Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканцы наведалі РЛС у Азэрбайджане


Юры Дракахруст, Прага Сёньня амэрыканскія ваенныя экспэрты наведалі расейскую радыёлякацыйную станцыю ў Габале, у Азэрбайджане. Расея прапаноўвае збудаваць амэрыканскі антыракетны шчыт на базе менавіта гэтай станцыі.

Кіраўнік групы з 6 экспэртаў, брыгадны генэрал Патрык О‘Рэйлі падкрэсьліў, што візыт быў неафіцыйны і што мэта экспэртаў была зразумець, што ж прапаноўваюць расейцы. На апошнім саміце «Вялікай васьмёркі» ў Нямеччыне прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін раптоўна прапанаваў скарыстаць для разгортваньня элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны РЛС у Азэрбайджане, якую Расея арэндуе да 2012 году.

Масква выступае катэгарычна супраць плянаў разгортваньня амэрыканскай антыракетнай сыстэмы ў Польшчы і Чэхіі, што прадугледжана плянамі амэрыканскага ўраду. Расея заяўляе, што гэтая сыстэма, разгорнутая ў Эўропе, пагражае расейскай бясьпецы. У сваю чаргу Вашынгтон адмаўляе гэта, паводле яго сыстэма мае намер прадухіліць асобныя пускі ракет краінамі-ізгоямі кшталту Ірану ці Паўночнай Карэі.

Спрэчкі наконт амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ўскладняюць і бяз гэтага няпростыя адносіны паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі. Нядаўна Расея прыпыніла выкананьне дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе – нарожным камяні бясьпекі на кантынэнце.

Таму Злучаныя Штаты не адкінулі наагул расейскую прапанову, сьведчаньне чаму – сёньняшні візыт амэрыканскіх экспэртаў на Габалу. Аднак стратэгічныя пляны Вашынгтону не мяняюцца – як заявіла дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс, ЗША працягнуць стварэньне супрацьракетнай сыстэмы ў Польшчы і Чэхіі. Акрамя таго, некаторыя экспэрты выказваюць сумневы, што расейская тэхналёгія, якая ўжываецца на Габалінскай РЛС, сумяшчальная з амэрыканскай. Аднак нават у найлепшым выпадку гэты аб’ект можа быць толькі дадаткам да сыстэмы ў Польшчы і Чэхіі, а не яе заменай.

У даволі далікатнай сытуацыі ў межах гэтай прапановы Пуціна апынуўся Азэрбайджан, які вымушаны балянсаваць паміж інтарэсамі Злучаных Штатаў, Расеі і суседняга Ірану. Гаворыць прадстаўнік МЗС Азэрбайджану Хазар Ібрагім.

“Мы сёньня маем стратэгічнае партнэрства са Злучанымі Штатамі. У нас таксама добрыя, прыязныя адносіны і з Расеяй, і зь Іранам і таму мы ня хочам ніякіх канфліктаў паміж гэтымі дзяржавамі. І наагул мы хочам, каб наш рэгіён быў стабільным і бясьпечным, бо на жаль, на працягу доўгага часу ён быў ахоплены канфліктамі”.

Габалінская РЛС была збудаваная ў 1984 годзе, яе радар мае дыяпазон 6000 кіламэтраў, ён здольны фіксаваць ракетныя пускі з краінаў Азіі і Афрыкі. Яго абслугоўваюць 900 вайскоўцаў з касьмічных войскаў Расеі.
XS
SM
MD
LG