Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: моладзевы актывіст Андрэй Цянюта арыштаваны на 10 сутак


Радыё Свабода Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомелю Марына Дамненка арыштавала моладзевага актывіста Андрэя Цянюту на 10 сутак за дробнае хуліганства.

Міліцыянты вывелі хлопца ў кайданках з будынку суду, каб завезьці ў ізалятар часовага ўтрыманьня — там моладзевы актывіст да разгляду справы правёў амаль трое сутак.

Сьведкамі ў судзе выступалі прарэктары ўнівэрсытэту імя Скарыны Сяргей Ханеня й Юры Кулажанка.

Першы зь іх не хаваў, што завёў Андрэя Цянюту ва ўнівэрсытэт, каб высьветліць, ці зьяўляецца той студэнтам.

Паводле Ханені, хлопец прыцягнуў увагу, бо прыклейваў на слупе ля галоўнага корпусу ўлётку ў падтрымку Зьмітра Жалезьнічэнкі, якога нядаўна выключылі з унівэрсытэту за грамадзкую актыўнасьць.

“Калі спачатку Цянюта параўноўваў мяне з бандытам, то гэта можна было назваць лягічным. У мяне не было з сабой пасьведчаньня, і ён ня ведаў, хто я. Але калі Юры Іванавіч Кулажанка пацьвердзіў, што я прарэктар, то працягваць называць мяне бандытам — гэта ўжо абраза і хуліганства”, — тлумачыў суду прарэктар Ханеня.

Першы прарэктар Юры Кулажанка палічыў хіліганствам тое, што Андрэй Цянюта адпіхнуў яго рукой, спрабуючы выскачыць з кабінэту, дзе яго трымалі. “У мяне ўсё-такі службовае становішча, сям’я”, — сказаў першы прарэктар.

І хоць, як высьветліся ў судзе, апрача словаў “бандыты”, моладзевы актывіст ненарматыўнай лексыкі ня ўжываў, судзьдзя Дамненка прызнала Андрэя Цянюту вінаватым у дробным хуліганстве.

Адвакат моладзевага актывіста Пятро Барысаў лічыць, што найбольшае, у чым можна было вінаваціць хлопца, — абраза прарэктараў, але ніяк ня дробнае хуліганства.

Кіраўнікі ўнівэрсытэту наагул ня мелі права затрымліваць Андрэя Цянюту, гэта выглядае сваволяй, лічыць адвакат.

• Гомель: ці перакваліфікуюцца прарэктары ў міліцыянтаў?, 17.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG