Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску закрыліся 18 дзіцячых садкоў


Іна Студзінская, Менск Агляд публікацый недзяржаўнага друку за 19 верасьня.

“Газэта Слонімкая” распавядае, як у горадзе была абрабавана ювэлірная крама “Рубін”. Сярод белага дня ў краму зайшлі некалькі мужчын. Адзін зь іх загіпнатызаваў прадавачку, і кабета сама аддала рабаўнікам усе каштоўнасьці – на суму больш за 200 мільёнаў рублёў. Праз некалькі дзён невядомыя такім жа спосабам абрабавалі ювэлірную краму ў Берасьці. Тыднёвік друкуе фатаробаты рабаўнікоў, якія знаходзяцца ў вышуку.

“Газэта Слонімская” таксама піша, што ў расейскім горадзе Ханты-Мансійску зьявіўся помнік ураджэнцу Пружанаў (тады яшчэ Слонімскага павету) Аляксандру Дуніну-Гаркавічу -- навукоўцу, дасьледчыку поўначы Заходняй Сыбіры. Распавядае слонімскі журналіст Сяргей Чыгрын:

“У Ханты-Мансійску ёсьць і мэмарыяльная дошка, і вуліца яго імя, у мясцовым унівэрсытэце ёсьць стыпэндыя імя Дуніна-Гаркавіча. А ў нас на Слонімшчыне столькі знакамітых землякоў (я ўжо не кажу пра Дуніна-Гаркавіча, ён амаль невядомы), а такія знаныя, вялікія землякі, як Агінскі, як Леў Сапега, які быў гетманам Слонімскім, як паэт Гальяш Леўчык... І ў нас да сёньняшняга дня ніводнаму зь іх няма ні помніка, ні мэмарыяльнай шыльды! Мы ўжо гадоў 5 дабіваемся, каб паставіць помнік Льву Сапегу ў Слоніме, і ніяк ня можам гэта зрабіць”.

“Бобруйский курьер” паведамляе, што Міністэрства прамысловасьці вырашыла закрыць завод “Вагапрыбор”. Прадпрыемства ліквідуецца з прычыны эканамічнай няздатнасьці – крэдытная запазычанасьць складае каля трох мільярдаў рублёў. Нядаўна ў горадзе было закрытае яшчэ адно прадпрыемства – “Бабруйскаграмаш”.

У Бабруйску не хапае дашкольных дзіцячых установаў. Толькі за апошнія некалькі гадоў у горадзе зачыненыя пяць садкоў,– сьцьвярджаюць чыноўнікі ўпраўленьня адукацыі. Журналісты “Бобруйского курьера” падлічылі, што насамрэч садкоў у горадзе стала на 18 менш.

Слуцкі “Інфа-кур’ер”. У пэнсіянэра Аркадзя Баравіка жыве курыца-доўгажыхарка, якой пайшоў трынаццаты год. Яна дагэтуль нясе яйкі і бегае па двары, як маладыя куры, сьцьвярджае гаспадар. Дарэчы, сярэдняя працягласьць жыцьця курыцы – 7 гадоў.

“Комсомольская правда” в Белоруссии”. Днямі памежнікі Берасьцейскай памежнай групы затрымалі 20-гадовага жыхара Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, кыргіза па нацыянальнасьці, які спрабаваў зрабіць падкоп пад беларуска-польскай мяжой. Прычым зямлю рыў ён мэталічным кубкам. Пры затрыманьні ў хлопца знайшлі мапу Берасьцейскай вобласьці, інструкцыю «Школа выжываньня», сухія пайкі, цёплыя рэчы. Парушальнік мяжы сьцьвярджае, што такім чынам зьбіраўся трапіць у Нямеччыну да каханай дзяўчыны. Падкопы пад дзяржаўную мяжу Беларусі рабіліся і раней, але ніхто яшчэ не падкапаў настолькі, каб сыйсьці за мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG