Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У "Вольнай студыі" - мастачка Галіна Хінка-Янушкевіч


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 16 верасьня)

Галіна Хінка-Янушкевіч аздобіла дзясяткі дзіцячых кніг, яе ілюстрацыі зьберагаюцца ў фондах полацкага Музэя кнігадрукаваньня. Пачынаючы ад першага нумару, афармляе каталіцкі часопіс для дзяцей “Маленькі рыцар Беззаганнай”. За дванаццаць гадоў выкладаньня ў сталічным Мастацкім каледжы імя І.Ахрэмчыка выхавала нямала юных мастакоў, а таксама спасьцігла пэўныя прафэсійныя сакрэты, пра якія й расказала ў менскай студыі Радыё Свабода.

“У часопісе “Маленькі рыцар Беззаганнай” кожны рух рук на малюнку павінен абдымаць, павінен паказваць любоў”

Міхась Скобла: “Галіна, быць дзіцячым мастаком – гэта асобнае прызваньне, ці маляваць для дзяцей можа любы мастак?”

Галіна Хінка-Янушкевіч: “Усё ў жыцьці залежыць ад жаданьня. Творца ніколі ня ведае, на якім этапе жыцьця пачне маляваць дзіцячыя малюнкі ці пісаць дзіцячыя вершы. Каб ілюстраваць дзіцячыя кнігі, трэба ўмець вяртаць сябе ў дзяцінства, трэба ўмець глядзець на навакольны сьвет дзіцячымі вачыма.

У часопіс “Маленькі рыцар Беззаганнай” я прыйшла ўжо дасьведчаным мастаком, ілюстратарам дзіцячых кніг. Мяне запрасілі супрацоўнічаць рэдактарка часопісу “Наша вера” Хрысьціна Лялько і рэдактарка “Маленькага рыцара...” Ірына Жарнасек. Яны хацелі, каб я падтрымала новае каталіцкае выданьне для дзяцей сваімі малюнкамі. І я падтрымліваю – вось ужо выйшаў 34 нумар”.

Выданьне “Маленькага рыцара Беззаганнай” – справа вельмі важная для мяне асабіста. Працу ў часопісе я разумею як свой грамадзянскі й рэлігійны абавязак. Таму што талент, мастацкі ці паэтычны, даецца Богам. І кожны мазок, і кожны радок – ад Бога. І пакуль мастак ці паэт жывуць, яны павінны памятаць пра гэта. Творца заўсёды павінен Богу і дзецям”.

Скобла: “А ў чым спэцыфіка працы мастака ў рэлігійным часопісе?”

Хінка-Янушкевіч? “Спэцыфіка ў тым, што вобразы рэлігійнага характару – Дзевы Марыі, Езуса Хрыстуса, Бога-Айца – павінны быць кананічнымі, пазнавальнымі. Яны ня могуць быць спрошчанымі, яны мусяць несьці духоўнасьць. Прычым, духоўнасьць мусяць несьці ня толькі твары. Кожны рух рук павінен абдымаць, павінен паказваць любоў. Рукі таксама нясуць у сабе элемэнты любові, цярпеньня, але ніяк не агрэсіі, не адмежаваньня”.

“Мастак-ілюстратар павінен быць прыгожай рамай для твора пісьменьніка”

Скобла: “Вы таксама супрацоўнічаеце з кніжнымі выдавецтвамі. Прычым, даволі пасьпяхова – некаторыя вашы кніжныя ілюстрацыі мне давялося бачыць у Полацкім музэі кнігадрукаваньня. Мне імпануе, як вы аздабляеце дзіцячыя кнігі – малюеце сюжэт твора ў разьвіцьці, ня тое, што ёсьць, а тое, што можа быць. А ці разумеюць гэта дзеці?”

Хінка-Янушкевіч: “Хачу спадзявацца, што разумеюць. Думаю, што маленькім чытачам удвая робіцца цікавей, калі зь імі на старонках кнігі размаўляе ня толькі аўтар-пісьменьнік, але яшчэ й аўтар-мастак. Усё пачалося з афармленьня кнігі Максіма Танка “Лемантар”. Там былі кароткія вершы, прысьвечаныя нейкім прадметам ці зьявам, назвы якіх пачыналіся з розных літараў алфавіту. І я адважылася ў свае маляваныя разгорткі дадаць новыя прадметы, іх атрымалася нашмат больш, чымся было першапачаткова ў Танка. І з таго часу я стараюся трымацца гэтага правіла, і мне стала нашмат цікавей рабіць ілюстрацыі для любых кніг. Я іду паралельна з аўтарам. Зразумела, што тут галоўнае – не забыцца на аўтара і не памахаць яму рукой, а старацца быць прыгожай рамай для ягонага твора”.

Скобла: “Вось ужо колькі гадоў у нашай краіне няма дзяржаўнага дзіцячага выдавецтва. Наўзамен ліквідаванаму “Юнацтву” другога падобнага не зьявілася. У выніку, як у 1950-я гады, у нас пачалі выходзіць дзіцячыя кнігі з чорна-белымі малюнкамі. Пытаюся ў аднаго з выдаўцоў: чаму так? Адказ: дзеці самі размалююць. Ці ёсьць тут рацыя?”

“Кнігу Андэрсэна я размалёўвала некалькі гадоў!”

Хінка-Янушкевіч: “Калі я была маленькай дзяўчынкай, у мяне была кніга казак Андэрсэна, аздобленая чорна-белымі малюнкамі нашага славутага графіка Арлена Кашкурэвіча. Дык я яе размалёўвала некалькі гадоў! Можа быць, гэтая кніга зрабіла з мяне мастака. Я люблю, калі гэтак званыя размалёўкі зробленыя на высокім мастацкім узроўні. Каб на іх зьвяры былі добрыя, людзі ўсьмешлівыя, каб глядзелі пяшчотна. Дзеці з прыемнасьцю будуць суаўтарамі такіх малюнкаў.

У “Маленькім рыцары Беззаганнай” я заўсёды пакідаю адну-дзьве разгорткі для размалёвак. Памятаю, калі мая дачка Каміла была маленькай, дык яна імкнулася дапамагчы маме ў працы над часопісам. І такія яркія фарбы знаходзіла! Больш яркія, чым я сабе ўяўляла. Так што дзеці ў часопісе павінны мець плошчу для ўласнай творчасьці”.

Скобла: “Раней у Беларусі было столькі мастакоў – ілюстратараў дзіцячай кнігі! Няўжо з заняпадам кнігавыданьня і мастакі пазьнікаюць? Вось хто сёньня з вашых калегаў па цэху працуе на гэтым не сказаць каб шырокім полі?”

Хінка-Янушкевіч: “У Беларусі выдатная школа кніжнай графікі, якая не зьнікае й працягвае доўжыць свае найлепшыя традыцыі. Можна назваць шэраг мастакоў, якімі можна ганарыцца, якія, я ўпэўненая, увойдуць у гісторыю ня толькі беларускага, але й усясьветнага мастацтва. На сёньняшні дзень вельмі цікава працуюць Тацяна Беразенская, Валеры Славук, Павал Татарнікаў, Ігар Гардзіёнак, Рыта Цімохава, Валянцін Макаранка”.

“Вы майго сына маляваньню навучайце, а вы яго вучыце “адчыняць люхту”

Скобла: “Вы працуеце ў Мастацкім каледжы імя Ахрэмчыка, дзе навучаюцца дзеці з усёй Беларусі. Калі я там быў, мяне прыемна ўразіла цалкам беларускамоўная атмасфэра. Няўжо не зьяўляюцца сталічныя бацькі з пратэстамі: “Мы отдали своего сына учиться на художника, а не на белоруса!” Не даводзілася чуць такіх заяваў?”

Хінка-Янушкевіч: “У каледжы я выкладаю малюнак, жывапіс і кампазыцыю ўжо дванаццаць гадоў, з 1995 году. Калі я туды прыйшла, я сустрэла выдатны калектыў аднадумцаў, паплечнікаў, зь якімі мне да гэтай пары цікава й радасна працаваць. І ў нашым каледжы некалькі гадоў запар стоадсоткавае паступленьне ў ВНУ!

Каледж наш беларускамоўны, гэта значыць, што ў нас і матэматыка, і біялёгія, і нават ангельская мова выкладаюцца па-беларуску. Вядома, бывалі выпадкі, калі прыходзілі бацькі й пачыналі “клапаціцца”: майму сыну (ці дачцэ) цяжка, ён (яна) не разумее беларускай мовы... На што я ім заўсёды гавару з усьмешкай: цяжка толькі дарослым, дзецям усё даецца лёгка. І нездарма беларуская шляхта па дзевяць моваў ведала, вучыла сваіх дзяцей і музыцы, і танцам, і маляваньню. Так і цяпер. Зразумела, розныя дзеці да нас прыходзяць. Але літаральна праз год іх не пазнаць: яны выдатна гутараць па-беларуску, жартуюць па-беларуску, а пасьля на ўсё жыцьцё ведаюць, што беларуская мова – іх родная мова”.

Скобла: “Магчыма, і сваіх зрусыфікаваных бацькоў навучаць размаўляць па-беларуску”.

Хінка-Янушкевіч: “І сваіх бацькоў навучаць. Аднойчы да мяне прыехала мама аднаго вучня з Магілёву й сказала: “Вы, калі ласка, маляваньню вучыце, а вы вучыце майго сына “адчыняць люхту”. Што гэта за слова – люхта? Зімою мы хату палім-палім, а ён гаворыць: настаўніца казала, што трэба люхту адчыняць і сьвежым паветрам дыхаць”. Ну гэта, вядома, як жарт, як анэкдот. Але так створана жыцьцё, што ня толькі мы вучым дзяцей, але й яны нас вучаць. Але для нас, настаўнікаў каледжу, самае важнае, каб тыя дзеці, якія прыяжджаюць да нас з раёнаў, зь вёсак, з хутароў, каб яны ў Менску адчувалі сябе, як дома. Каб ведалі, што Менск – таксама іхняя радзіма. І тут беларуская мова дапамагае”.

“Алесь Пушкін бясплатна расьпісаў фае перад актавай заляй – на знак удзячнасьці каледжу”

Скобла: “Мне стаіць уваччу адна ваша праца пад назвай “Палянэз Агінскага”: вязень за кратамі грае на скрыпцы... Мабыць, рэкардсмэн сярод мастакоў па тэрмінах зьняволеньня – Алесь Пушкін, які днямі ізноў сядзеў сем сутак за ўдзел у сьвяткаваньні Бітвы пад Воршай на Крапівінскім полі. Што б вы хацелі яму пажадаць?”

Хінка-Янушкевіч: “Алесь Пушкін – сапраўды вельмі сьмелы чалавек і выдатны, тонкі мастак. Дарэчы, наш каледж аздоблены ягоным росьпісам. Перад уваходам у актавую залю ён бясплатна расьпісаў велічэзную плошчу – у знак удзячнасьці за тое, што каледж яго выхоўваў і вучыў. Атрымаліся такія манумэнтальныя росьпісы, такія сьветлыя, такія ўзьнёслыя! Яны прысьвечаныя гісторыі Беларусі, і там вельмі шмат вобразаў нашых знакамітых дзеячаў. Калі да нас прыяжджаюць экскурсіі з другіх гарадоў, з замежжа, і калі людзі бачаць тыя росьпісы, яны ніяк ня могуць паверыць, што ўсё гэта зрабіў адзін чалавек, што ў яго столькі сілы, столькі многа любові да радзімы. Я хачу пажадаць Алесю: заставайся ў жыцьці гэткім жа сьветлым, як твае росьпісы! І гэтак жа сьветла думай пра радзіму і наш народ!”

“Беларускі народ – гераічны, вельмі моцны й самы духоўны ў Эўропе”

Скобла: “Аздабленьне дзіцячага часопіса – гэта, як вы сказалі, ваш грамадзянскі абавязак. Выкладаньне ў каледжы й супрацоўніцтва з выдавецтвамі – гэта тое, што называецца хлебам надзённым. А што застаецца для душы?”

Хінка-Янушкевіч: “Для душы застаецца акварэль. Я вельмі люблю пісаць натурморты, краявіды. Ну, а яшчэ для душы застаецца думка пра будучую працу. З гадамі я прыходжу да высновы, што ў нашай гісторыі вельмі многа не ацэненых па заслугах дзеячаў. І пра іх яшчэ вельмі мала сказана. Наш гераічны, вельмі моцны, самы духоўны ў Эўропе беларускі народ яшчэ не раскрыты, не паказаны на адпаведным мастацкім узроўні. Нашы папярэднікі за нас змагаліся, за нас клалі свае жыцьці. І наш абавязак – памятаць пра іх, славіць іх і выказваць ім пашану”.
XS
SM
MD
LG