Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кузьняцоў: “Мы павінны нагадваць, што такое 1937 год”


Галіна Абакунчык, Менск У сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прайшло сёньня грамадзкае абмеркаваньне тэмы “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі – гісторыя і сучаснасьць”. Сустрэча ў ТБМ была прымеркаваная да 70-й гадавіны самых масавых расстрэлаў у Беларусі. Удзел у абмеркаваньні ўзялі навукоўцы, студэнты і прадстаўнікі старэйшага пакаленьня.

Роўна 70 гадоў назад у Беларусі разгортваўся самы жорсткі тэрор савецкай улады супраць грамадзянаў краіны. Толькі 29 кастрычніка ў Курапатах былі расстраляныя адразу 22 беларускія пісьменьнікі.

Гісторык Ігар Кузьняцоў сваё выступленьне на тэму “Менск у часе сталінскіх рэпрэсіяў” зьвязаў беспасярэдне зь сёньняшнім днём:

“Гэтая сустрэча – напамін пра тое, што было, і пра тое, да чаго гэта прывяло. Гэта паралель зь сёньняшнім днём. Тады былі іншыя формы, але й сёньня таксама адбываецца гвалт над асобаю”.

Грамадзкае абмеркаваньне тэмы “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі – гісторыя і сучаснасьць”

Удзельнікі абмеркаваньня атрымалі кнігу “Курапаты” з артыкулам Зянона Пазьняка і дакумэнтамі дасьледаваньняў, праведзеных у Курапатах. А галоўнае – сабраныя ў сядзібе ТБМ мелі магчымасьць задаць пытаньні навукоўцам.

Карэспандэнтка: “Чаму вы сёньня тут?”

Спадарыня: “Я Літвінава Людміла, прыйшла сюды таму, што тэма сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі вельмі важная, але штучна прыглушаная. Я лічу, што яна павінна быць вядомая грамадзтву, але яе яшчэ й замоўчваюць”.

Спадарыня: “Мы ня ведаем усяго, што адбывалася. А яшчэ ня зробленыя ніякія высновы з таго, што здарылася. І сёньняшняе кіраўніцтва нават нешта вяртае са стылю тых часоў. І гэта палохае”.

Пра замоўчваньне ўладамі тэмы палітычных рэпрэсіяў у Беларусі нагадаў таксама Ігар Кузьняцоў:

“Не ўшанавана памяць нашых суграмадзянаў, ня выдадзены кнігі памяці. І самае галоўнае, мы павінны нагадваць пра тое, што было, бо ўжо вырасла новае пакаленьне грамадзянаў, якія ня ведаюць, што такое 1937 год для Беларусі”.

Паводле Кузьняцова, з гэтай мэтай 29 кастрычніка, у 70-ю гадавіну расстрэлу беларускіх пісьменьнікаў, у Менску пройдзе шэраг жалобных імпрэзаў.

Дасьледнікі сталінскіх рэпрэсіяў нагадваюць, што ад жніўня 1937 да лістапада 1938 году толькі ў Менску забілі каля 10 тысяч чалавек, а арыштавалі да 100 тысяч. Паводле розных зьвестак, за гэты пэрыяд у Беларусі закатавалі ад 50 да 250 тысяч чалавек.
XS
SM
MD
LG