Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Толькі не падумайце, што я абараняю Лукашэнку..."


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 19 верасьня, сераду. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Мірон: “Беларускія ўлады нарэшце зразумелі сцэнар расейскі: Зубкоў – прэзыдэнт, Пуцін – прэм’ер. На пэўным адрэзку Зубкоў сыходзіць па стану здароўя, і Пуцін зноў вяртаецца да першай ролі. Таму пачалася агонія ў сьпешным парадку, нават забыліся пра тыя базы грузінскія, дзе рыхтавалі тэрарыстаў паводле Беларускага тэлебачаньня, і запрашаюць грузінскіх гасьцей да сябе, каб неяк насаліць Расеі”.

Павел Васільевіч, стары чалавек: “Радыё Свабода, дзеля міру ў грамадзтве даўно прыйшоў час перагледзець так званую справу Казуліна Аляксандра Ўладзіслававіча, якая была ў той час сфальсыфікаваная з навешваньнем на яго шыльды хулігана. Казулін – адзін зь лепшых выніковых працаўнікоў, інтэлігентны, эрудыраваны і законапаслухмяны чалавек. Яго добра ведаюць у Беларусі і далёка за яе межамі. Такі чалавек павінен быць здаровым і вольна працаваць. А здароўе яго цяпер дрэннае. Прашу прэзыдэнта і праваахоўныя органы вызваліць Казуліна зь месца зьняволеньня”.

Сакаловіч Валянціна Іванаўна: “Слухала Вашу он-лайн канфэрэнцыю са Станіславам Станіслававічам Шушкевічам. Ведаеце, ён цікавы, разумны і інтэлігентны чалавек. Але з усёй да яго павагай не магу зразумець, чаму яму даюць прэмію. За што? За тое, што ён краіну здаў прахвосту Лукашэнку? Чым яны думалі?! Напэўна, адным месцам, прабачце”.

“Я хачу выказаць сваё захапленьнем тым хлопчыкам, які расклейваў налепкі, каб абараніць гонар такога ж цудоўнага свайго сябра, які назваў дацэнта “бандытам”. А як яго яшчэ назваць? Па-іншаму не назавеш. Паболей бы такіх людзей! Якой бы шчасьлівай была гэтая краіна! Што абараняюць такія служкі, як гэты дацэнт? Сваё сьвіное месца ля карыта, сваю пайку, вартую жалю. Яны здаюць у турму, як паліцаі падчас вайны, лепшых хлапцоў, выдатных дзецюкоў, разумных. Хто яны? Лакеі”.

“Толькі не падумайце, што я абараняю Лукашэнку. Але ж у яго ёсьць нейкія плюсы і нейкія зрухі. І ў яго шмат недахопаў. А мне падаецца, што Лукашэнка проста разгублены, таму што навокал яго адны лакеі, адны карысталюбівыя людзі. Няма шчырых людзей. Мне падаецца, чалавек проста загнаны ў кут, таму што навокал адны крывадушнікі. Разумееце? Вось у чым бяда. І ніхто такія пытаньні ніколі не падымаў”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. Прадстаўнікі расейскай улады выказваюцца супраць вайны ў Іране, бо дакладна ведаюць, што там будзе знойдзена. Там будуць знойдзеныя расейскія ядзерныя тэхналёгіі”.

“У мяне зьявілася ідэя. Чаму б Радыё Свабода ня выдаць дыск “Верасень з Данчыкам”. Такі самы, як “Начная чытанка”. Наладзіць прэзэнтацыю і разаслаць па адным асобніку сталым слухачам”.

Спадар: “Звязда” ад 6 ліпеня 1994-га году. Госьць рэдакцыі і будучы кіраўнік рэспублікі абяцаў і надалей прыходзіць у рэдакцыю для ўдзелу ў “прамых лініях” з чытачамі. Колькі ж яшчэ такіх прыходаў адбылося за 13 год? Адказ: ніводнага. Дык што можна сказаць па гэта галоўны рэдактар згаданай газэты?”

Анастас Семяновіч: “Добры дзень, шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Таварыш Лукашэнка, вы кажаце, што разьвіцьцё краіны аказалася слушным. Я думаю, што гэта ня так. Калі б Расея нам прадавала энэрганосьбіты, то бок газ і нафту, па эўрапейскім коштам, як Прыбалтыцы ці Эўропе, наша б эканоміка аказалася каля разьбітага карыта. Замест таго, каб перайсьці на рынкавую эканоміку, кажам пра “эканамічны цуд.” Каго мы падманваем? Свой народ. Сёньня падніміце кошты на газ на 100 % і больш, як у Эўропе, то нашы заводы і фабрыкі будуць жабракамі. Іх прадукцыю ніхто купляць ня будзе. Вось вам і цуд. Сельская гаспадарка таксама аказалася ў такім становішчы. Яшчэ да 1917 года Пётр Сталыпін пачаў праводзіць рэформы ў сельскай гаспадарцы. Зямлю раздавалі сялянам бясплатна. Яны былі гаспадарамі і атрымалі вынік. Для іх не будавалі аграгарадкі, яны самі сабе будавалі дамы і сваю гаспадарку. Пройдзе час, і мы будзем вымушаныя ствараць прыватную ўласнасьць. Сёньня вёскі мёртвыя ці напаўмёртвыя. Людзей няма. Вось вам і цуд. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG