Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася прэм''ера фільму Анджэя Вайды пра Катынь


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве адбылася прэм’ера мастацкага фільму “Пост мортэм. Катынская аповесьць” ляўрэата “Оскара” Анджэя Вайды – гэта першы польскі мастацкі фільм пра трагедыю ў Катыні.

Калі фільм скончыўся і ў залі Вялікага тэатру ў Варшаве запалілі сьвятло, гледачы прывіталі рэжысэра і іншых стваральнікаў “Катынскай аповесьці” працяглымі воплескамі. Анджэй Вайда зьняў фільм пра трагічны лёс расстраляных польскіх афіцэраў, але перадусім паказаў трагедыі іхных сем’яў.

“Пасьля шматлікіх спробаў і разважаньняў я вырашыў, што фільм пра Катынь ня можа мець за мэту адкрыцьцё праўды пра гэтае злачынства, – расказвае Вайда. – Такую працу ўжо выканалі гісторыкі і палітыкі. Для сучаснага гледача гістарычныя факты могуць быць толькі фонам, на якім я паказваю людзкія лёсы. Мой фільм пра Катынь – гэта гісторыя сям’і, гісторыя чаканьня і падманутых спадзяваньняў на вяртаньне. Адным словам, гэта фільм пра асабістае гора, якое выклікае значна больш моцныя пачуцьці, чым гістарычныя факты”.

Для Анджэя Вайды “Пост мортэм...” мае асаблівае значэньне – у Катыні быў забіты ягоны бацька. У часе здымкаў рэжысэр карыстаўся таксама знойдзеным у катынскім лесе дзёньнікам аднаго з польскіх афіцэраў, які апісвае апошнія гадзіны перад расстрэлам.

Чаму Анджэй Вайда ня зьняў такога фільму раней?

“Я ўвесь час адкладаў працу над фільмам, бо нават ужо пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ня мог паверыць, што вось надышоў час ужо, – гаворыць Вайда. – Але далей адкладаць было няма куды – гэта адзін з маіх апошніх фільмаў. І ўрэшце зьявіўся добры сцэнар, і я паверыў, што гэтых герояў можна ажывіць на экране”.

Анджэй Вайда – на пляне фільму “Пост мортэм. Катынская аповесьць” Анджэй Вайда – падчас здымкаў фільму “Пост мортэм. Катынская аповесьць”

У фільме Вайды граюць зоркі польскага кіно, а таксама расейскі актор Сяргей Гармаш, які выканаў ролю афіцэра НКВД.

“Для мяне гэта вялікі гонар – граць у фільме Анджэя Вайды, – гаворыць Гармаш. – Гэта фільм – рэквіем ня толькі па забітых у Катыні паляках, але і па ўсіх ахвярах рэпрэсіяў”.

На загад, падпісаны 5 сакавіка 1940 году чальцамі палітбюро камуністычнай партыі на чале з Сталінам, супрацоўнікамі НКВД былі расстраляныя 22 тысячы палонных польскіх вайскоўцаў, паліцыянтаў, сьвятароў – у тым ліку і беларусаў паводле паходжаньня.

Палякі лічаць гэтае злачынства генацыдам, але расейскі бок ня хоча прызнаць, што гэта быў генацыд.
XS
SM
MD
LG