Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатырох “польскіх шпіёнаў” пасадзілі. Што будзе зь пятым?


Алесь Дашчынскі, Менск У Маскоўскім акруговым вайсковым судзе пачаўся працэс над расейскім вайскоўцам Сяргеем Юрэнем. Яго вінавацяць у шпіянажы. Сяргей Юрэня праходзіў сьведкам у справе чатырох “польскіх шпіёнаў” зь Беларусі. Працэс закрыты.

Паводле сьледзтва, Сяргей Юрэня разам з чатырма афіцэрамі беларускага войска перадаваў замежнай выведцы зьвесткі пра стратэгічныя аб’екты аб’яднанай сыстэмы проціпаветранай абароны Беларусі й Расеі.

Прэсавы сакратар Маскоўскага акруговага вайсковага суду Аляксандар Мінчаноўскі сказаў:

“Сяргей Юрэня — вайсковец аднаго з вайсковых злучэньняў Маскоўскай вайсковай акругі, маёр. Артыкул у яго 275-ты, дзяржаўная здрада ў форме шпіянажу. Супрацоўніцтва на карысьць адной з усходнеэўрапейскіх краінаў. Ну, магу сказаць, што гэта Польшча”.

Шпіёну пагражае пазбаўленьне волі ад 12 да 20 гадоў.

Ніякіх падрабязнасьцяў пра справу прадстаўнік Маскоўскага вайсковага суду не паведаміў. Маўляў, суд яшчэ нічога ня вызначыў. Аднак, паводле артыкулу, шпіёну пагражае пазбаўленьне волі ад 12 да 20 гадоў.

Аляксандар Мінчаноўскі патлумачыў:

“Але бываюць такія выпадкі, калі суд знаходзіць магчымасьць прызначыць пакараньне меншае за ніжэйшую мяжу — гэта значыць, менш за 12 гадоў”.

Сяргей Юрэня прыйшоў з пакаяньнем у расейскую Фэдэральную службу бясьпекі й апавёў пра сваё супрацоўніцтва з польскай выведкай. Гэта можа зьмякчыць прысуд.

Сяргей Юрэня праходзіў сьведкам у справе чатырох “польскіх шпіёнаў” зь Беларусі. Яны ўжо асуджаныя Вайсковай калегіяй Вярхоўнага Суду Беларусі.

"Пакуль гэтых сьведак, я маю на ўвазе беларусаў, у нас не дапытвалі”.

Афіцэраў Уладзімера Рускіна, Віктара Богдана, Паўла Пяткевіча і Сяргея Карнілюка суд пакараў пазбаўленьнем волі. Пяткевічу і Карнілюку далі 7 гадоў кожнаму, Богдану — 9, а Рускіну — 10 гадоў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Як паведамілі ў беларускім дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, пакуль дакумэнты на асуджаных зь Вярхоўнага Суду не паступілі.

Ці будуць беларускія “польскія шпіёны” праходзіць сьведкамі ў справе іх расейскага калегі?

Аляксандар Мінчаноўскі сказаў:

“Калі суд пастановіць іх выклікаць, іх выклічуць. Пакуль гэтых сьведак, я маю на ўвазе беларусаў, у нас не дапытвалі”.

Адвакат шпіёна-расейца Аляксандар Юдзін сказаў:

“Усё. Я ніякіх камэнтароў, ні на якія пытаньні, прабачце, адказваць ня маю права”.

Паводле расейскіх мэдыяў, Сяргей Юрэня прызнаўся, што актыўна супрацоўнічаў зь беларускімі афіцэрамі ў 2005—2006 гадах, але быў расчараваны матэрыяльным узнагароджаньнем за шпіянаж. Таму ён і вырашыў здацца. Сяргей Юрэня цалкам прызнаў сваю віну і пакаяўся.

Арганізатарам шпіянажу прызналі беларускага вайскоўца Рускіна. Некалькі гадоў таму яго затрымалі на беларуска-польскай мяжы з кантрабандным сьпіртам. Супрацоўнікі польскай выведкі нібыта прапанавалі афіцэру супрацоўніцтва.

Для дастаўкі сакрэтных матэрыялаў зрабілі сховішча ўнутры аўтамабільнага вогнетушыльніка. На рашэньне суду гэты вогнетушыльнік сканфіскавалі на карысьць дзяржавы.

Рускіна і Богдана затрымалі 5 студзеня, а Пяткевіча і Карнілюка — 31 студзеня. Нагадаем, што КДБ паведаміла пра затрыманьне “польскіх шпіёнаў” толькі ў ліпені, незадоўга да адстаўкі старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. і



• “Польскіх шпіёнаў” пакаралі. Адвакаты адмовіліся ад камэнтароў, 14.09.2007 • “Польскіх шпіёнаў” судзяць за зачыненымі дзьвярыма, 04.09.2007
XS
SM
MD
LG