Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Хведарук: “Суды зьбіраюць штрафы на заробак АМАПу”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня суд у Баранавічах разгледзеў адміністрацыйныя справы грамадзкіх актывістаў Тацяны Буланавай з Магілёву і Зьміцера Хведарука зь Менску. Абвінавачаныя на паседжаньні не прысутнічалі. Судзьдзя Жана Капачэўская пакарала іх штрафамі.

Сябра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук паведаміў нашаму радыё, што наўмысна ігнараваў выклік ў Баранавіцкі суд. Ён лічыць, што незаконна быў затрыманы 10 верасьня ў часе суду над маладафронтаўцам Яраславам Грышчэням:

“Тады ў Баранавічах міліцыянты ўвогуле складалі пратаколы па паперках, на якіх было напісана, каму і які артыкул трэба было прыпісаць. Тады ж перанесьлі суды на далёкія даты, як, напрыклад, на 19 верасьня. Робяць гэтак, каб сапраўды выпісаць штрафы і трохі, так бы мовіць, садраць грошай на заробкі судзьдзям, АМАПу, міліцыі”.

Арышты ў Баранавічах былі загадзя сплянаваныя

Завочна Зьміцер Хведарук абвінавачаны ў дробным хуліганстве і аштрафаваны на 62 тысячы рублёў. Паводле яшчэ аднаго міліцэйскага пратаколу, таксама ад 10 верасьня, Зьмітра абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу. Штраф – 620 тысяч рублёў.

Зьміцер Хведарук кажа, што будзе аспрэчваць гэты прысуд, зьвернецца ў пракуратуру. Ён перакананы, што арышты ў Баранавічах былі загадзя сплянаваныя:

“У іх быў падрыхтаваны сцэнар. Бо АМАП стаяў у суседнім будынку. Ён быў гатовы, нібыта сабака, выконваць загад на затрыманьне нас”.

Мы прыйшлі падтрымаць свайго сябра, а пачаўся хапун

На суд у Баранавічы не прыехала сёньня з Магілёву Тацяна Буланава. Завочна дзяўчыну аштрафавалі на 62 тысячы рублёў. Яе меркаваньне:

“Лічу, што гэта беззаконьне. Мы прыйшлі падтрымаць свайго сябра, а пачаўся хапун. Калі б нас пусьцілі ў залю суда, то нічога б не было – ніхто не стаяў бы ля суду. Напэўна, у іх плян такі: злавіць пэўную колькасьць людзей”.

Буду падтрымліваць, бо яны змагаюцца за будучую Беларусь

Суд у Баранавічах – чацьвёрты сёлета для Тацяны Буланавай. Раней яе арыштоўвалі на акцыях “маладафронтаўцаў” у Менску, Нясьвіжы і Салігорску:

“Калі такое будзе працягвацца, то я ў кожным выпадку буду ўдзельнічаць. Гэта мае сябры, таварышы. Я буду іх падтрымліваць, якое б пакараньне за гэта ні было. Таму што яны за маю краіну, за будучую Беларусь. Я лічу, што за гэта трэба змагацца”.

Нагадаю, суды ў Баранавічах доўжацца ад 11 верасьня. У той дзень палітык Павал Севярынец быў арыштаваны на 17 сутак. Грашовыя штрафы за мінулы час атрымалі ўжо 8 сябраў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

• Баранавічы: суды працягваюцца кожны дзень, 18.09.2007 • Я.Грышчэня: “Калі ўжо судзіць за Беларусь, дык давайце будзем судзіць, як у 1937 годзе”, 11.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG