Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апэрацыя “пераемнік” па-беларуску?


Юры Дракахруст, Прага У чым прычыны сыходу Ўладзімера Канаплёва з пасады старшыні палаты прадстаўнікоў? Ці рыхтуе Аляксандар Лукашэнка свайго сына Віктара на пасаду пераемніка? Якія пэрспэктывы партыі “Белая Русь? Над гэтымі тэмамі ў “Праскім акцэнце” разважаюць аглядальнік “Белгазеты” Віктар Марціновіч, палітоляг Сяргей Нікалюк і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: “На гэтым тыдні даўні асабісты сябра Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімер Канаплёў падаў прашэньне аб сыходзе з пасады старшыні палаты прадстаўнікоў “паводле стану здароўя”. Сыход аднаго з апошніх, а калі не лічыць Віктара Шэймана, то і апошняга чальца першай каманды Лукашэнкі спарадзіў шмат вэрсіяў і тлумачэньняў. Віктар Марціновіч, якая вэрсія падаецца праўдзівай ці хаця б найбольш праўдападобнай Вам?”

"Я бачыў, што для большасьці дэпутатаў гэтая адстаўка стала цудам, нават вельмі інфармаваныя дэпутаты былі зьбянтэжаныя". В. Марціновіч

Марціновіч: "Мне найбольш праўдападобнай падаецца эканамічная вэрсія гэтай адстаўкі. Пра яе магчымасьць я чуў яшчэ паўгоду таму ад людзей, якія займаюцца эканомікай, а не палітыкай. Я бачыў, што для большасьці дэпутатаў гэтая адстаўка стала цудам, нават вельмі інфармаваныя дэпутаты былі зьбянтэжаныя. У Інтэрнэце было сфармулявана шмат вэрсіяў адносна таго, паводле якіх эканамічных чыньнікаў спадар Канаплёў мог пайсьці ў адстаўку. Напрыклад, прапаноўвалася вэрсія наконт ягонай прысутнасьці на нафтавым рынку. На мой погляд, гэтая вэрсія зьяўляецца адной з найбольш верагодных".

Дракахруст: "Сяргей Нікалюк, а што Вам падаецца найбольш праўдападобным? Пасьля ягонай адстаўкі казалася, што спадар Канаплёў часта блытаў ўласную кішэню з дзяржаўнай, прычым рабіў гэта “не па чыну”, іншыя казалі , што Канаплёў перашкаджаў рабіць кар''еру Віктару Лукашэнку."

"Сутнасьць гэтай улады - дзяліць рэсурсы. А рэсурсы ня тое, што сканчаюцца, але зь імі ўзьнікае напружанасьць". С. Нікалюк

Нікалюк: “Шчыра кажучы, я не спэцыяліст па пэрсаналіях. Але хто такі спадар Канаплёў? Чым ён праславіўся для краіны? Сваімі асабістымі сувязямі з прэзыдэнтам. А цяпер чымсьці не дагадзіў. Што тычыцца эканамічнай вэрсіі, то яна падаецца мне абгрунтаванай. Сутнасьць гэтай улады -- дзяліць рэсурсы. А рэсурсы ня тое, што канчаюцца, але зь імі ўзьнікае напружанасьць. Таму цалкам магчыма, што могуць узьнікнуць праблемы пры яе новым перадзеле”.

Дракахруст: "Віталь, а як Вы лічыце, у чым была прычына сыходу Ўладзімера Канаплёва? Існуе яшчэ адна вэрсія гэтага, так бы мовіць, “гістарычная” – аўтарытарныя ўладары раней ці пазьней, але заўсёды пазбаўляюцца ад тых, хто быў зь імі калісьці на ты.”

"Сканчаецца вольны, сыбарыцкі пэрыяд, калі можна было і самому жыць, і іншым даваць магчымасьць жыць". В. Цыганкоў

Цыганкоў: “Вы, Юры, відаць, маеце дар прадбачаньня і прадказалі тое, што я хачу сказаць. Я хачу засяродзіцца менавіта на гэтай "гістарычнай вэрсіі". Адстаўка Канаплёва -- гэта гістарычная заканамернасьць з усіх пунктаў гледжаньня. Калі зыходзіць з двух тэзісаў -- першага, што ў 1994 годзе ў Беларусі адбылася сацыяльная рэвалюцыя, пра што шмат пісаў вядучы сёньняшняга "Праскага акцэнту", і другога тэзісу, што рэвалюцыя пажырае сваіх дзяцей -- то гэтая гістарычная заканамернасьць у Беларусі спраўдзілася, прычым спраўдзілася ў два этапы. Першая хваля паплечнікаў -- Лябедзька, Фядута, Булахаў, Ганчар была адсунутая ад улады амаль адразу, цягам першага году. І іх адыход азначаў наступленьне новага этапу -- стабілізацыі ўлады вакол адной яркай асобы, а не каманды яркіх асобаў. У гэтай сувязі сыход Канаплёва яшчэ можна тлумачыць нейкімі асабістымі чыньнікамі, але калі сыдзе і Шэйман, то гэта ўжо будзе канчатковым сьведчаньнем наступленьня чарговага этапу. Якога, пакуль ніхто дакладна ня можа сказаць. Але, здаецца, сэнс гэтага этапу палягае ў тым, што сканчаецца вольны, сыбарыцкі пэрыяд, калі можна было і самому жыць, і іншым даваць магчымасьць жыць. Гэткі "застой" заканчваецца і надыходзяць больш жорсткі час, больш жорсткія эканамічныя адносіны, больш жорсткія прафэсіяналы. Канаплёў у гэтым сэнсе ўжо прыносіў мала карысьці".

Канаплёў – будучы стаўленік Масквы?

Дракахруст: “На канфэрэнцыі ў Кіеве на гэтым тыдні рэдактар БДГ Пётар Марцаў казаў пра фармаваньне ў Беларусі, так бы мовіць, “рускай партыі”. Ці ня лічыце Вы, што сыход Канаплёва “паводле стану здароўя” – гэта спосаб застацца ня толькі на волі, але і ў палітыцы і менавіта ў межах такога “рускага праекту”. А чым кепскі правадыр, чым не маскоўскі пераемнік? Віталь, Вам пытаньне”

"Мне здаецца, што яго хутчэй за ўсё чакае лёс Ціцянкова". В. Цыганкоў
Цыганкоў: "Тое, што Канаплёў захоча вярнуцца ў палітыку, прычым вярнуцца не на баку Лукашэнкі -- гэта вэрсія, мякка кажучы, фантастычная. Я цалкам згодны са Сьвятланай Калінкінай, якая сказала ў нашым эфіры, што Канаплёву зараз самае галоўнае -- уратаваць сябе. Паведамлялася, што ён зьехаў з санаторыя ў Сочы, дзе адпачываў. Таксама стала вядома, што ягоная жонка звольнілася з працы. Гэта ўсё ж нагадвае панічныя ўцёкі. І зараз калі ён паспрабуе высунуцца ў нейкім палітычным сэнсе, ён разумее, што яго расьціснуць, і прычым зь вялікім задавальненьнем. Ён шмат каго настроіў супраць сябе сваім бізнэсам і сваімі бізнэс-сябрамі, так што расьціснуць яго ёсьць жаданьне ў многіх. Скажам, ён зараз паспрабуе перачакаць, а потым вярнуцца, як , напрыклад, Сініцын. Аднак нават калі Канаплёў быў пры пасадзе, увесь час узьнікалі скандалы на глебе яго бізнэс-зацікаўленасьці. І ўлада мае на яго шмат кампрамату. І ў выпадку вяртаньня, ды яшчэ і супрацьуладнага, Канаплёву давядзецца думаць не пра кар''еру, а пра сваю ўласную свабоду. Мне здаецца, што яго хутчэй за ўсё чакае лёс Ціцянкова, што будзе ён жыць недзе за мяжой, хутчэй за ўсё ў Расеі, ціха, спакойна, не ўлазячы ў беларускія справы”.

"Я па шчырасьці пакуль ня бачу ніякага "рускага праекту", які б лабіяваўся самой Расеяй". С. Нікалюк
Нікалюк: “Цяжка дадаць нешта да словаў Віталя. Я мяркую, што на сёньняшні момант беларуская найвышэйшая кіруючая эліта няздольная на выпрацоўку самастойных палітычных крокаў. Гэта не значыць, што яна будзе няздольная іх зрабіць заўтра , у крызысных умовах. Але сёньня -- не. Акрамя таго, я па шчырасьці пакуль ня бачу ніякага "рускага праекту", які б лабіяваўся самой Расеяй. Мае невялікія сувязі з расейскімі аналітыкамі сьведчаць пра яго адсутнасьць. Расея пачала весьці новую палітыку ня толькі адносна Беларусі, але і адносна ўсіх краінаў СНД. Няма тут нічога спэцыфічна беларускага. Няма сёньня праекту”.

Марціновіч: "Вэрсія пра "рускі праект" мне таксама падаецца сьмешнай. На мой погляд, 10 гадоў таму "рускай партыі" у беларускай ўладзе было значна больш, чым цяпер. Тады сілавыя структуры ўзначальваліся асобамі зь вельмі спэцыфічным мысьленьнем. А цяпер, мне падаецца, фармуецца "беларускі праект" у беларускай уладзе, як гэта ні сьмешна. Што да сыходу Канаплёва ў кантэксьце "рускага праекту", то тут таксама бязглузьдзіца. Бясплённасьць лабісцкіх намаганьняў Леаніда Сініцына наводзіць на думку, што ў "рускім праекце" няма зацікаўленасьці Расеі, "Газпрому", лабістам якіх Сініцын спрабуе выступаць”.

Кадравы ператрус: крызыс ўлады ці яе ўмацаваньне?

Дракахруст: “На думку некаторых экспэртаў цяперашняя адстаўка Канаплёва, калі глядзець на яе ў сукупнасьці з арыштам Бароўскага, чысткай у КДБ і іншымі падзеямі такога кшталту – сьведчаньне нарастаньня глыбокіх супярэчнасьцяў у беларускай уладнай эліце. Але, скажам, сталінскія чысткі зусім ня сьведчылі пра нейкія ўнутрысыстэмныя супярэчнасьці. А ў Беларусі сьведчаць? Ці няма ў раптоўнай адстаўцы Канаплёва ў Беларусі пэўнага падабенства з гэткімі ж раптоўнымі і мудрагелістымі адстаўкай ў Расеі Фрадкова і прызначэньнем Зубкова? Сяргей, Вам першаму пытаньне.”

"Калі ён пэрыядычна ня будзе мяняць кадры, ён ня будзе першай асобай дзяржавы, гэта ягоная функцыя праяўляць сябе, як улада -- мяняць кадры". С. Нікалюк
Нікалюк: “Калі Вы, Юры, правялі нейкія гістарычныя паралелі, я таксама павінен сказаць некалькі словаў на гэты конт. У гэтай сыстэме ўлады кадравая палітыка -- гэта аснова. Лукашэнка яшчэ ў 1994 годзе, толькі стаўшы прэзыдэнтам, заявіў : "Кіраваньне краінай я буду рабіць праз кадравую палітыку". Што ён і робіць дагэтуль. Калі ён пэрыядычна ня будзе мяняць кадры, ён ня будзе першай асобай дзяржавы, гэта ягоная функцыя праяўляць сябе, як улада -- мяняць кадры. Што тычыцца сталінскіх чыстак, трэба дакладна сабе ўяўляць, што калі Сталін стаў першай асобай у дзяржаве, ён быў у атачэньні людзей, у пэўным сэнсе яму роўных, людзей, якія нічым не былі яму абавязаныя. Таму ўсіх іх ён павінен быў зьмяніць, іншымі словамі, "зьнішчыць ленінскую гвардыю" і расставіць на ўсіх узроўнях людзей, якія абавязаныя яму ўсім. Што ён і зрабіў. Лукашэнка ў цэлым гэты працэс даўно завяршыў. Уладзімер Канаплёў быў фігурай даволі самастойнай, што супярэчыла сутнасьці гэтай улады. Адсюль і гэтыя зьмены. Дастаткова прыгадаць Касьянава ў Расеі, які на пасадзе прэм''ера пачаў прэтэндаваць на нейкую самастойнасьць. Што тычыцца наўпроставых паралеляў з Расеяй, то тут можна сказаць хіба пра падабенства саміх мадэляў улады”.

Марціновіч: "Супярэчнасьці існуюць там, дзе ёсьць барацьба. Мне падаецца, што адстаўка Канаплёва -- сьведчаньне - не барацьбы, а ў пэўным сэнсе супрацьлеглай зьявы. Яшчэ зусім нядаўна ў нас існавала некалькі груповак ва ўладзе, якія былі зацікаўленыя ў правядзеньні ўласных інтарэсаў. Цяпер мы бачым, што адна з гэтых груповак амаль што канчаткова "зачышчаная", лідэра другой групоўкі ўжо ніхто не ўспрымае ўсур''ёз і гавораць пра ягоныя дыпляматычныя прызначэньні. Так што гэта не супярэчнасьці, гэта гамагенізацыя бізнэс-ландшафту. Асноўнае пытаньне -- хто гэта робіць і дзеля чаго? Пэўныя людзі, пэўныя сілы зараз прыходзяць да кантролю над большай часткай эканомікі, над асаблівы прыбытковымі яе кірункамі. А што тычыцца падабенства з адстаўкай Фрадкова і прызначэньнем Зубкова, то мы ведаем, што гэта адбылося ў межах апэрацыі "пераемнік". Сапраўды можна казаць, што нейкае падабенства тут ёсьць, бо шэраг беларускіх экспэртаў кажа, што апэрацыя "пераемнік" пачалася і ў Беларусі і што палітычнае і эканамічнае поле Беларусі "зачышчаецца" пад нейкага пераемніка, імя якога называецца. Відавочна, што ў адстаўку Канаплёва адпраўляў ня Віктар Лукашэнка. Відавочна, што гэта рабілі і ня нейкія бізнэсоўцы, якія зараз актыўна дзеляць беларускі рынак. Але тое, што яны маюць выхады на прэзыдэнта і тое, што прэзыдэнт ідзе ў фарватэры іх інтарэсаў, гаворыць пра вельмі многае".

На якім этапе апэрацыя “пераемнік”?

Дракахруст: "Віктар Марціновіч ужо пачаў размову пра свайго цёзку. Шмат хто з экспэртаў бачыць прычыны адстаўкі Канаплёва ў тым, што ён перашкаджаў руху да ўлады Віктара Лукашэнкі, якога нібыта бацька рыхтуе на ролю пераемніка. Хаця варта сказаць, што сам Аляксандар Лукашэнка неаднаразова адмаўляў наяўнасьць такіх плянаў, апошні раз -- у інтэрвію францускай Le Monde. Аднак на думку адных гэта ўжо гатовы праект, няўхільная і пасьлядоўная рэалізацыя якога ўжо пачалася. Іншыя мяркуюць, што праект існуе адно ў галовах пэўнага кола аналітыкаў і журналістаў. А як мяркуеце Вы, Віталь?”

"Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году самім Лукашэнкам дастаткова ўсур''ёз разглядалася вэрсія аб пераемніку, не аб Віктары, а аб нейкай іншай асобе". В. Цыганкоў
Цыганкоў: “Вэрсія пра Віктара Лукашэнку падводзіць нас да такой нематэрыяльнай субстанцыі, як характар ягонага бацькі, Аляксандра Лукашэнкі. І тут хто б ні выстаўляў сябе вялікім знаўцам гэтай субстанцыі -- ніхто ня можа сказаць напэўна. Я магу сказаць, што я ведаю. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году самім Лукашэнкам дастаткова ўсур''ёз разглядалася вэрсія аб пераемніку, не аб Віктары, а аб нейкай іншай асобе. Перабіраліся розныя кандыдатуры , але ніводная зь іх не задаволіла. Мне гэта распавядалі людзі не з палітычнага атачэньня, а з атачэньня парапсыхолягаў, прадказальнікаў, астролягаў, якія "кансультуюць" кіраўніка дзяржавы. Канчатковае рашэньне ісьці на трэці тэрмін было прынятае даволі позна. Чалавек ён, мякка скажам, ня вельмі даверлівы. Сам Лукашэнка казаў, што на такой пасадзе сяброў ня можа быць. Ён успрымае ўладу, як барацьбу, як прызначэньне зьверху. Тут можна прыгадаць шмат цытатаў, я прапаную, скажам, такую: "Я сказаў сябе, дзякаваць Богу, ёсьць прэзыдэнт, які можа захаваць стабільнасьць у грамадзтве". У гэтым -- вялікае адрозьненьне ад Пуціна, які ставіцца да ўлады па-сыбарыцку, памятаеце, ён падчас перапісу у графе "занятак" напісаў: "аказваю паслугі насельніцтву". І калі Лукашэнка з аднаго боку нікому не давярае, а з другога - думае, што калісьці прыйдзецца пакідаць гэтую пасаду, зразумела, што думка пра чалавека, якому ён у пэўнай ступені давярае, пра сына, яму ня можа не прыходзіць. Гэта праект пакуль не зацьверджаны канчаткова. Бо вельмі розныя можна чакаць ад яго наступствы. Ну, ня будзем казаць, як успрыме яго беларускае насельніцтва, "Народ, беларускі народ..." - я ня буду далей цытаваць Максіма Багдановіча, хто ведае, той ведае, а хто ня ведае, тым, можа і ня трэба гэтую цытату прыводзіць. Але гэты варыянт прынясе шмат праблемаў на зьнешнім фронце. Яго, здаецца, ня ўспрыме ані Захад, ані Расея, і невядома, наколькі моцным будзе іх супрацьдзеяньне. Так што спалучэньне такіх нематэрыяльных, асабістых якасьцяў падыходу да гэтага варыянту, і таго, што ва ўсім астатнім ён ня вельмі спрыяльны, то вядома, чым скончыцца гэтая барацьба ў душы Аляксандра Лукашэнкі".

Дракахруст: "Сяргей, ну Вы не парапсыхоляг, не астроляг, а ўсяго толькі палітоляг, але магчыма ў Вас ёсьць свой погляд на гэтую праблему. І на Ваш погляд, у якой ступені гатоўнасьці знаходзіцца гэты праект?"

Нікалюк: “Менавіта як палітоляг я хацеў бы сказаць, што Аляксандар Рыгоравіч за гады свайго кіраваньня зрабіў з Беларусі "унітарнае прадпрыемства" з адным ўладальнікам. І як сапраўдны ўладальнік, ён, зразумела, думае пра тое, якія будуць пэрспэктывы, каму ён гэта перадасьць. Тут ёсьць два моманты. Калі мы гаворым аб тым, ці прымуць пераемніка, трэба разрозьніваць два моманты: прыняцьце кім? Прыняцьце грамадзтвам -- гэта адзін момант. Гэтыя пытаньні вырашаюцца шляхам піяр-мерапрыемстваў. Я мяркую, што Аляксандар Рыгоравіч гэтым пытаньнем пакуль не займаецца. Але ягоны будучы пераемнік, у асобе Віктара ці кагосьці іншага, павінен яшчэ і кансалідаваць вакол сябе эліту. Гэтыя пытаньні піяр-кампаніямі не вырашаюцца. Тут трэба ўмець трымаць гэтую эліту ў падпарадкаваньні. І вось увядзеньне Віктара ў рэальныя справы, навучаньне яго гэтай навуцы, адбываецца на нашых вачах. Але ня ставіцца канкрэтная мэта, што ў пэўным годзе Аляксандар Лукашэнка сыдзе. Ён будзе трымацца ва ўладзе да тае пары, пакуль ногі яго хоць неяк будуць рухацца”.

Дракахруст: "Віктар Марціновіч, Вы пачалі гэтую тэму, я даю Вам магчымасьць і напрыканцы выказацца -- у якой ступені гатоўнасьці гэты праект, ад якіх чыньнікаў залежыць ягоны далейшы лёс? У інтэрвію Le Monde Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што для таго, каб кіраваць дзяржавай, патрэбны характар, патрэбная моцная рука. А калі ў сына гэтага няма, то такая пасада будзе для яго хутчэй небясьпекай".

" Адбываецца плаўны працэс скарачэньня прысутнасьці прэзыдэнта ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця В. Марціновіч".
Марціновіч: "Я сапраўды веру ў тое, што ён кажа пра сына, але працягваю настойваць на тым, што апэрацыя "пераемнік" ідзе. Я проста не лічу, што ў кантэксьце гэтага варыянта трэба размаўляць толькі пра сына. Гэта магчымае дапушчэньне, але хутчэй за ўсё, мы маем справу зь нейкай новай камандай. Відавочна, што такой моцнай асобы на чале дзяржавы, як цяпер, больш ня будзе, што самая схема кіраваньня дзяржавай будзе іншай. Новая каманда цяпер знаходзіцца ў ценю ў палітыцы, але яна ўжо атрымлівае ўсе інструмэнты кантролю над эканомікай. Але нават гаворачы і пра палітыку, варта заўважыць, што тыя пасады, якія вызваляюцца пасьля адставак апошніх месяцаў, запаўняюцца даволі маладымі людзьмі, да 30 гадоў. Я мяркую, што ёсьць вялікі праект прыводу новых людзей да ўлады, якія да моманту, калі гэтую ўладу трэба будзе перадаваць, будуць ўжо гэтай краінай рэальна кіраваць. На мой погляд Беларусь узору верасьня 2007 году кіруецца прэзыдэнтам у значна меншай ступені, чым яна кіравалася ім два ці нават год таму. Адбываецца плаўны працэс скарачэньня прысутнасьці прэзыдэнта ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця. Нават калі мы паглядзім, колькі прэзыдэнта цяпер па тэлебачаньні і колькі яго было гадоў 5 таму, то ўбачым, што ён адыходзіць у цень. Прычына гэтага -- не ягоная жаданьні і не парады яго паліттэхнолягаў надаць Беларусіт больш эўрапейскі выгляд, а менавіта працэс зьмены элітаў. Што тычыцца легітымацыі гэтай ўлады, то я ўпэўнены, што гэта -- апошняе пытаньне. Цяпер ні прэзыдэнта, ні тых людзей, якія могуць прыйсьці пасьля яго, зусім не турбуе, ці ўспрыме іх Эўропа і ці ўспрыме іх Беларусь. У грамадзтвах кшталту беларускага ... Паглядзіце, Расея была даволі лібэральным адкрытым грамадзтвам падчас перадачы ўлады ад Ельцына Пуціну. Але ўсё прайшло вельмі добра, Пуціна прынялі. Гэта проста неістотны аспэкт”.

Ёсьць такая партыя !?

Дракахруст: “Віктар, Вы вось сказалі, пра новую схему кіраваньня дзяржавай. Ня выключана, што адна з такіх новых схемаў ужо адпрацоўваецца. Размова ідзе пра партыю “Белая Русь”. Фармаваньне гэтага ўтварэньня неяк ідзе, здаецца , нават старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ня выключыла, што “Белая Русь “годна паўдзельнічае ў наступных парлямэнцкіх выбарах". Ну а некаторым экспэртам на тле досьведу расейскай і казахстанскай “партыяў улады” ужо бачыцца паўстаньне ў Беларусі такой жа партыі, зь Віктарам Лукашэнкам, дарэчы, на чале. Як Вы ацэньваеце такую пэрспэктыву, ад чаго і ад каго залежыць яе рэалізацыя?”

Марціновіч: "Я ўпэўнены, што гэта ня мае аніякага дачыненьня ані да палітыкі, ані да Віктара Лукашэнкі. "Партыя ўлады "Белая Русь" -- гэта бізнэс-праект. Тыя людзі, якія калісьці вадзілі па калідорах адміністрацыі прэзыдэнта хлапчука, які потым стварыў БПСМ, цяпер гойсаюць па калідорах улады з праектам "Белай Русі". Яні сьцямілі, што на такіх праектах вельмі хутка і вельмі эфэктыўна можна атрымаць вялікія грошы. Я ведаю гэтых людзей і яны сядзяць зусім не ў адміністрацыі прэзыдэнта. Сам Аляксандар Рыгоравіч зьяўляецца палітыкам, якому непатрэбная партыя ўлады, ён антыпартыйны палітык, ён палітык стыхіі, палітык народнай масы. І дарэчы, тое, што адбылося з партыямі ўлады ў Расеі, павінна запэўніць яго, што праекты кшталту "Белай Русі" ці БПСМ-БРСМ проста неэфэктыўныя. Калі БПСМ меў колькасьць у 2000 чалавек і выступаў перад тэлекамэрамі ў падтрымку прэзыдэнта , ён быў эфэктыўным. Калі БРСМ стаў больш за 400 тысяч чалавек, ніхто ўжо ня памятае, навошта столькі людзей запісаныя ў гэтую арганізацыю. Але пэўныя людзі ў пэўны час атрымалі вельмі пэўныя рэсурсы і ў гэтым быў асноўны сэнс, як і ў выпадку з "Белай Русьсю".

Нікалюк: “Мы часта ўжываем тэрмін "рэжым". Гэта вельмі шматграннае паняцьце. Я тут хачу прывесьці меркаваньне расейскага палітоляга Ліліі Шаўцовай, паводле якой "палітычны рэжым -- гэта найперш стыль і спосаб ажыцьцяўленьня лідэрства". Мы жывем ня проста пры аўтарытарным рэжыме, мы жывем пры аўтарытарным рэжыме Лукашэнкі. У яго ёсьць асабісты сталь. І пакуль ён кіраўнік дзяржавы, гэты стыль прынцыпова памяняцца ня можа, і ў гэтым стылі ніякім партыям месца няма. У сувязі з гэтым я хачу нагадаць словы намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Анатоля Рубінава ў інтэрвію "Народнай волі":"Прэзыдэнту ніякая партыя не патрэбная, ён усенародна абраны прэзыдэнт, ён падтрымліваецца ўсім народам, незалежна ад рэлігійнай, нацыянальнай і тым больш партыйнай прыналежнасьці". Аляксандар Рыгоравіч па сваёй натуры папуліст. Папуліст -- гэта чалавек, які робіць мабілізацыю грамадзтва наўпрост, па-за бюракратычнымі і іншымі складнікамі. І пакуль ён ва ўладзе, ніякім палітычным партыям, у тым ліку і "партыі ўлады", проста няма месца”.

Цыганкоў: "Мне вельмі спадабалася тое, што казаў Віктар Марціновіч пра "скарачэньне" прэзыдэнта, пра перадачу ня проста паўнамоцтваў, а пэўнай вагі ад яго да нейкай групы людзей. І ў гэтым сэнсе я не зусім згодны з маімі суразмоўцамі наконт такой ужо бяскрыўднасьці і чыста бізнэсовага характару праекту "Белая Русь". Мне здаецца, што гэты праект пра запас трымаецца. Зараз патлумачу, для чаго. Зразумела, такая партыя мае значэньне толькі ў такой сыстэме, дзе парлямэнт нешта вырашае, дзе правадыру патрэбная нейкая падпорка, як правільна казаў Сяргей Нікалюк, у сыстэме, дзе лідэр наўпрост зьвяртаецца да народу, такая партыя непатрэбная. І мы ведаем, як дагэтуль Аляксандар Лукашэнка выказваўся пра такую ідэю. Мы бачым, што адбываецца з гэтай "Белай Русьсю". То яе сходы адбываюцца праз дзень і паказваюцца па БТ, то зусім нічога няма і тыднямі мы нічога пра гэтую партыю ня чуем. Такім чынам і ўнутры ўлады ідзе барацьба за пэрспэктыўнасьць ці беспэрспэктыўнасьць гэтага праекту. Але ў той сыстэме , пра якую казаў Віктар, калі прэзыдэнта -- усё менш, а ўсё больш паўнамоцтваў -- актуальных ці патэнцыйных, ідзе да нейкай новай каманды, то ў такой сытуацыі "Белая Русь" можа і спатрэбіцца, як парлямэнцкая партыя, як партыя парлямэнцкай большасьці. І ў гэтай іншай сыстэме яна можа быць і надзвычай важнай. І калі ва ўладных структурах адбудзецца пераключэньне і "Белая Русь" набудзе вялікую інфармацыйную падтрымку, і не спарадычную, а сталую, гэта будзе сьведчыць, што яна стала сапраўды патрэбнай для пераменаў у сыстэме ўлады".
XS
SM
MD
LG