Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Смалянчук: “Ідзе размова пра жыцьцё або сьмерць гістарычнай Горадні”


Юрась Бушлякоў, Прага Госьць "Начной Свабоды" – гісторык, доктар гістарычных навук, кіраўнік ініцыятыўнай групы для правядзеньня гарадзенскага рэфэрэндуму па захаваньні гістарычнага цэнтру гораду Алесь Смалянчук.

Бушлякоў: “Гарадзенскія ўлады днямі адмовілі ў рэгістрацыі вашай ініцыятыўнай групе для правядзеньня рэфэрэндуму. Вы хацелі, каб гарадзенцы выказаліся наконт рэканструкцыі, якая праводзіцца сёлета ў гістарычнай забудове Горадні. На што спаслаліся ўлады, адмаўляючы ў правядзеньні рэфэрэндуму?”

Смалянчук: “Адказ, падпісаны старшынём гарвыканкаму Антоненкам і начальнікам юрыдычнага аддзелу Шамцілам, насіў такі агульны характар, што нас моцна абурыла. Там было напісана, што мы парушылі Выбарчы кодэкс і іншыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь. Сёньня я наведаў упраўленьне юстыцыі аблвыканкаму і размаўляў зь юрыстам, які рыхтаваў заключэньне гэтага ўпраўленьня – бо гарвыканкам спаслаўся менавіта на заключэньне спэцыялістаў з аблвыканкаму.

Можна агульна казаць пра нежаданьне ўладаў дазваляць нейкую грамадзянскую ініцыятыву, праводзіць рэфэрэндум, хаця ў іх былі фармальныя падставы не рэкамэндаваць нашыя дакумэнты, бо мы дапусьцілі там сур''ёзныя хібы фармальнага характару. На жаль, мы занадта паспадзяваліся на юрыстаў, пра якіх казалі, што яны абсалютна дакладна ведаюць сытуацыю, але нават яны не да канца ведалі патрабаваньні Выбарчага кодэксу, таму з фармальнага гледзішча гарвыканкам меў падставы не дазваляць рэгістрацыі нашай ініцыятыўнай групы – на жаль”.

“Калі сур’ёзна займацца рэканструкцыяй, то немагчыма ўявіць яе бяз фары Вітаўта”

Бушлякоў: “Зь якімі пытаньнямі вы хацелі выйсьці да гарадзенцаў?”

Смалянчук: “Пытаньні ў цэлым датычылі ўсёй так званай рэканструкцыі гістарычнага цэнтра – так называюць яе ўлады, на самой справе мы гэта ацэньваем больш крытычна, ідзе размова пра жыцьцё альбо сьмерць гістарычнага цэнтру Горадні. Пытаньні датычаць пабудовы чацьвертага мосту празь Нёман. Адна з праблем, пра якую ўвесь час гавораць гарадзкія чыноўнікі – гэта нібыта невырашальнасьць транспартнай праблемы, для гэтага трэба пашыраць, на іх думку, стары мост, рабіць яго чатырохпалосным, пускаць праз гістарычны цэнтар дататковую плыню машын, хоць яшчэ генэральны плян Горадні 2003 г. прадугледжваў наагул вывад транспарту з гістарычнага цэнтру.

Мы ставілі пытаньне пабудовы чацьвертага моста, што магло б кардынальна вырашыць транспартную праблему, ставілі пытаньне пра адмену ўсіх рашэньняў пра знос старых будынкаў у цэнтры горада, што вельмі актыўна адбывалася напачатку гэтага лета, цяпер гэты працэс троху замаруджаны. І прапанавалі пытаньне пра адбудову фары Вітаўта, бо калі займацца сур’ёзна рэканструкцыяй, то немагчыма ўявіць яе бяз храма, узарванага гарадзкімі ўладамі ў 1961 годзе”.

“Ужо ёсьць пляны рэканструкцыі Старога замка, але што плянуюць рабіць – таямніца”

Бушлякоў: “Якая сытуацыя з рэканструкцыяй цяпер, у верасьні?”

Смалянчук: “Цяпер ідзе падрыхтоўка да рэканструкцыі старога мосту. Але дзіўна, што праблема пад''яздных шляхоў не вырашаецца зусім. Працягваюцца рамонтныя працы ў гістарычным цэнтры, дзе пераважае жыльлёвая забудова 19-га стагодзьдзя... Гэта памылка рэстаўратараў і будаўнікоў, калі старыя будынкі 19-га стагодзьдзя рамантуюць з дапамогай сучасных матэрыялаў, і атрымліваецца нешта такое дзіўнае, дэкаратыўна-сувэнірнага тыпу будынкі.

І працягваецца пэўная прапаганда – нядаўна мы пачулі па БТ рэпартаж з Горадні пра тое, што ўжо ёсьць пляны, намеры рэканструкцыі Старога замка ў Горадні, яшчэ раней казалі пра Каложу. Тут зноў невядома, што будуць рабіць – ніякай экспэртызы, ніякага разгляду праектаў на конкурснай аснове, што ўлады плянуюць рабіць – поўная таямніца”.

АПЫТАНЬНЕ: ці трэба ўзгадняць рэканструкцыю гістарычнага цэнтру з грамадзкасьцю?



Бушлякоў: “Як вы адчуваеце, наколькі гарадзенцы заклапочаныя цяперашняй рэканструкцыяй, ці ў горадзе рэальна ўсьведамляецца праблема разбурэньня гістарычнага цэнтру?”

Смалянчук: “Магчыма, што большасьць гарадзенцаў жыве сваімі ўласнымі праблемамі і пра тое, што адбываецца, пра рэканструкцыю, асабліва ня думае, але прыемна, што калі мы праводзілі свае мерапрыемствы, арганізоўвалі круглыя сталы, то шмат моладзі да нас прыходзіла, якая актыўна адгукаецца на гэтыя акцыі і якой не абыякавы лёс гораду. Наагул, горад – гэта ж ня толькі будынкі, помнікі, гэта ў першую чаргу людзі. Зварот да людзей і спроба правесьці рэфэрэндум – гэта проста выхаваньне гарадзенцаў, патрыётаў свайго горада... Зьяўляюцца новыя людзі з такой сьвядомасьцю, што ад іх залежыць, якім будзе гэты горад”.

“Будзем рыхтаваць паўторнае правядзеньне арганізацыйнага сходу”

Бушлякоў: “Цяпер гарадзкія ўлады сказалі, што рэфэрэндуму ня будзе. Якія вашыя далейшыя крокі?”

Смалянчук: “Будзем рыхтаваць паўторнае правядзеньне арганізацыйнага сходу, будзем праводзіць сваю лінію далей. Я лічу, што гэта вельмі важна – прыцягнуць гарадзенцаў да абмеркаваньня, да ўдзелу ў лёсе свайго горада. Важна з самых розных пунктаў погляду. Думаю, што гэта можа адыграць ролю ў пляне захаваньня ггістарычнага цэнтру.

На старонках "Зюддойчэ Цайтунг" ня так даўно зьявіўся артыкул, які сканчаўся такой сумнай фразай, што хутка можна будзе сказаць: Горадня была... Але я думаю, што Горадня застанецца, мы маем яшчэ магчымасьці стымуляваць грамадзтва і працягваць змаганьне за свой горад, у якім было б ня толькі ўтульна жыць, але і прыгожа жыць, які б выхоўваў гарадзенцаў сваімі помнікамі, сваёй гісторыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG