Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Мельнікаў: "Аўтарская песьня не павінна быць для "расслабону".


Радыё Свабода Вядомы бард у праграме "Начная Свабода" адказвае на пытаньні пра сваю веру, творчасьць і штогадовы фэстываль аўтарскай песьні на Крапівенскім полі.

(Бушлякоў: ) "Андрэй, першую сваю песьню вы напісалі ў 1982 годзе, і тая песьня мела такі іранічна-рэлігійны зьмест. Цяпер вы глыбокі вернік. Што вас прывяло да веры?"

(Мельнікаў: ) "Цуды прывялі".

(Бушлякоў: ) "А які апошні цуд здарыўся ў вашым жыцьці?"

(Мельнікаў: ) "Скажам, некалькі дзён таму я хадзіў да магілы вельмі дарагога мне чалавека, якую шмат гадоў ня мог знайсьці. Калі я ішоў на могілкі, адзінае, што было са мной, гэта малітва. Гэтая магіла зьмянілася, побач новыя пазьяўляліся, нешта зьнесьлі -- рос нейкі хмыз там, яго ўжо няма. Але тым ня менш, пры вельмі абмежаваным часе (бо мне трэба было сустракаць Алеся Пушкіна пасьля арышту) гэтая магіла знайшлася. Гэта цуд".

(Бушлякоў: ) "Андрэй, вы паводле адукацыі настаўнік беларускай мовы і літаратуры, але цяпер працуеце вартаўніком у адной зь бібліятэк Гомелю. Чаму настаўнік-беларусіст замест таго, каб працаваць у школе, працуе вартаўніком?"

(Мельнікаў: ) "Мусіць гэта маё месца на сёньняшні дзень. Яно дазваляе мець больш вольнага часу, менш стамляцца і больш адводзіць часу на творчасьць, на сустрэчы зь людзьмі. Школа, на сёньня, гэта даволі складанае месца для мяне".

"Бывае, што і некалькі гадоў нічога ня пішацца"

(Бушлякоў: ) "Вы сьпяваеце з 80-х гадоў, запісалі 12 альбомаў. Першы, пад назовам "За сьцягі, за волю", выйшаў у 1990-м, апошні -- "Здані" -- у 1997-м. Чаму ўжо 10 гадоў не выходзяць вашыя дыскі -- ці час ня бардаўскі, што перашкаджае?"

(Мельнікаў: ) "У 1997-м у мяне было шчасьце выступу з музычнай камандай -- была такая каманда "Colorado beatles". Менчукі мабыць памятаюць такі "Рыф-клуб" -- вось там 19 чэрвеня, у дзень нараджэньня Васіля Быкава, у 1997 годзе мы зладзілі канцэрт. Працаваць з камандай нашмат цікавей, чым імітаваць нейкія гукі вуснамі. Так сталася, што каманда хутка пасьля гэтага зьехала за мяжу, я патрапіў за краты. Потым былі спробы працы з гарадзенскім гуртом "Кальян", у 2000 годзе мы спрабавалі нешта запісаць. Рэпэтыцыйныя запісы засталіся, і гэта таксама вельмі прыгожа ў параўнаньні з тым, калі я сьпяваю адзін пад гітару. Хочацца проста рабіць нешта больш дасканалае".

(Бушлякоў: ) "Але вы пішаце песьні па-ранейшаму?"

(Мельнікаў: ) "Так, канечне пішу. Але яны ня тое каб стабільна пішуцца -- бывае, што некалькі песень за кароткі час, а бывае, што і некалькі гадоў нічога ня пішацца".

"Каля вогнішча гэта больш шчыра гучыць"

(Бушлякоў: ) "Што цяпер адбываецца ў бардаўскай беларускай песьні, дзе беларускі бард можа пра сябе заявіць, сябе паказаць?"

(Мельнікаў: ) "Беларускія барды ў розных месцах сябе паказваюць, і можа нават добра, што яны не асабліва сябе паказваюць па БТ ці па нейкіх іншых афіцыйных каналах. Каля вогнішча гэта больш шчыра гучыць. Бардаўская песьня ўсё ж для невялікіх аўдыторый -- там, дзе ёсьць магчымасьць бачыць вочы іншага чалавека, там, дзе ёсьць нейкае ўзаемапаразуменьне. Папса існуе для таго, каб расслабіцца, а аўтарская песьня не павінна быць для "расслабону".

(Бушлякоў: ) "Вы адзін з ініцыятараў і штогадовы ўдзельнік бардаўскага фэсту на Крапівенскім полі, прысьвечанага перамозе 8 верасьня 1514 году войскаў Вялікага Княства Літоўскага над войскам Масковіі. Сёлета міліцыя актыўна перашкаджала правесьці гэты фэст, затрымлівала ўдзельнікаў. Ці маеце вы адчуваньне, што, нягледзячы на гэта, фэст усё ж быў пасьпяховы?"

(Мельнікаў: ) "Фэст адбыўся. Калі міліцыя фізычна перашкаджала, дык у пляне рэклямы яна, можа, наадварот дапамагала, нават ў пляне нейкай крэатыўнасьці. Людзям прыйшлося прыкласьці нейкія намаганьні, каб адбылося тое, што адбылося. У Аршанскай бітве ўдзельнічалі шматтысячныя войскі з абодвух бакоў, яны не маглі зьмясьціцца на нейкім маленькім лапіку зямлі. Калі раней там сьвяткавалі ў адным месцы, дык цяпер адразу некалькі месцаў задзейнічалі. На ўсіх гэтых месцах можна ставіць нейкія крыжы, нейкія знакі, і сам фэст набывае магчыма больш цікавыя формы, чым проста сьпевы зь гітарай. Нехта называе гэта фэстывалем аўтарскай песьні, але для мяне гэта фэст Аршанскай бітвы, які можа прымаць самыя розныя формы. Там адбываюцца і паказальныя адзінаборствы, і фаер-шоў, там і рок-каманды выступалі ў 95 годзе і яшчэ будуць выступаць, спадзяюся. Самае галоўнае, што гэта сьвята".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG