Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд разглядае скаргу заснавальнікаў Руху “За Свабоду”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Вярхоўны суд Беларусі пачаў разгляд скаргі сяброў Руху “За Свабоду” на Міністэрства юстыцыі. Заснавальнікі руху патрабуюць скасаваць рашэньне міністэрства, якое адмаўляе ім у рэгістрацыі.

Дапамагаць актывістам Руху “За Свабоду” ўзяліся праваабаронцы і незалежныя юрысты. Судзьдзя Валеры Самалюк дазволіў тром зь іх азнаёміцца з матэрыяламі справы і ўдзельнічаць у працэсе.

Праваабаронца Юры Чавусаў у перапынку паседжаньня распавядае пра свае ўражаньні:

“Міністэрства юстыцыі, ці, хутчэй, тыя, хто над міністэрствам, прынялі рашэньне не рэгістраваць арганізацыю. А падставы для адмовы пачалі шукаць пасьля. Мы бачылі ў матэрыялах справы шмат пратаколаў допыту актывістаў у рэгіёнах. Але ўсе яны пацьвердзілі, што зьяўляюцца заснавальнікамі руху.

Тады пачалі шукаць нейкія хібы ў паперах. І на судзе бачна, што прадстаўнік Міністэрства юстыцыі сам не перакананы, што гэта ёсьць парушэньнямі. Уражаньне, што яму трэба проста давесьці, што ў паперах ёсьць нейкія памылкі”.

Палітоляг Алесь Лагвінец прысутнічае сёньня ў судовай залі і як адзін з заснавальнікаў Руху “За Свабоду”. Ён так камэнтуе дзеяньні ўладаў:

“Яны ня хочуць даваць магчымасьць незалежнаму грамадзтву існаваць у легальнай юрыдычнай прасторы. Яны хочуць, каб нашы дзеяньні былі па-за законам. І таму яны адмаўляюць у рэгістрацыі.

Яны ня хочуць таксама прызнаваць, што мы існуем у грамадзтве. У публічным беларускім дыскурсе, у публічнай палітычнай прасторы мы быццам не існуем. Мы існуем толькі як аб’ект для нападак, аб’ект для ярлыкоў, як нешта дэструктыўнае. А дазволіць нам зрабіць нешта стваральнае яны ня могуць, паколькі гэта бурыць усю іхную прапаганду, іхнае пасланьне грамадзтву, што вось яны будуюць сваю Беларусь. І па сутнасьці, яны хочуць паказаць, што нам няма тут месца. Але мы – грамадзяне нашай краіны, мы тут. І мы паказваем, што мы ёсьць і нас шмат”.

Лідэр незарэгістраванага руху Аляксандар Мілінкевіч ацэньвае дзеяньні ўладаў як бессэнсоўныя:

“Спыніць гэта немагчыма. Усё роўна актыўнасьць і палітычная, і грамадзкая будуць. Запалохаць таксама не ўдаецца. Такая палітыка абсалютна з далёкага мінулага”.

Устаноўчы сход “Руху “За Свабоду” адбыўся ў траўні ў Горадні. Пасьля яго правядзеньня і былі пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю. У ліпені Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі.

• “Рух “За Свабоду” судзіцца зь Мінюстам, 19.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG