воўчыя законы, і калі правадыр даваў слабіну, то яго хутка маглі зьнішчыць. Сёньняшняя сытуацыя з засакрэчваньнем інфармацыі пра здароўе вышэйшых чыноўнікаў сьведчыць пра тое, што Беларусь ня надта далёка адышла ад старажытных формаў кіраваньня”.

Старыкевіч: “Ва ўсім сьвеце палітыкі не афішуюць свае праблемы з здароўем. Пра гэта кажуць тады, калі немагчыма схаваць. Так было і ў сытуацыі з Ельцыным, і ў сытуацыі зь Юшчанкам, дзе літаральна ўсё было напісана на твары. Таму ў гэтым пытаньні я ня бачу нейкай беларускай спэцыфікі.

Хоць у Беларусі хаваць лягчэй, таму што закрытае грамадзтва, закрытая ўлада ад таго ж грамадзтва, прыціснутыя незалежныя мэдыі. Таму пра здароўе кіраўніка дзяржавы мы хутчэй за ўсё даведаемся пасьля ягонай адстаўкі”.

Прычыны закрытасьці трэба шукаць у традыцыях ці ў палітычнай сыстэме?

Карбалевіч: “Можа, справа тут у беларускіх традыцыях, якія не дазваляюць умешвацца ў прыватнае жыцьцё? Можа, гэтая сфэра не запатрабаваная грамадзтвам, таму ў Беларусі няма мэдыя-індустрыі, якая б зарабляла грошы на асьвятленьні прыватнага жыцьця вядомых людзей (палітыкаў, артыстаў, спартоўцаў і інш.), няма журналістаў-папарацы? Ці справа ў палітычнай сыстэме?”

Старыкевіч: “Зарабляць грошы на гэтай тэме ў Беларусі немагчыма. І не таму, што няма попыту. А таму, што калі нешта будзе напісана пра вядомых людзей, тым больш пра высокіх чыноўнікаў, то хтосьці зь іх падасьць зыск у суд у абарону гонару і годнасьці. І суды, як правіла, становяцца ў абарону гэтых людзей, мэдыі рызыкуюць патрапіць пад вялікія санкцыі.

Ва Ўкраіне такая мэдыя-індустрыя зьявілася пасьля “аранжавай рэвалюцыі”. Думаю, і ў Беларусі такія мэдыі зьявяцца пасьля падобных падзеяў”.

Карбалевіч: “Дык, усё ж такі, праблема ў традыцыях, ці ў палітычнай сыстэме? Бо заканадаўства, суды – гэта элемэнты палітычнай сыстэмы”.

Старыкевіч: “Праблема ў палітычнай сыстэме, якая грунтуецца на традыцыях”.

Класкоўскі: “Натуральна, любы палітык імкнецца выглядаць здаровым, моцным. Нават квітнее такая саўковая паказуха. Паглядзіце на чыноўнікаў на “Мінскай лыжні”. Становіцца нават шкада ня надта спартовых людзей, таму што пасьля такога форс-мажору чалавеку можа стаць кепска.

А ўвогуле гэта пытаньне дэмакратыі. У ЗША прэзыдэнт Буш сам паведамляе, што ўпаў з ровара і падрапаў калена. Таму што калі пра гэта даведаюцца мэдыі, то узьнікне скандал: чаму ён утаіў такі важны для нацыі момант. Таму што народ павінен ведаць, хто ім кіруе, наколькі кіраўнік здаровы. Гэта норма дэмакратычнага грамадзтва.

А калі ў краіне няма дэмакратыі, улада не падсправаздачная, то няма галоснасьці, інфармацыі ня толькі пра здароўе кіраўнікоў, але і пра іншыя важныя пытаньні. Вось, напрыклад, улады прадалі дзяржаўны пакет акцый кампаніі “Velcom”, але ніякай інфармацыі для грамадзтва аб гэтым няма”.

Карбалевіч: “Сапраўды, закрытасьць, засакрэчваньне, аб’яўленьне дзяржаўнай тайнай вялікіх грамадзкіх сфэраў, у тым ліку прыватнага жыцьця палітыкаў, – гэта адна з важных прыкметаў недэмакратычнага палітычнага рэжыму”.

Класкоўскі: “На Захадзе лічыцца, што публічная асоба мусіць быць адкрытая ва ўсіх сэнсах. У нас жа, наадварот, высокія дзяржаўныя асобы ствараюць адмысловае заканадаўства дзеля абароны свайго гонару і годнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG