Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Казуліна змагаецца з ракавай хваробай і дапамагае іншым


Алег Грузьдзіловіч, Менск Днямі ў Менску прайшла міжнародная канфэрэнцыя ў праблемах падтрымкі жанчын, якія захварэлі на рак малочнай залозы. Сярод арганізатараў канфэрэнцыі была Ірына Казуліна, жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты, якая ведае пра гэтую праблему з уласнага досьведу.

Статыстыка сьведчыць, што захварэлых на рак малочнай залозы ў Беларусі штогоду большае прыкладна на тры тысячы жанчын. Гэтую сумную лічбу паведаміла Ірына Казуліна, жонка вядомага апазыцыянэра, былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.

Але зусім не з палітычных прычынаў далучылася Ірына да грамадзкай кампаніі падтрымкі захварэлых на рак жанчын. Вось ужо некалькі гадоў гэтая праблема тычыцца яе асабіста. Ірына добра ведае пра хіміятэрапію, можа параўноўваць мэтады лячэньня ад раку ў розных краінах.

Яна заўважае, што ня менш важная псыхалягічная дапамога хворым жанчынам:

“Гэтым дзяржава не займаецца. Яна займаецца толькі лячэньнем. А як толькі жанчыну з такім дыягназам выпісваюць са шпіталю, яна застаецца адна са сваімі праблемамі, турботамі, дачыненьнямі ў сям’і, на працы. У такі момант ёй вельмі цяжка, бо трэба наладзіць нейкія новыя стасункі. Як з сабой, гэтак і з усім вакол сябе”.

Ірына Казуліна згадвае, што спачатку змагалася з хваробай сама, а потым пачала шукаць людзей з падобным лёсам. Яна далучылася да міжнароднай арганізацыі “Ў промнях надзеі”.

У мінулыя выходныя Ірына Казуліна удзельнічала ў міжнароднай канфэрэнцыі, якая прайшла ў Менску, а фінансавалася фундатарамі з амэрыканскага гораду Сыэтлу. Жанчыны, якія прыехалі ў Менск амаль зь дзесяці краінаў сьвету, дзяліліся досьведам у арганізацыі маральнай дапамогі хворым.

Ірына жартуе: яе мясцовы досьвед нават у гэтай справе мае палітычную афарбоўку:

“За дзень да пачатку канфэрэнцыі нам тэлефануюць — ня буду казаць, адкуль — і кажуць, што адмаўляюць нам у залі. Можаце ўявіць? Але добра, што ўсё вырашылася. Канфэрэнцыю, сярод іншых, наведала амбасадар ЗША ў Беларусі спадарыня Карэн Ст’юарт.

Што мы правялі гэтую канфэрэнцыю — вельмі важна, бо і ў нас праблема псыхалягічнай дапамогі хворым жанчынам не павінна замоўчвацца. Як і ў іншых краінах, мы таксама мусім пра ўсё інфармаваць жанчын, каб захаваць іх здароўе”.

Раніцай 25 сакавіка 2006 году, калі арыштавалі Аляксандра Казуліна, Ірына наведала шпіталь у Бараўлянах, дзе прайшла абсьледаваньне на тамографе. Не дачакаўшыся вынікаў, жанчына зьехала са шпіталю, каб разам з мужам ісьці на мітынг, прысьвечаны Дню Волі.

Празь некалькі гадзінаў Аляксандра Казуліна арыштавалі, на волі мужа Ірына больш ня бачыла.

З таго часу яна стаіць у пікетах у ягоную падтрымку, піша лісты палітыкам, кантактуе з журналістамі. Што дае сілы і змагацца з хваробай, і займацца палітычнай барацьбой, і клапаціцца пра незнаёмых хворых жанчын?

“Гэта ў мяне такі ўнутраны покліч. У мяне вялікі досьвед барацьбы, і мне хочацца гэта перадаць людзям, бо ім гэта таксама спатрэбіцца, я перакананая. А па-другое, я раблю гэта таксама і для сябе.

А ці дапамагае мне мая грамадзкая актыўнасьць у змаганьні з хваробай? Адказ будзе пазьней. Можа, калі-небудзь пра гэта пашкадую, а можа, скажу ўголас, што я малайчына, бо гэтак дзейнічала. Але гэта пакажа час. Пакуль мая сіла ў тым, што я дзейнічаю гэтак, як лічу патрэбным цяпер”.

Ірына Казуліна нарадзілася 19 кастрычніка 1959 году. Яна скончыла мэханіка-матэматычны факультэт БДУ, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Аляксандрам Казуліным. Працавала праграмістам у навукова-вытворчым аб’яднаньні “Планар”, потым – ў Рэспубліканскім цэнтры праблем чалавека БДУ. Цяпер займаецца грамадзкай дзейнасьцю. У Ірыны і Аляксандра Казуліных двое дзяцей – дочкі Вольга і Юлія, а таксама ўнук Улад.

• А.Казуліна папярэдзілі пра лісты, якіх нельга пісаць на волю, 30.08.07 • Што адкажа Валянцін Сукала на прысуд Аляксандру Казуліну, 21.05.07 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна, 10.07.2006 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна, 5.02.2007 • Ірына Казуліна: “Я веру ў свайго мужа”, 23.10.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG