Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мой дзед Сьцяпан, як і ўсе сяляне, радасна сустракаў савецкіх воінаў. І камандзіру чырвонаармейцаў ён паднёс падарунак: бохан хлеба і тоўсты кавалак сала”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 18 верасьня, аўторак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Міхаіл Пятровіч, пэнсіянэр: “Сёньня 17 верасьня. Успамінаецца 1939 год. Тады з Усходу ў Заходнюю Беларусь прыйшлі “саветы,” і мой дзед Сьцяпан у вёсцы Наліўкі Івацэвіцкага раёну, як і ўсе, сяляне радасна сустракаў савецкіх воінаў. І ён камандзіру чырвонаармейцаў паднёс падарунак: бохан хлеба і тоўсты кавалак сала.

Той, напэўна, ніколі ня бачыў такога тоўстага сала, падумаў, што гэта мыла, што хочуць яго атруціць і закрычаў на дзеда, каб яго арыштавалі. І толькі сяляне дапамаглі майму дзеду выкараскацца з гэтай бяды. Вось такі выпадак адбыўся”.

Спадар: “У гэтым месяцы пэнсіянэры ўжо атрымліваюць так званую павышаную пэнсію. Але, як у былыя гады, яны ўжо не выказваюць такога захапленьня прэзыдэнтам, не выказваюць яму ўдзячнасьць, як раней было. Наадварот, гэта мізэрнае павышэньне ўспрымаецца як нейкі зьдзек, кпін зь яго боку, таму што яны ўсе гады падтрымлівалі кіраўніка краіны. А цяпер, нягледзячы на тое, што чуюць з тэлевізара і радыё пра квітненьне нашай эканомікі, пэнсію ім падвысілі ўсяго толькі на 7 %.

Мне падаецца, гэта яшчэ раз пацьвярджае тое, што справы ў нас ідуць ня так ужо добра, як кажуць па тэлебачаньні штодзень. Гэта разумеюць нават пэнсіянэры, якія раней ставілі партрэт прэзыдэнта побач зь абразамі ў сваіх пакоях, ці нават лічылі яго амаль богам”.

Валодзька, не-гаспадар з-пад Менску: “Я хачу павіншаваць зь Днём народзінаў спадара Клімава. І скажу наступнае: Весь мир до основаньня мы разрушим, А потом мы наш, мы новый мир построим”.

Сталы слухач: “На жаль, у нашай рэспубліцы назіраецца рэзкі заняпад бытавой культуры і нораваў. Пагалоўнае п’янства, хамства, грубасьць. Канечне, значная віна ў гэтым нашых бяздарных будаўнікоў разьвітага сацыялізму, камунізму, якія прымусілі наш народ перажыць і некалькі рэвалюцый, грамадзянскіх войнаў, і сталінскія рэпрэсіі. Усё гэта было перажыта. І лепшыя людзі былі рэпрэсаваныя, зьнішчаныя ці зьбеглі, загінулі… Вось пра што трэба было б падумаць кіраўнікам нашай рэспублікі.

Але на жаль, усё працягваецца. Да ўлады прыходзяць грубыя, нахабныя, цёмныя, некультурныя, неінтэлігентныя людзі, як самі яны заяўляюць. Таму для іх норма – тое, што адбываецца ў рэспубліцы. Турмы перапоўненыя. Як Лукашэнка кажа: “У турму, і кайданкі адзену”. Ён лічыць, што гэтым ён паправіць сытуацыю. Ён, як быў неінтэлігентным, як ён сам казаў, гэта значыць, некультурным, непісьменным, так і застаўся. І памочнікаў такіх сабе абірае. Вось дзе бяда, пра што трэба падумаць”.

Спадарыня: “Як ліс, упарта і настойліва, Лукашэнка шукае спосаб, каб прычапіцца да Эўразьвязу. Грузія пакуль яшчэ не ў Эўразьвязе. І ў гэтым пытаньні наўрад ці Лукашэнку дапаможа. Якімі б масьленымі вочкамі ён не глядзеў на Грузію, думаю, супраць ЭЗ Грузія ня пойдзе. І ня трэба Лукашэнку поўзаць перад ёю. Цікава, па чыёй ініцыятыве адбылася гэта сустрэча? Калі запрасіў Лукашэнка, то, безумоўна, будзе выдыгаць, на каленях поўзаць перад Грузіяй. Грузінскі ж бок будзе знаходзіць у гэтай сустрэчы адно асабістую зацікаўленасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG