Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Побач зь Беларусьсю пабудуюць ядзерны магільнік


Іна Студзінская, Менск У панядзелак ва Ўкраіне падпісалі два кантракты дзеля пераўтварэньня Чарнобыльскай АЭС у экалягічна бясьпечны аб’ект. Адзін кантракт склалі з францускім кансорцыюмам “Novarka” наконт будаўніцтва новага аб’екту пакрыцьця для чацьвертага блёку станцыі. Другі кантракт падпісалі Чарнобыльская АЭС і амэрыканская кампанія “Holtec” наконт будаўніцтва сховішча для адпрацаванага ядзернага паліва.

Паводле інфармацыі намесьніка кіраўніка сакратарыяту прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандра Чалага, новае пакрыцьцё чацьвертага блёку ЧАЭС гарантуе бясьпеку станцыі прынамсі на сто гадоў.

Эколягаў, грамадзкасьць больш непакоіць другі праект — сховішча для адкідаў. Спадар Чалы заявіў, што сховішча будзе выкарыстоўвацца выключна для абслугоўваньня ЧАЭС, і адкіды зь іншых краінаў прывозіць ня будуць. Але ўсё адно гэта ядзерны магільнік, прычым побач зь беларускай мяжой.

Начальнік Дэпартамэнту гідрамэтэаралёгіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Марыя Гермянчук патлумачыла, што ёсьць міжнародная працэдура. Краіна, якая будуе пры мяжы зь іншай дзяржавай небясьпечны аб’ект, павінна падаваць усе праекты і матэрыялы суседняй дзяржаве (у адпаведнасьці з канвэнцыямі “Аб раньнім паведамленьні пра ядзерную пагрозу” і “Аб транспамежным узьдзеяньні”).

Марыя Гермянчук распавяла:

“Мы ня можам уплываць на тое, што робіцца ў суседняй дзяржаве, але суседняя дзяржава павінна праводзіць з намі кансультацыі адносна сваёй дзейнасьці.

Мы можам прааналізаваць тыя матэрыялы, якія называюцца “Ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе”. Калі мы іх прааналізуем і будзем бачыць, якія ёсьць рызыкі для нашай краіны, мы можам абмяркоўваць з суседняй дзяржавай захады, якія гэтыя рызыкі зьвялі б да мінімуму”.

Старшыня Дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Уладзімер Чэрнікаў сказаў, што, паколькі беларускага фінансаваньня там няма, украінскі бок мае права заключаць кантракты з кім палічыць патрэбным.

Што да будаўніцтва сховішча, то яно фактычна там і было, кажа Ўладзімер Чэрнікаў:

“Сховішча там і было. Са станцыі туды ўсе адкіды звозіліся”.

А вось эколягі, грамадзкасьць выказваюць занепакоенасьць.

Кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Беларускі сацыяльна-экалягічны саюз “Чарнобыль” Васіль Якавенка кажа:

“Гэта цэнтар Эўропы, да таго ж густанаселены. І галоўнае пытаньне — наколькі надзейна гэта будзе ў нетрах захоўвацца, і колькі гэтага “дабра” будзе завезена. Можа, абавязкова трэба, каб дзяржава наша зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанкі, каб растлумачылі, раскрылі гэтыя праекты.

Гэтыя праекты не павінны быць засакрэчаныя, як засакрэчвалася ўсё ў савецкай дзяржаве. Думаю, намаганьняў грамадзкасьці тут малавата, але і грамадзкія арганізацыі будуць зьвяртацца”.

Эколягі сьцьвярджаюць, што ні адна краіна ў сьвеце не захоўвае ядзерных адкідаў у сябе пад бокам. Францыя вывозіць іх на выспы ў акіяне, Нарвэгія — у геалягічныя гранітныя сховішчы, ЗША — у пустэльню Нэваду.

Беларускі бок неаднаразова пратэставаў супраць плянаў пабудаваць магільнік ядзерных адкідаў у Літве недалёка ад мяжы зь Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG