Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Імёны Свабоды: “Там кожнае імя – гэта сымбаль”


Ганна Соўсь, Менск Выйшла ў сьвет кніга Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII—XXI стагодзьдзяў. Ад 1 студзеня 2006 году да Дня Волі 2007 году ў ранішнім эфіры “Свабоды” Ўладзімер Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю й незалежнасьць. Выданьне склалі выбраныя эсэ з больш чым трохсот радыёперадачаў.

Разам з Уладзімерам Арловым над кнігай працавала вопытная рэдактарка Кацярына Гарэлік. Яна спраўджвала па энцыкляпэдыях, даведніках ды іншых крыніцах літаральна кожную лічбу і назву. Часам даводзілася папраўляць і афіцыйныя крыніцы.

“Сапраўды, зьвесткі ў розных крыніцах былі часам розныя. А пасьля Ўладзімер Аляксеевіч, атрымаўшы ад мяне сыгналы, што ў “Беларускай энцыкляпэдыі” так, а ў энцыкляпэдыі “Гісторыя Беларусі” інакш, сам далей займаўся датай, якую трэба было выверыць. Мне здаецца, што па максымуму мы маглі падправіць некаторыя салідныя выданьні, як напрыклад “Гісторыя Беларусі” і “Беларуская энцыкляпэдыя”. Напрыклад, у энцыкляпэдыях ня тое месца пахаваньне Алаізы Пашкевіч падаецца...”, -- кажа Кацярына Гарэлік.

“Гэтая кніга адметная сваім матэрыялам, сваім падыходам”

Мастак усіх кніг Беларускай службы Радыё Свабода Генадзь Мацур гаворыць пра адметнасьць “Імёнаў Свабоды”:

“У гэтай сэрыі ў нас ужо шмат кніжак было, але ўсе яны розныя. А гэтая кніга адметная сваім матэрыялам, сваім падыходам. Яна проста іншая”.

Карэспандэнтка: “Чым быў абумоўлены такі выбар вокладкі?”

Мацур: “Хацелася зрабіць нешта простае. Таму што там кожнае імя – гэта сымбаль. Проста хацелася гэты сымбаль неяк замацаваць. Неяк узьнікла такая думка, што ўсе яны павінны прысутнічаць на вокладцы. Так я і зрабіў”.

Прэзэнтацыя кнігі “Імёны Свабоды” ў Менску і інтэрнэце — у пятніцу, 21 верасьня. Адрас у Менску — “Варвашэні”, 8, пачатак у 18:00. Адрас у інтэрнэце — svaboda.org.

Яшчэ больш водгукаў на “Імёны Свабоды” -- новую кнігу з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” – чытайце на нашым сайце, а таксама слухайце ў ранішнім і вечаровым эфіры

У сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” ўжо выйшлі кнігі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе”, “Дуліна ад Барадуліна”, “Прыгоды Ара ў Беларусі”, “Вострая брама”, “Беларуская атлянтыда”, “Плошча” і “Альбом сямейны”.


• В.Вячорка: “Імёны Свабоды” – не эпітафіі, гэта як кроплі жывой вады”, 18.09.2007 • М.Жбанкоў пра “Імёны Свабоды”: Гэта гісторыя беларускага патрыятызму, 18.09.2007 • “Імёны Свабоды”: ад Тадэвуша Рэйтана да Аўгіньні Дзянісавай, 18.09.2007 • Захар Шыбека: “Арлоў валодае ўнікальнай здольнасьцю паэтычнага ляканізму”, 17.09.2007 • Алег Гардзіенка: “Уладзімер Арлоў стварыў малую энцыкляпэдыю беларускай свабоды” , 17.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG