Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дасьледаваньні канадцаў у Беларусі: жаночае малако не ратуе ад астмы


Радыё Свабода У заходнім мэдычным сьвеце шырока абмяркоўваюцца апошнія сэнсацыйныя дасьледаваньні канадзкіх навукоўцаў у Беларусі. Паводле справаздачы вучоных, надрукаванай гэтымі днямі ў брытанскім мэдычным часопісе “British Medical Journal”, працяглае кармленьне немаўлят грудзьмі ніколькі не павышае іхнага імунітэту ў барацьбе з астмай ды рознымі відамі алергічных захворваньняў. У самой Беларусі вынікі гэтых дасьледаваньняў пакуль што невядомыя ні большасьці лекараў-практыкаў, ні тым маці, якія разам з сваімі дзецьмі бралі ўдзел у экспэрымэнце.

У дасьледаваньнях канадцаў прынялі ўдзел 17 тысяч беларускіх маці ды іхных немаўлят, якія нарадзіліся ў 30 радзільнях краіны пры канцы 1990-х. Навуковая група на чале з манрэальскім пэдыятрам і эпідэміёлягам Майклам Крэмэрам падзяліла ўдзельнікаў на дзьве групы – экспэрымэнтальную, дзе немаўляты вырасьлі на матчыным малацэ, і кантрольную, дзе былі гэтак званыя “штучныя дзеці”.

Ад 2002 да 2005 году, калі дзецям споўнілася 6,5 гадоў, у іх былі ўзятыя тэсты на астму і шэраг алергічных захворваньняў. Вынікі аказаліся нечаканымі. Імунітэт дзяцей з кантрольнай групы аказаўся больш высокім.

"Пагаршэньне здароўя нарастае ад пакаленьня да пакаленьня”

Менская лекарка-нэанатоляг з 25-гадовым стажам Натальля Чарнова працуе ў клініцы, дзе праводзіліся гэтыя досьледы. Пра іх вынікі даведваецца толькі цяпер, у часе размовы са “Свабодай”:

“Рабілася ўсё ціха, і да нас, звычайных лекараў, гэта не даводзілася. Мы нічога ня ведаем, проста ведаем, што такая праца была. Аднак вынікі дасьледаваньняў цікавыя. Я ведаю толькі з практыкі (аднак гэта не пацьверджана лябараторна), што нярэдка, калі маці пачынаюць карміць дзяцей грудзьмі, гэта пагаршае стан дзяцей”.

Менская лекарка прыводзіць выпадкі з практыкі, калі яе пацыенткі кармілі дзяцей да году і нават да году з паловай, аднак у дзіцячых садкох малыя хварэлі гэтак жа часта, як і астатнія дзеці. Нейкага звышымунітэту ў іх не было:

“У Беларусі апошнім часам стала значна болей жанчын карміць грудзьмі. Некаторыя дзяўчаты нават плачуць, калі ў іх зьнікае малако. Аднак з гледзішча таго, наколькі іх кармленьне ўплывае на здароўе дзяцей, сказаць нічога не магу. Трэба рыхтавацца да таго, каб стаць маці. А больш дзяўчат зацяжарваюць зьнянацку, ня ведаюць, у якім кепскім стане іхныя ўнутраныя органы. Пагаршэньне здароўя нарастае ад пакаленьня да пакаленьня”.

"Адмаўляцца ад кармленьня грудзьмі было б вар’яцтвам”

Ці маюць рацыю ў такім выпадку тыя жанчыны, якія адмаўляюцца ад кармленьня грудзьмі?

“Ні ў якім разе!” – перакананы кіраўнік групы канадзкіх дасьледчыкаў доктар Майкл Крэмэр:

“Мае калегі і я лічым, што гэта зусім ня тая выснова, якую трэба рабіць на падставе нашай працы. Згодна з нашымі вынікамі, навукоўцам трэба шукаць нейкіх новых тлумачэньняў нядаўняй эпідэміі алергіі і астмы. Усясьветная мэдыцына пакуль што ня ведае, чым выкліканы гэтыя складаныя алергічныя захворваньні. Але ж раіць жанчынам адмаўляцца ад кармленьня грудзьмі было б з нашага боку вар’яцтвам”.

Паводле Майкла Крэмэра, матчына малако мае шмат розных ахоўных функцыяў. Напрыклад, у барацьбе з кішэчнымі захворваньнямі. Акрамя таго, кармленьне грудзьмі вельмі важнае з псыхалягічнага гледзішча. Устаноўлена, напрыклад, што дзеці, выкармленыя грудзьмі, лепш сацыяльна адаптуюцца.

Канадзкія навукоўцы таксама адзначаюць невыпадковасьць выбару Беларусі ў якасьці месца дасьледаваньня. Цяпер у многіх заходніх краінах нельга знайсьці такой вялікай колькасьці жанчын, якія б кармілі грудзьмі. Па-другое, у Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, ніжэйшы, чым на Захадзе, узровень алергічных захворваньняў.
XS
SM
MD
LG