Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожныя два тыдні ў сьвеце памірае адна мова


Аляксей Знаткевіч, Прага З прыкладна сямі тысячаў моваў, якія цяпер існуюць на Зямлі, да канца гэтага стагодзьдзя, хутчэй за ўсё, зьнікне палова. Амэрыканскае Нацыянальнае геаграфічнае таварыства ладзіць праект "Трывалыя галасы", каб вызначыць тыя месцы на плянэце, дзе найбольш моваў пад пагрозай выміраньня, і задакумэнтаваць гэтыя мовы і культуры.

У сярэднім кожныя два тыдні ў сьвеце памірае мова. Навукоўцы, якія займаюцца праектам "Трывалыя галасы", тлумачаць, што са сьмерцю кожнай мовы мы губляем частку інфармацыі пра тое, на што здольны чалавечы розум. Мова ў значнай ступені вызначае культуру, наш спосаб камунікацыі і захаваньня інфармацыі.

Цягам чалавечай гісторыі мовы пануючых групаў пашыралі свой уплыў, тым часам, як меншыя мовы выміралі. Гэтаму спрыяла як афіцыйная моўная палітыка імпэрыяў, гэтак і высокі прэстыж пануючых моваў.

Паводле прафэсара лінгвістыкі Дэйвіда Гарысана, больш за палову моваў сьвету ня маюць пісьмовасьці і таму могуць зьнікнуць, не пакінуўшы па сабе ніякіх тэкстаў ці іншай інфармацыі. Разам з групай іншых дасьледчыкаў, Гарысан запісвае гутаркі з носьбітамі моваў пад пагрозай выміраньня і складае базавыя слоўнікі гэтых моваў.

Новыя дасьледаваньні, апублікаваныя ўчора, паказалі, што ў пяці рэгіёнах сьвету мовы выміраюць асабліва хутка: у паўночнай Аўстраліі, цэнтральных раёнах Паўднёвай Амэрыкі, на поўначы Ціхаакіянскага ўзьбярэжжа Паўночнай Амэрыкі, ва ўсходняй Сібіры і на паўднёвым захадзе Злучаных Штатаў.

Грэгары Андэрсан, дырэктар амэрыканскага Інстытуту моваў пад пагрозай зьнікненьня, паведаміў, што ў Аўстраліі дасьледчыкі здолелі запісаць апошніх трох носьбітаў мовы магаці ке, апошніх трох носьбітаў мовы явуру і носьбіта мовы амурдаг, якая ўжо лічылася зьніклай.

У басэйне ракі Амазонкі невялікая народнасьць калавая карыстаецца ў штодзённым побыце гішпанскай мовай альбо мовай кечуа, але пры гэтым мае сакрэтную мову, у асноўным для захаваньня назваў лекавых расьлінаў, шмат якія дагэтуль былі невядомыя навуцы. "Як і чаму гэтая мова выжыла больш за 400 гадоў, калі ёй гаварылі так мала людзей, застаецца таямніцай", – піша прафэсар Гарысан.

Паводле амэрыканскага дасьледчыка, больш за 80 працэнтаў насельніцтва Зямлі цяпер размаўляюць на 83 асноўных мовах. Большасьць астатніх моваў вымірае з хуткасьцю большай, чым рэдкія віды птушак, зьвяроў, рыбаў і расьлін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG