Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Партрэты Арлова - нібы паэмы ў сваёй эканомнасьці і насычанасьці”


Ганна Соўсь, Менск Выйшла ў сьвет кніга Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII—XXI стагодзьдзяў. Ад 1 студзеня 2006 году да Дня Волі 2007 году ў ранішнім эфіры “Свабоды” Ўладзімер Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю й незалежнасьць. Выданьне склалі выбраныя эсэ з больш чым трохсот радыёперадачаў.

261-ы, апошні партрэт у кнізе “Імёны Свабоды” – Аўгіньні Дзянісавай, бабулі Уладзімера Арлова, якая таемна ахрысьціла свайго ўнука ў Копыскай царкве (“той самой, дзе чамусьці не пахрысьцілі малога Сашу Лукашэнку”). Уладзімер Арлоў згадвае, што доўга думаў, як закончыць кнігу.

“Хацелася б, каб апошнім героем быў ня проста варты гэтага чалавек, а чалавек, які адыграў у маім жыцьці выключную ролю. І я вырашыў, што такім чалавекам была мая бабуля Аўгіньня – маміна маці. Яна была і маёй першай настаўніцай беларускай мовы, і маёй першай настаўніцай гісторыі. Яна зрабіла мне першую прышчэпку праўды і вальнадумства. Я і сёньня адчуваю магутную таемную сувязь з бабуляй, хоць яна ўжо даўно пакінула гэты сьвет”.

“Кожны партрэт – гэта тэкставы эквівалент фотаздымку”

У “Імёнах Свабоды” ёсьць эсэ ня толькі пра бабулю Ўладзімера Арлова, але і пра бабулю Данчыка (Багдана Андрусішына) – Яніну Каханоўскую. І апошнія радкі ў ім: “Я чакаю кнігу, якую напіша пра сваю бабулю Данчык. Яму слова.

Данчык: “Я думаю, што ўся прыгажосьць і ўнікальнасьць гэтай кнігі - у фармаце, які аўтар выбраў, каб падаць біяграфіі ўсіх гэтых выдатных беларусаў-патрыётаў. Кожны журналіст ведае, што лягчэй напісаць даўгі рэпартаж, чым кароткі. А партрэты Арлова - нібы паэмы ў сваёй эканомнасьці і насычанасьці.

Асабліва яскрава я бачу гэта ў эсэ Уладзімера пра маю бабцю Яніну Каханоўскую, асаблівасьць і чалавечыя якасьці якой аўтар перадаў з вартай зьдзіўленьня дакладнасьцю. Кожны партрэцік – практычна некалькі абзацаў – гэта тэкставы эквівалент фатаздымку. Маўляў, паглядзеў, прачытаў і пазнаў”.

Прэзэнтацыя кнігі “Імёны Свабоды” ў Менску і інтэрнэце — у пятніцу, 21 верасьня. Адрас у Менску — “Варвашэні”, 8, пачатак у 18:00. Адрас у інтэрнэце — svaboda.org.

Яшчэ больш водгукаў на “Імёны Свабоды” -- новую кнігу з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” – чытайце на нашым сайце, а таксама слухайце ў ранішнім і вечаровым эфіры

У сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” ўжо выйшлі кнігі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе”, “Дуліна ад Барадуліна”, “Прыгоды Ара ў Беларусі”, “Вострая брама”, “Беларуская атлянтыда”, “Плошча” і “Альбом сямейны”.


• В.Вячорка: “Імёны Свабоды” – не эпітафіі, гэта як кроплі жывой вады”, 18.09.2007 • М.Жбанкоў пра “Імёны Свабоды”: Гэта гісторыя беларускага патрыятызму, 18.09.2007 • “Імёны Свабоды”: ад Тадэвуша Рэйтана да Аўгіньні Дзянісавай, 18.09.2007 • Захар Шыбека: “Арлоў валодае ўнікальнай здольнасьцю паэтычнага ляканізму”, 17.09.2007 • Алег Гардзіенка: “Уладзімер Арлоў стварыў малую энцыкляпэдыю беларускай свабоды” , 17.09.2007
XS
SM
MD
LG