Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І. Рынкевіч: “Прысуд Казуліну застаецца незаконным”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Год таму – 19 верасьня 2006 году – гарадзкі суд Менску зацьвердзіў прысуд Аляксандру Казуліну, паводле якога экс-кандыдата на прэзыдэнта на 5,5 гадоў адправілі ў віцебскую калёнію.

Ад уступленьня ў сілу прысуду Аляксандру Казуліну мінуў год, цягам якога бок Казуліна спрабаваў аспрэчыць прысуд у вышэйшых інстанцыях, але безвынікова. Беларуская фэміда лічыць, што Казулін вінаваты ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў, што доказаў гэтага дастаткова, у справе пастаўленая кропка. Былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч мяркуе інакш:

“Абарона Аляксандра Казуліна да сёньня лічыць прысуд неабгрунтаваным і незаконным, як і касацыйнае вызначэньне, якое прынялі 19 верасьня. Нагадаю, што тады ніводнага пытаньня ў судзьдзяў ня ўзьнікла. Пры гэтым судзьдзі не дапусьцілі самога Казуліна да разгляду ягонай скаргі і не задаволілі шэраг іншых хадайніцтваў. Прыкладам, аб далучэньні да матэрыялаў справы гуказапісу працэсу ў Маскоўскім судзе”.

Праз два дні бацькі Аляксандра Казуліна прыйшлі ў Менскі сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага, каб наведаць сына, але таго ўжо адвезьлі ў віцебскую калёнію. Уладзіслаў Аляксандравіч Казулін памятае ўсе падрабязнасьці таго дня.

“Вы ведаеце, кожны дзень мы з жонкай пра яго згадваем, але ня ведаем, як яму дапамагчы. Абодва хворыя, я дык увогуле з дому амаль не выходжу”.

На апошняй сустрэчы з адвакатам у сьледчым ізалятары Аляксандар Казулін папярэдзіў, што празь месяц пачне галадоўку пратэсту супраць улады Аляксандра Лукашэнкі, легітымнасьць якой, паводле Казуліна, закончылася ў кастрычніку 2006 году. Сваё слова палітык стрымаў. Ён галадаваў 53 дні. Пазьней у Радзе бясьпекі ААН было ўзьнятае пытаньне пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Наступствы працяглай галадоўкі Аляксандар Казулін адчувае дагэтуль – ён не аднавіў былую вагу, лекары знайшлі ў яго шэраг захворваньняў. Але духам Аляксандар Казулін ня стаў слабейшы,– адзначаюць ўсе, хто зь ім сустракаўся за гэты год: сваякі, адвакаты, замежныя дыпляматы. Нават супрацоўнікі адміністрацыі калёніі прызнаюць, што ў яго моцны характар. “Адчувае сябе як заўсёды, бадзёра”,– час ад часу паведамляе журналістам пра Казуліна начальнік калёніі. Але пры гэтым за мінулы год на Аляксандра Казуліна ў калёніі наклалі ўжо тры пакараньні, ў тым ліку пазбавілі спатканьня з роднымі і адмовілі ў просьбе мець грамадзкім абаронцам Ігара Рынкевіча.

Ці можа Аляксандар Казулін выйсьці на волю датэрмінова? У траўні да ягоных сваякоў дайшлі чуткі, што нібыта хутка яго амністуюць і вызваляць. Жонцы Ірыне Казулінай нават параілі напісаць ліст прэзыдэнту з просьбай аб памілаваньні. Але яна напісала ў адміністрацыю толькі просьбу справядліва перагледзець справу. Чуткі пра вызваленьне не пацьвердзіліся.

“Мне тэлефанавалі нават і казалі, што вось у Кангрэсе дэмакратычных сілаў ён будзе ўдзельнічаць. Але ўлада дастала вялікую дулю і паказала ўсім. Таму больш ніякім абяцанкам і чуткам я ня веру”.

• Што адкажа Валянцін Сукала на прысуд Аляксандру Казуліну? , 21.05.2007 • “Усе ягады праткнулі нажамі, пірагі і тарты разрэзалі на кавалкі...” , 16.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG