Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыву расейскай нафце Беларусь пашукае на мінных палях Ірана


Ігар Карней Экспартная мыта на нафту ў Расеі ад 1 кастрычніка падвысіцца да беспрэцэдэнтных 250 даляраў за кожную тону. У расейскім Кабінэце міністраў карэктывы тлумачыць ростам усясьветных коштаў на нафту. Цяпер памер мыты складае 223 даляры за тону. Аднак для Беларусі зроблена выключэньне. У адпаведнасьці з беларуска-расейскімі дамоўленасьцямі, пошліна на імпартаваную з Расеі нафту разьлічваецца па адмысловай формуле і з 1 кастрычніка яна складзе для Беларусі 73 даляры за тону. Ці выратавальная для беларускай эканомікі такая палёгка?

Як патлумачылі ў дзяржаўным канцэрне “Белнафтахім”, мыта пераглядаецца ўрадам Расеі раз на два месяцы на падставе маніторынгу кошту расейскай нафты на ўсясьветных рынках. Таму, як кажа намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім” Уладзімер Волкаў, ніякай нечаканасьці ў такім падвышэньні для беларускага боку няма:

“Гэта плянаванае падвышэньне коштаў, мы пра яго ведаем. Разьлічваецца яно ў адпаведнасьці з формулай, мэханізм якой нам вядомы. Урад Расейскай Фэдэрацыі проста “апранае” гэта ў адпаведную пастанову. Таму ў дадзеным выпадку гэта чыста тэхнічная пастанова. Справа ў тым, што паміж урадамі Беларусі і Расеі падпісана пагадненьне, у адпаведнасьці зь якім мытная пошліна пры паступленьні нафты да нас складае 23,3% ад расейскай”.

Беларуская нафта пакуль замінаваная

“Прадказальнасьць” расейскага боку “Белнафтахім” асабліва ня цешыць. Распрацоўваюцца праекты на альтэрнатыву ў залежнасьці ад сыравінных паставак з Расеі. Аднак падпісаная напачатку верасьня дамова пра ўмовы распрацоўкі радовішча “Джафэйр” паміж іранскай Кампаніяй у распрацоўцы нафтавых месцанараджэньняў і прадпрыемствам “Беларуснафта” наткнулася на форс-мажор. Вызначаны пад здабычу раён замінаваны яшчэ ад ірана-іракскай вайны.

З улікам абставінаў не стаіць пытаньне нават пра пачатак сёлета праектных працаў. Няма пэўнасьці і адносна магчымасьці здабываць вэнэсуэльскую нафту, хоць чуліся абяцаньні пачаць пампаваць нафту для Беларусі ўжо ў сьнежні. У такой сытуацыі, як кажа адзін з кіраўнікоў канцэрну “Белнафтахім” Уладзімер Волкаў, Беларусь па-ранейшаму залежыць ад Расеі:

“Пачынаецца перамоўны працэс. Мы чакаем балянс нафтавай сыравіны на ўзроўні 21,5-22 мільёны тонаў. Папярэдне з расейскім бокам аб’ёмы вызначаныя да 2020-га і ў наступным годзе мы спадзяемся мець згаданыя паступленьні нафты. Што тычыцца кошту. Нават калі пачытаць аналітыку, то 50% экспэртаў лічаць: цана будзе расьці.

Другая палова перакананая: падставаў да росту няма і кошты будуць падаць. Таму адназначнага прагнозу на сёньня не існуе. Кошт на нафту рос практычна ад пачатку года і толькі ў апошні месяц намецілася тэндэнцыя да зьніжэньня. Але цяпер мы перайшлі на цэнаўтварэньне па формуле, якое ўлічвае ваганьне цэнаў на ўсясьветных рынках; рэалізацыя нафтапрадуктаў гэтаксама ажыцьцяўляецца пераважна па формуле. І гэта робіць бізнэс больш-менш прадказальным”.

Розныя погляды на стабілізацыйны крэдыт

Стык 2006-2007 гадоў стаў для нафтаперапрацоўчай галіны Беларусі па-сапраўднаму трагічным. Звышпрыбыткі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў на эўрапейскім рынку былі спыненыя новай эканамічнай палітыкай Расеі, якая пасьля дзесяцігодзьдзя маўчаньня нарэшце запатрабавала дзяліцца.

Цяпер, як кажа эканаміст Тацяна Манёнак, у бюджэце закладаюцца артыкулы на субсыдаваньне галіны, а “Белнафтахім” мусіць раз-пораз ісьці на непапулярны меры і падвышаць кошты на паліва. Ад канца мінулага году цэны на АЗС падскоквалі ўжо пяць разоў:

“Сёлета прынцыпова зьмянілася сытуацыя: калі раней нафтаперапрацоўчыя заводы прадавалі нафтапрадукты на зьнешні рынак, мелі вялікі прыбытак і такім чынам пакрывалі страты на рынку ўнутраным, то цяпер сытуацыя зусім іншая. Страты яны нясуць і на зьнешнім рынку, і на ўнутраным. І гэтыя субсыдія таксама прынцыпова не зьмяняюць сытуацыі для, напрыклад, Мазырскага НПЗ.

Ад транспартаваньне на вялікую адлегласьць ён страчвае значна больш, чым “Нафтан”, у якога фінансавая сытуацыя крыху лепшая. Але тое, што “Белнафтахім” урэшце ідзе на падвышэньне, нягледзячы на загад уладаў трымаць цэны на нафтапрадукты максымальна стабільнымі сьведчыць на тое, што ён ня можа адрэгуляваць існуючую сытуацыю”.

Беларусі ўсё больш складана знаходзіць грошы на аплату выдаткаў, зьвязаных з падаражаньнем энэргарэсурсаў. Спадзяваньні на расейскі стабілізацыйны крэдыт у памеры 1,5 мільярда даляраў пакуль больш эфэмэрныя. Асабліва пасьля таго, як днямі падчас наведваньня Інданэзіі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін паабяцаў выдаткаваць гэтай краіне 1 мільярд даляраў.

У Міністэрстве фінансаў Расеі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю з магчымасьцю крэдытаваньня Беларусі. Аднак расейскія СМІ са спасылкай на ўрадавыя крыніцы пішуць: у кастрычніку мяркуецца падрыхтаваць папраўкі ў бюджэт гэтага года для выдзяленьня крэдыту Беларусі. Адпаведны дакумэнт будзе пакладзены на стол нядаўна абранаму прэм’ер-міністрам Віктару Зубкову.

Але пазыцыі бакоў у гэтым пытаньні істотна розьняцца. Расея ў выпадку станоўчага рашэньня згодная толькі на камэрцыйны крэдыт пад 8,5% гадавых. Аляксандар Лукашэнка неаднойчы назваў такія ўмовы непрымальнымі і агучваў свае -- 1,5 мільярда даляраў на 15 гадоў з пагашэньнем праз 5 гадоў.

• Ці дасьць Расея крэдыт афіцыйнаму Менску?, 17.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG