Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары Эўрапейскага маршу заклікаюць уладу да дыялёгу


Алесь Дашчынскі, Менск Арганізатары Эўрапейскага маршу на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску агучылі зварот да беларускіх уладаў. У ім яны просяць у намесьніцы кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Пяткевіч сустрэчы дзеля абмеркаваньня пытаньняў арганізацыі і правядзеньня маршу.

З журналістамі ў офісе БНФ сустрэліся прадстаўнікі перамоўнай групы з уладамі – актывісты БНФ Юры Хадыка і Віктар Івашкевіч, каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў, актывіст АГП Станіслаў Багданкевіч і прадстаўнік міжнароднай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” Міхаіл Марыніч. Дзевяць дзён таму яны даслалі зварот у прэзыдэнцкую адміністрацыю.

“Пакуль ёсьць інфармацыя, што гэты ліст дайшоў, што ўзяты да разгляду ў адміністрацыю прэзыдэнта. Гэты ліст паводле свайго зьместу ня толькі зварот да Пяткевіч, і ня толькі зварот да Лукашэнкі, але зварот да ўсіх людзей, якія працуюць у дзяржаўнай уладзе”.

У звароце гаворыцца, што ініцыятыва Эўрапейскага маршу ўзьнікла як вынік імкненьня апазыцыі дамагчыся збліжэньня Беларусі з Эўропай. А таксама заяваў уладаў пра зацікаўленасьць ва ўмацаваньні эўрапейскага вэктару. Аднак дагэтуль адказу ўладаў на прапанову няма. Паводле сяброў перамоўнай групы, практычным крокам да пачатку дыялёгу можа стаць дамоўленасьць пра супольнае і мірнае правядзеньне Эўрапейскага маршу.

Віктар Івашкевіч сказаў:

“Быў зварот Эўракамісіі, Эўразьвязу да беларускага народу і да беларускай улады. Мы даем адказ. Які адказ дасьць улада, яна павінна сама думаць. Мы заклікаем уладу зразумець, што ім выгадна даць станоўчы адказ. Але ж калі прарасейскія сілы ва ўрадзе, у мэтах якіх ёсьць намэнклятурны пераварот, зарганізуюць разгон Эўрапейскага маршу – гэта праблемы ўлады. Ня мы будзем аб’ектам намэнклятурнага перавароту з боку расейскіх спэцслужбаў.

Сытуацыя такая, што прадстаўленая тут перамоўная група пераадольвае супраціў маладых людзей у апазыцыі, якія абсалютна апраўдана кажуць, з кім вы хочаце размаўляць? Ніякіх перамоваў са злачынным рэжымам. Але, калі ўлады будуць займацца правакацыямі, будуць узмоцнены дэструктыўныя сілы, што не на карысьць уладзе і апазыцыі”.

Юры Хадыка заявіў:

“Апазыцыя праяўляе ініцыятыву ў тым, каб гэтая акцыя адбылася самым мірным чынам, без дубінак, без аўтазакаў, без палітзьняволеных, і што гэта выгадна ўладзе. Бо бяз гэтага кроку ня можа быць ніякіх саступак з боку Эўрапейскага зьвязу”.

Андрэй Саньнікаў у найбліжэйшым часе паедзе ў Брусэль на даручэньне аргкамітэту акцыі. Мэта візыту – актывізаваць кампанію ў падтрымку Эўрапейскага маршу і дэмакратызацыі Беларусі.

“Марш – гэта адказ на зварот Эўразьвязу да Беларусі. Як патлумачыла Бэніта Фэрэра-Вальднэр, быў зварот і да ўраду, і да народу. Яна сказала, што ад ураду ніякай сур’ёзнай рэакцыі не было. А гэта – адказ ад народу можна лічыць. Што ёсьць шмат людзей, якія падтрымліваюць эўрапейскі накірунак разьвіцьця Беларусі.

Канфрантацыя плёну не прынесла ні апазыцыі, ні ўладзе. Ня будзе там ніякіх штурмаў. Ёсьць намер паказаць падтрымку эўрапейскага накірунку, зрабіць мірную акцыю”.

Перамоўная група:будучыня Беларусі зьвязана з Эўразьвязам Такія налепкі зноў і зноў зьяўляюцца на вуліцах Менску
XS
SM
MD
LG